Пракуратура ня будзе пачынаць крымінальную справу супраць лідара «Ляпісаў» Сяргея Міхалка з-за адсутнасці ў яго словах крымінальнага ўчынку.Пра гэта гаворыцца ў лісце з пракуратуры Мінска, які атрымала адвакат музыканта.
“Напісана, што паводле вынікаў гэтай праверкі, прынятае працэсуальнае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з-за адсутнасці грамадска небяспечнага ўчынку, прадугледжанага крымінальным законам, – зачытвае ліст з пракуратуры прэс-сакратар “Ляпісаў” Аляксандр Бергер. – Тут напісана чысло 22.12.2011 года, але мы атрымалі яго толькі праз месяц”.
Праўда, пакуль Сяргей Міхалок у Беларусь не ездзіў, а калі нават збярэцца, то афішаваць гэтага не будзе, дадае Бергер.
Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Сяргею Міхалку прыйшла павестка ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска. Але ў гэты час ён знаходзіўся ў замежным туры і на сустрэчу не прыйшоў. Пазней, следчы патлумачыў Еўрарадыё, што крымінальная справа не заводзілася, а пракуратура праводзіць праверку па факце выказванняў музыканта ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён жорстка крытыкаваў кіраўніка Беларусі.
Паводле euroradio