Беларускі студэнт выпускнога курса аднаго з найбольш прэстыжных універсітэтаў свету — пра паступленне, вучобу, тэхналогіі, супрацоўніцтва з выкладчыкамі, «складанасці перакладу», кошты, спецыфіку ды патрабаванні Гарварду.
Яўген Барысевіч — пра свой шлях ад сярэдняй школы баранавіцкага раёну і лінгвістычнага ўніверу да сваёй цяперашняй «альма матэр».
— Распавядзі, калі ласка, спачатку коратка пра тое, дзе вучыўся ў Беларусі.
— Колькі сябе памятаю, мне заўсёды падабалася сустракаць ды пераадольваць выклікі, што паўставалі на маім жыццёвым шляху. Напрыканцы вучобы ў сярэдняй школе у 2000 годзе я вырашыў паспрабаваць паступіць у адзін з лепшых універсітэтаў Беларусі — Менскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт. І я магу назваць сапраўды захапляльнымі тыя чатыры гады, што я вывучаў нюансы ангельскай мовы і літаратуры, нямецкую мову ды шмат чаго іншага.
— Закранем перыяд паступлення ў Гарвард. Што патрабавалі? TOEFL, якія-небудзь іншыя тэсты?
— Скажу адразу, што сістэма ў маім універсітэце даволі спецыфічная. Думаю, такая сустракаецца не шмат дзе яшчэ.
Першае, што мне трэба было ўзяць — гэта тры «выпрабавальныя» класы. Адзін з іх абавязковы — «тлумачальнае пісанне», альбо EXPО. Гэты курс дае шыкоўную магчымасць праверыць ды развіць свае навыкі пісьма. Але яшчэ для таго, каб дабрацца да гэтай класы, трэба было здаць онлайн-тэст па крытычных навыках чытання ды паказаць адпаведныя якасці пісьма на ангельскай мове.
І для таго, каб прэтэндаваць на магчымасць навучацца на праграме далей, сярэдні бал (GPA) да канца «выпрабавальнага» семестру павінен быць B (3,0) або вышэй. Як правіла, для тых, хто праходзіць выпрабавальны курс «экспа» з’яўляецца найбольш складаным з трох.
Далей, калі вы ўжо атрымалі сваю адукацыю па-за межамі ЗША ці ў краіне, дзе ангельская мова не з’яўляецца асноўнай мовай навучання, трэба набраць ня меней за 100 (сто) балаў на тэсце інтэрнэт-TOEFL. Таксама трэба зрабіць перавод усіх адзнак беларускіх на амерыканскую сістэму — гэтак званы транскрыпт. Гэтым займаюцца спецыялізаваныя агенцтвы, якія размешчаны ў розных частках Амерыкі. Яны пераводзяць беларускія веды, курсы ды гадзіны ў прынятыя ў заходняй сістэме навучання гэтак званыя «крэдыты».
— Наколькі былі залічаны твае 4 курсы лінгвістычнага ўніверу? Колькі з патрэбных 128 крэдытаў (неабходная колькасць ў амерыканскіх унівэрах для атрымання статусу бакаляўра) былі залічаныя з тваіх беларускіх прадметаў?
— На здзіўленьне, у маім выпадку залічылі 56 ‘крэдытаў’, нягледзячы на тое, што ў мяне ў Беларусі ў МДЛУ была зусім іншая спецыялізацыя. Я быў даволі здзіўлены таму, што ў першую чаргу залічваюцца розныя ‘матэматыкі, фізыкі, праграмаванне’ (якіх у мяне зусім не было), а не гуманітарныя прадметы кшталту літаратуры, мовазнаўства і г.д., якіх было досыць. У дадатак да беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, былі залічаныя псіхалогія, філасофія, паліталогія і нават педагогіка.
— Наколькі цяжка было пачаць вучыцца на ангельскай мове з тваёй спецыялізацыяй «Выкладчык ангельскай і нямецкай моў»?
— Для мяне не было нейкіх асаблівых, ці больш правільна будзе сказаць, нечаканых «цяжкасцяў перакладу». У Беларусі для студэнтаў МДЛУ рэгулярная праца з велізарнымі аб’ёмамі літаратуры — справа даволі звыклая, таму сур’ёзныя памеры матэрыялу, які трэба было засвоіць, не дадавалі мне нейкага дыскамфорту. Можна сказаць, што я быў гатовы да падобнай працы.
Адзінае, былі цяжкасці з узгадваннем матэматыкі, формул ды гэтых амаль са школы цалкам забытых навыкаў. Асвяжыць-палепшыць мае праржавелыя «лічыльныя» веды ў сувязі з маім беларускім гуманітарным выбарам спецыялізацыі — мовамі — было найбольш цяжка. Да таго ў мяне апошнія ўрокі матэматыкі былі ажно ў сярэдняй школе.
— Што было найбольш складаным у першыя месяцы навучання?
— Быць гатовым і пажадана хуценька прызвычаіцца да самага цяжкага, як здаецца на той момант, — «велізарных» хатніх заданняў. Але з часам, калі ўжо эфектыўна плануеш свой час і дасканала разумееш, чаго ж чакаюць ад студэнта, аб’ёмы не здаюцца ўжо такімі велізарнымі. Шчыра кажучы, часам мне было сорамна за тое, што я нават ня быў здольны выкарыстаць усе крыніцы інфармацыі для навучання, якія даваліся прафесарамі і ахоплівалі сапраўды вялізны аб’ём ведаў.
— Як праходзіць навучанне? Наколькі адрозніваюцца патрабаванні да студэнтаў?
— Звычайныя восеньскія і вясновыя семестры доўжацца 13–14 тыдняў. Восеньскі, як правіла, пачынаецца ў канцы жніўня і заканчваецца іспытамі да 14 снежня.
Што цікава, большасць класаў, якія я да гэтага часу браў, праходзілі ў фармаце «лекцыяў». Аднак амерыканская лекцыя — гэта зусім іншы працэс, калі параўноўваць з беларускімі навучальнымі рэаліямі. У ЗША вы ўжо павінны быць падрыхтаваным да лекцыі: прафесар ужо чакае, што студэнты прачыталі неабходны матэрыял да таго, як ён пачне тлумачыць дадатковыя нюансы ці новую тэму.
Акрамя таго, ёсць хатнія заданні, якія павінны быць зробленыя і здадзеныя да лекцыі альбо адразу пасля яе. І так — штотыдзень. Для прыкладу, ваш прафесар правёў лекцыю, скажам, у аўторак, тады ў сераду вам давядзецца ісці на семінар, які праводзяць вучэбныя асістэнты па гэтаму матэрыялу ды інфармацыі, што была прадстаўлена раней. Так, семінары адбываюцца на працягу ўсяго вучэбнага семестру.
Вучэбныя асістэнты (ТА) — гэта яшчэ адна адметная асаблівасць навучання тут. У залежнасці ад памераў класы, колькасцяў груп, хатняй нагрузкі, прафесар можа мець да пяці вучэбных асістэнтаў. Яны галоўным чынам даюць інфармацыю па новых падзелах, ацэньваюць працу студэнтаў, хатнія і іншыя заданні, праводзяць іспыты.
Такім чынам, вяртаючыся да пытання, што ж чакаюць ад студэнта. Па-першае, быць гатовым да занятку (г.зн. матэрыял павінен быць прачытаны і асэнсаваны) ды выконваць усе хатнія заданні, тэсты. Па-другое, неабходна ўдзельнічаць у онлайн-дыскусіях ды форумах на вэб-старонцы вывучаемага прадмету. Ну, і трэцяе, — трэба быць падрыхтаваным да выніковага экзамену. Хатнія заданні і праца на працягу семестру звычайна складаюць 30–40% ад выніковай адзнакі.
— Наколькі выкарыстоўваюцца пад час навучання новыя тэхналогіі, online-лекцыі? Ці ёсць online-экзамены?
— Усе заняткі праходзяць на тэрыторыі кампуса, але многія з тых студэнтаў, хто мае «дыстанцыйную опцыю» і якія не жывуць побач з Бостанам, карыстаюцца прапанаванымі новымі тэхналогіямі ды ўніверсітэтам магчымасцямі. Я хутка зразумеў, што такі варыянт вельмі карысны, улічваючы тое, што вучэбны час рэгулярна супадае з працоўным. Таму такім чынам, я магу праглядаць запісаныя лекцыі дома ці па дарозе на працу. Але пры гэтым, трэба ўсё роўна абавязкова зрабіць хатняе заданне да пачатку чарговага занятку.
Больш за тое, нават без уліку «дыстанцыйнай опцыі» існуюць некаторыя курсы — выключна анлайнавыя ў чыстым выглядзе, калі ўсе заняткі праходзяць ў фармаце вэбінараў. Прафесар карыстаецца адпаведным софтам — Elluminate ў маім выпадку, што дазваляе групе студэнтаў з усёй краіны, а часам і свету, збірацца ў адпаведны час і прымаць удзел у жывой дыскусіі, абменьвацца дадзенымі, кантактаваць праз аўдыё-відэа канал і чат.
Таксама шырока выкарыстоўваюцца online тэсты-апытанні, кантрольныя, калі за дадзены час трэба выканаць адпаведныя заданні. Але нягледзячы на шырокае выкарыстанне тэхналогіяў, усе сярэдне тэрміновыя або фінальныя экзамены здаюцца непасрэдна ў «жывым» фармаце: ці ў Кэмбрыджы ці ў адмысловы час і месцы свайму лякальнаму назіральніку — проктару.
— Наколькі можаш выбіраць курсы сам? Вядома, што ў ЗША сістэма працуе па-іншаму, чым у Беларусі: студэнту прапануецца выбар прадметаў, якія можна вывучаць.
— Гэта залежыць толькі ад студэнта і менавіта яму вырашаць, якія курсы ён ці яна будзе на працягу гэтага семестру вывучаць. Усё залежыць ад асноўнай спецыялізацыі, якая была выбрана студэнтам. Пасля таго як вы залічаны на навучальную праграму ў сваёй установе, вам даецца магчымасць працы з дарадцам-кансультантам, які заўсёды побач, каб дапамагчы выбраць тыя класы, якія вам неабходныя для выканання усіх патрабаванняў па абраным вымі гэтак званым «мэйджары» — асноўная спецыялізацыя навучання дадзенага студэнта.
Асабіста я знайшоў свайго дарадцу-кансультанта вельмі карысным як пры выбары курсаў, гэтак і выкладчыкаў. Перш чым запісацца на клас, вы вывучаеце план (сылабас), каб даведацца пра тое, чаму вас будуць вучыць ды ўсе патрабаванні дадзенага курса-прадмета (даты усіх экзаменаў, тэмы хатніх заданняў). Усе навучальныя праграмы маюцца загадзя, так што ва ўсіх ёсць дастаткова часу, каб рабіць свае будучыя крокі з належнай абачлівасцю.
— Колькі гадзін звычайна ў цябе займала ў дзень падрыхтоўка хатніх заданняў? А таксама распавядзі пра тое, што ўплывала на выбар колькасці курсаў за семестр?
— Наагул, тэарэтычна можна за адзін семестр браць да 16-ці крэдытаў (чатыры класы па чатыры крэдыты). Але пры вялікім жаданні можна, звярнуўшыся да свайго дарадцы, узяць і дадатковыя курсы. І ўжо адміністрацыя надалей вырашыць ці даць вам магчымасць вывучаць ажно 5–6 курсаў. Як правіла, больш за 20 крэдытаў пацягнуць за семестр амаль немагчыма.
Можна сказаць, для мяне было правілам штодзень працаваць 4–5 гадзін плюс амаль усе суботы і нядзелі. І гэта яшчэ не ўлічваючы час, які патрэбны для вырашэння ўсялякіх дадатковых праектаў, ды непасрэднай падрыхтоўкі да мідтэрмаў (экзамен што праводзіцца пасярэдзіне курса навучання) і файналсаў (выніковыя іспыты).
Для мяне другі і трэці тыдзень заняткаў былі найбольш стрэсавымі. Як раз у гэты час вас завальваюць хатнімі заданнямі ды разнастайнымі задачамі, якія трэба выканаць да дэдлайну — часу, пазней якога працы ўжо не прымаюцца. Але праз тыдзень-другі я прызвычайваўся да такога тэмпу, адаптаваўся да навучальнай руціны новай дысцыпліны і працягваў працаваць ужо без такога эмацыйнага ды фізічнага напружання.
— Якімі якасцямі, ты лічыш, трэба валодаць, каб паспяхова вучыцца ў топ-універы, якой безумоўна з’яўляецца твая Гарвардзкая школа?
— Безумоўна, студэнт павінен быць разумным, цікаўным, творчым, самастойным, бо трэба заўсёды знаходзіць матывацыю для самога сябе. Але, лічу, няма нічога больш істотнага чым працавітасць і адказнасць.
Няма нічога, чаго трэба баяцца альбо занадта турбавацца — калі вы прысутнічалі на ўсіх лекцыях, удзельнічалі ва ўсіх вэбінарах ды секцыях, прачыталі ўвесь патрэбны матэрыял і зрабілі ўсе хатнія заданні. Усе курсы прызначаны для таго, каб навучыць студэнта, а ніяк не перагрузіць яго. Ніхто не патрабуе нічога экстраардынарнага — проста прытрымлівайся патрабаванняў, і будзе ўсё окей.
— Жэня, а чаму ўсё ж эканоміка? Пасля гуманітарнага МДЛУ — гэта даволі незвычайны выбар шляху.
— Гэта вельмі цікавае пытанне. Я адчуваю, што я магу патраціць шмат часу, каб распавесці, чаму я вырашыў пайсці менавіта на эканоміку. Але, калі казаць коратка, то ўжо нават узгадваючы беларускія часы навучання ў сярэдняй школе, мне заўсёды было цікава чытаць прысвечаныя бізнэсу часткі газэт, якія выпісваў і чытаў мой бацька. Але з-за спецыфікі ўсёй беларускай эканамічнай мадэлі развіцця, дзе рынак — гэта панятак усё ж даволі спецыфічны і пакуль далёкае ад сапраўды рынкавых сістэмаў, я не бачыў будучыні ў гэтай сферы. Ужо пазней, тут у ЗША, я таксама атрымліваў асалоду ад працэсу назірання за працай фондавых рынкаў, якія функцыянуюць сапраўды па правілах чыстай эканомікі. І вось такім чынам, каб займацца тым, што мне сапраўды падабаецца, я вырашыў распачаць кар’еру ў фінансавым сектары і выбраў эканоміку сваёй спецыяльнасцю.
— Якім для цябе атрымаўся пераход ад беларускага варыянту навучання да амерыканскага?
— Практычна бязбольна… Справа ў тым, што калі паглядзець на маё навучанне яшчэ ў МДЛУ, то, напэўна, у адрозненні ад пераважнай большасці студэнтаў іншых ВНУ Беларусі з іх спецыфікай вучобы і часам, скажам шчыра, даволі прагулачным тэмпам навучання, мы папросту вымушаны былі праводзіць шмат часу за падрыхтоўкай хатніх заданняў. Час ад часу некаторыя ў нас нават казалі, што маюць адчуванне, што яны нават не пакідалі сярэдняй школы, дзе нагрузка таксама была высокай.
Таму я не турбаваўся з-за напружанага навучальнага працэсу. Што мяне сапраўды ўразіла і ўсё яшчэ ўражвае — гэта тая ўвага з боку выкладчыкаў ды асістэнтаў, якой яны персанальна «адорваюць» кожнага студэнта, дапамагаючы ды кансультуючы па ўсіх патрэбных нам пытаннях. Калі ў вас паўсталі пытанні адносна лекцыі, нейкага задання — вы папросту звяртаецеся да свайго прафесара ці яго асістэнта, і можаце быць упэўнены, што яны зробяць усё залежнае ад іх, каб вашыя пытанні былі вырашаны. Для гэтага можна папросту наведаць выкладчыка пад час яго працы ў сваім офісе. Да таго ж усе курсы маюць свае вэб-старонкі, дзе вы маеце доступ да усіх лекцый, слайдаў, што паказваліся пад час заняткаў, прысутнічаюць форумы з абмеркаваннямі розных тэм, часцей за ўсё прадстаўлены крыніцы для дадатковай інфармацыі, ці нават увесь памер лекцыяў.
— Пра Гарвард мы чуем можна сказаць з дзяцінства. Пра яго крутых (у розных сэнсах) выпускнікоў здымаюць фільмы, выпускнікі займаюць кіраўнічыя пасады ў шматлікіх буйных карпарацыях па ўсім свеце. Тым самым у нашай падкорцы знаходзіцца інфармацыя пра нібыта завоблачны ўзровень універа, як па ўзроўні вучэбных патрабаванняў, гэтак і па грашовых. Ці ён сапраўды завоблачны?
— Гарвардзкі ўніверсітэт складаецца з 13-ці розных школ. Яны ўключаюць у сябе цэлы шэраг сусветна вядомых школ, такіх як Гарвардзкі каледж, бізнэс-школа, школы права, медыцыны і ўрадаў, але і менш вядомыя — багаслоўя, тэхнікі, адукацыі, і «галоўны Гарвардзкі сакрэт»», — гэтак званая пашыраная школа — Extension School.
Кошт навучання — ад 10,000 да 80,000 даляраў за год. Але ў тым-та і фішка, што дзякуючы сапраўды агромністай падтрымцы выпускнікоў універсітэта, ён мае значны фонд ахвяраванняў, што дазваляе забяспечваць значную фінансавую дапамогу вялізнай колькасці студэнтаў.
У якасці дадатковай інфармацыі паведамлю, што згодна з выданнем Harvard Gazette, 2/3 першакурснікаў у Гарвардзе атрымліваюць фінансавую дапамогу (гаворка ідзе пра сумы да 50 тысяч даляраў за год!).
Універсітэт сапраўды зацікаўлены ў прыцягненні і ўтрыманні лепшых і самых разумных. Гэта я кажу як пра студэнтаў, гэтак і пра выкладчыкаў.
— Наколькі цяжка табе было аплачваць кошт навучання?
— Кошты Гарвардзкага ўніверсітэту для студэнтаў маёй Extension School можна параўнаць з тыповымі дзяржаўнымі каледжамі і ўніверсітэтамі. Іх памер прыблізна $975–1250 за чатыры крэдыта бакалаўрскіх (undergraduate). Яны павялічваюцца для курсаў магістарскага ўзроўню (graduate) да $1900–2500 за дысцыпліну. Цікава, што мая жонка плаціць значна больш, калі рабіць пералік за адзін навучальны крэдыт у дзяржаўным каледжы ў Нью-Ёрку. Такім чынам, чатыры курсы, што я звычайна бяру за семестр, плюс падручнікі і вандраванні абыходзяцца ў прыкладна $6000–7000 за паўгады. Трэба ўлічваць таксама і карыстанне магчымасцю ўзяць некаторыя класы, якія выкладаюцца толькі на магістарскім узроўні — можна ўзяць да чатырох дысцыплін з магістратуры.
Безумоўна, з улікам таго, што і я, і мая жонка зараз студэнты, няма аніякай таямніцы ў тым, што у цяперашні час мы павінны адмаўляцца ад некаторых відаў адпачынку, абмяжоўваць некаторыя выдаткі, і нават прадалі адну з машын.
— Чаму выбраў Гарвард? Калі з’явілася першая думка паспрабаваць пайсці менавіта ў гэтую прэстыжную школу?
— Гэта на самай справе адбылося выпадкова. У той час мы жылі ў маленькім мястэчку ў штаце Мэйн. І бліжэйшым, найбольш зручным месцам з пункту гледжання лагістыкі, атрымання вышэйшай адукацыі — быў ўніверсітэт штату Мэйн ў Орана. Такім чынам, выбіраючы гэты варыянт, мы маглі б разлічваць на магчымасць аплачваць навучанне як жыхары штату і не клапаціцца пра тое, каб пераяжджаць куды-небудзь толькі для атрымання адукацыі. Вядома, я ведаў пра Гарвард і тое, што гэта школа прапаноўвала. Мне б хацелася туды паехаць, але мне спачатку гэта здалося нечым «нерэальным і недаступным» як для чалавека з досведам вучобы ў няпрофільнай школе ў іншай краіне.
Нарэшце, мэты былі пастаўлены, класы, якія я хацеў вывучаць у Мэйне, былі ўжо выбраныя… і я ўжо быў у спешцы каб паспець да часу заканчэння рэгістрацыі. Мне пашчасціла паспець узяць апошні з даступных тэстаў для маіх курсаў па статыстыцы і мікраэканоміцы… Але, заўсёды ёсць «але»… Карацей кажучы, з двух класаў, што я сапраўды хацеў узяць падчас майго першага семестру, я мог вывучаць толькі адзін. Гэта было звязана з тым, што мая акадэмічная даведка з Беларусі ня сведчыла аб якім-небудзь універсітэцкім узроўні вывучэння матэматыкі альбо эканомікі.
Гэта стала для мяне даволі вялікім расчараваннем. Але цікава, што здарылася далей. Па дарозе дадому я патэлефанаваў жонцы і растлумачыў ёй усё ва ўсіх падрабязнасцях… Праз 20 хвілін яна патэлефанавала мне назад, кажучы: «Ведаеш, ты пойдзеш у іншую — нашмат лепшую школу! Але ёсць адна ўмова — ты павінен быць у Кэмбрыджы (частка Бостана) заўтра, а 2-й гадзіне дня, каб паспець на апошні адборачны тэст».
Такім чынам, я хутка тэлефаную свайму працадаўцы з просьбай пра яшчэ адзін выходны дзень, бо мне трэба ехаць у Бостан ўжо праз некалькі гадзін.
Так я «абраў» Гарвардзкі ўніверсітэт і яго Extension School замест універсітэту Мэйна. Азіраючыся назад, я думаю, што гэта была адна з лепшых рэчаў, якія калі-небудзь здараліся са мной: адмова ў дзяржаўнай школе раскрыла мае жаданні і дала шанец праявіць сябе на новым, дагэтуль здавалася недасяжным для мяне узроўні — у Гарвардзкім універсітэце.
Паводле generation.by