Дакладней не ў Чарнобыль, а ў зону адсялення ў Гомельскай вобласці. Студэнт Берасцейскага дзяржаўнага універсітэту стаў удзельнікам вандроўкі напярэдадні ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якую арганізавала АРР “Дзедзіч”.
Разам з ім зону адсялення пабачылі яшчэ пяць берасцейцаў.
Мы пагутарылі са студэнтам, які пабываў у чарнобыльскай зоне.
– Скажы, якім чынам ты патрапіў у зону адсялення?
– Я даведаўся аб вандроўцы туды выпадкова, праз газету “Дзедзіч”. Запрашэнне ў паездку я пабачыў і ў суполцы “Дзедзіча” “Укантакце”. Набіралася група і я вырашыў паехаць. На месцы вандроўку ладзіў Гомельскі дэмакратычны форум. Выезд у нас быў у пятніцу 20 красавіка, у суботу мы былі ў Гомелі, паглядзелі горад. А ў нядзелю рушылі ў Веткаўскі раён на паўночным усходзе Гомельшчыны.
– Як вас прапусцілі туды, ці не ўзнікла праблемаў?
– Мы чакалі, што там будуць блок-пасты, нейкія іншыя патрулі аховы. Бо там жа высокі ўзровень забруджанасці цэзіем, то мы думалі, што будзе ахоўвацца. Аднак нічога такога не было.
– Ну і што ж вы пабачылі ў зоне адсялення?
– Там ідзе велізарная закінутая тэрыторыя, якая адселеная. Аднак, як ні дзіўна, зараз гэтыя землі пачынаюць вяртаць у абарот. З намі быў эколаг, які распавёў, што за 20 гадоў на тое, каб ачысціць зямлю, было выдаткавана больш за 20 мільярдаў даляраў. Гэта каб зямлю зрабіць прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Там ідзе цэлая тэхналогія – глыбокае абворванне, апрацоўка адмысловымі ўгнаеннямі і гэтак далей.
Перад уездам у зону, абазначаную знакам “Радыяцыйная небяспека” стаіць царква. Яе пабудавалі нядаўна, і, кажуць, на вялікія грошы. Праўда застаецца незразумелым, навошта тая царква фактычна ў зоне адсялення.
– А ці сустракалі нейкіх людзей там?
– Не, не сустракалі. Але з намі ездзіў чалавек, які жыў там, у пасёлку Хізы, які цяпер адселены. Ён нам паказваў, дзе што было ў тым пасёлку – там школа, там крама… І вось крыху не па сабе было яго слухаць, таму што там досыць жахлівыя мясціны, бо закінутыя людзьмі… Ад пасёлку захаваліся каменныя будынкі, а ўсе драўляныя былі знесеныя. Бульдозеры там усё зраўнялі з зямлёй. Захаваліся яшчэ пару помнікаў тутэйшым жыхарам, што загінулі у вайне і могілкі.
Чалавек, які там жыў, распавядаў, як адбывалася адсяленне. Многія жыхары сталага веку не хацелі выязджаць, казалі што ім ужо няма чаго баяцца радыяцыі, бо хутка паміраць. Аднак прыехалі вайскоўцы і ўсіх да аднаго адтуль выселілі. Пры гэтым людзям не дазволілі нічога з сабой узяць, бо ўсё ж забруджанае. Уявіце, якая гэта была трагедыя, калі людзям давялося пакінуць маёмасць, якую збіралі цягам жыцця! Таму зразумела, чаму той былы жыхар гэтага пасёлку ледзь не плакаў, калі распавядаў пра ўсё гэта…
– То бок ніякай жыццядзейнасці там не прысутнічае?
– Самае цікавае, што зараз там пачынаецца нарыхтоўка лесу. Гэта вельмі здзівіла. Бо разбітыя дарогі, нікога няма ў 30 хвілінах язды, і раптам з-за лесу з’яўляецца высечаны лес. У некаторых месцах мы бачылі гурты нарыхтаванага да вывазу лесу. Зразумела ж, ён потым кудысьці ідзе…
Акрамя таго, высветлілася, што на гэтай закінутай тэрыторыі бываюць і паляўнічыя. На адным скрыжаванні, якое прастрэльваецца добра ва ўсе бакі, мы бачылі шмат гільзаў ад паляўнічых стрэльбаў. А ў адным закінутым доме мы бачылі нават скуры жывёл – дзікоў. Жыхар з гэтай вёскі распавёў, што паляўнічыя забіраюць мяса, а скуры пакідаюць тут.
Таму там вядзецца паляванне, што даволі дзіўна… Выяўляецца, што перашкаджаюць паляваць тут толькі знакі радыяцыйнай небяспекі. Узнікаюць пытанні, куды потым падзенецца мяса, якое вывозяць адсюль? Самі гэтыя паляўнічыя з’ядуць, ці прададуць тым, хто ня ведае?
Яшчэ, цікава, што адтуль вынесены ўвесь метал, нідзе няма правадоў. Гэта ж, напэўна, металаломшчыкі тут таксама “палявалі”…
– Ну і якія ўражанні асабіста для цябе? Што новага ты атрымаў з гэтай вандроўкі?
– Я атрымаў больш пытанняў, чым адказаў. А ўражанні… Мяне здзіўляе не тое, што здарылася гэтая трагедыя – Чарнобыль, а тое, што робіцца ў нашай краіне для таго, каб мінімалізаваць наступствы, каб не цярпелі людзі… Я не разумею, што робіцца. Я ведаю, што пабудавалі радыяцыйны шпіталь нейкі ў Гомелі, адчынілі навукова-даследчы інстытут радыяцыйны. Гэта плюс.
Але тое, што імкнуцца найхутчэй падсяляць закінутыя тэрыторыі, што належным чынам іх не ахоўваюць – гэта дрэнна.
І вось я сабе хачу цяпер купіць дазіметр, бо не ведаю з чаго зроблены мой стол іншая мэбля… А раптам з таго лесу, што там высякаецца?
– Якое меркаванне ў цябе наконт будаўніцтва АЭС у Астраўцы пасля гэтай вандроўкі?
– Я не адмысловец у атамнай энергетыцы. Калі па-праўдзе, я проста не давяраю сённяшнім кіраўнікам, якія будуць яе будаваць. Калі б гэта ўсё было адкрыта і празрыста, я можа б і быў “за”. Але цяпер я супраць.
Гутарыў Паўло Косьцін