Грамадства

Таксісты Берасця сталі “ДАІшнікамі”

Пра сталае супрацоўніцтва дамовілася кіраўніцтва берасцейскай Дарожнай аўтамабільнай інспекцыі з кіроўцамі маршрутных таксі, якія курсуюць па абласным цэнтры.

Таксісты атрымалі магчымасць хутка выходзіць у дыяпазоне сваіх радыёстанцый на сувязь з дзяжурным гарадской Дзяржаўтаінспекцыі. Такім чынам інспектары адразу ж пашырылі свае магчымасці па зборы рознай інфармацыі, шматкроць павялічыўшы штат яе здабытчыкаў.

Зараз таксісты будуць паведамляць супрацоўнікам ДАІ аб усіх ДТЗ, сведкамі якіх яны стануць падчас свайго працоўнага дня. Гэта палегчыць працу міліцэйскіх дазнаўцаў пры ўсталяванні вінаватых аварый і пры вызначэнні ступені іх віны.

Будуць інфармаваць новыя памагатыя ДАІ і пра іншыя трывожныя ці праблемныя сітуацыі, якія замінаюць звычайнаму руху транспарта.

Напрыклад, сігнал пра галалёд на якой-небудзь вуліцы дазволіць хутка накіраваць туды брыгаду камунальнікаў. Зручнай і карыснай будзе такая сувязь і для саміх таксістаў. Патрапіўшы ў цяжкае становішча, напрыклад па прычыне п’янай кампаніі ў салоне, кіроўца зможа тут жа звязацца з міліцыянерамі і паклікаць іх на дапамогу.

Фёдар МУХА, Рэспубліка

Пераклад dzedzich.org

Пакінуць адказ