У 2015 годзе Беларусь зноўку падасць заяўку на далучэнне да Балонскай прасторы вышэйшай адукацыі. А пакуль беларуская адукацыйная сістэма будзе інтэгравацца з расейскай і казахскай.
Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч пацвердзіў жаданне працягнуць намаганні па далучэнню Беларусі да Балонскай сістэмы. Пры гэтым Мінадукацыі спадзяецца на «менш палітызаваны падыход» ў гэтым пытанні з боку еўрапейцаў. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Некалькі месяцаў таму стала вядома, што Беларусі будзе адмоўлена ў яе жаданні далучыцца да Балонскай прасторы. Прычына ў тым, што Беларусь не падзяляе і не выконвае такія прынцыпы і каштоўнасці працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй. Наступны шанец далучыцца да прасторы Мінадукацыі атрымае ў 2015 годзе.
Аднак міністар адукацыі не лічыць патрэбным нешта змяняць у падыходзе да гэтых прынцыпаў:
«Нейкага ўплыву на нашыя рашэнні, нашую стратэгію гэта [адмова ў далучэнні да прасторы] не будзе мець», — цытуе Белсат Маскевіча.
Міністар лічыць, што і так ужо ўсё выдатна:
«Мы будзем развіваць нашу сістэму адукацыі ў адпаведнасці з абранай стратэгіяй. Яна сапраўды максімальна спалучаецца з тым, што дэкларуецца краінамі Балонскага працэсу, праграмамі развіцця еўрапейскай адукацыі».
Міністар таксама заявіў, што чакае ажыўленне інтэграцыйных працэсаў у сферы вышэйшай адукацыі на постсавецкай прасторы, што звязана з развіццём адзінай эканамічнай прасторы.
Адразу пасля абвяшчэння рашэння адмовіць Беларусі ў далучэнні да Балонскай прасторы Беларусь заявіла аб жаданні пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. У прыватнасці, праграму вышэйшай адукацыі наблізяць да расейскіх стандартаў, а школьныя праграмы будуць правярацца расейскімі спецыялістамі.
Крыніца: generation.by