Грамадства

Сайт ЭЛЕКТБАЙ распачаў зваротны адлік

Сайт грамадзянскага назірання за выбарамі Electby.org зноў пачынае працу. Гэта адкрытая пляцоўка, дзе кожны можа падзяліцца сваімі назіраннямі і адчуваннямі ад парламенцкіх выбараў у Беларусі.

Асноўная функцыя Electby.org – гэта збор паведамленняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян і іх аўтаматычная візуалізацыя на мапе Беларусі. Кожнае паведамленне з’яўляецца ў выглядзе кропкі на інтэрактыўнай мапе і сістэматызуецца па катэгорыях. Дасылаць паведамленні можна па-беларуску ці па-руску: мова арыгінала будзе захаваная. Чым больш людзей пакіне свае сведчанні на Electby.org, тым больш поўнай будзе карціна выбарчай кампаніі і яе вынікаў.

Карыстацца Electby.org стала яшчэ прасцей і зручней. Паведамленнямі з сайта можна падзяліцца са сваімі сябрамі ў сацыяльных сетках. Функцыя зваротнага адліку з дакладнасцю да секунды пакажа, колькі часу засталося да дня выбараў, а зручны электронны каляндар дапаможа лепш арыентавацца ў асноўных этапах выбарчай кампаніі.

Абяцанні кандыдатаў, агітацыйныя  кур’ёзы, прымус да тэрміновага галасавання, ціск на актывістаў, махінацыі з бюлетэнямі… З дапамогай Electby.org усе гэтыя штрыхі імгненна адлюструюцца на жывой мапе “Выбары 2012”. У ходзе выбарчай кампаніі на сайце рэгулярна будуць з’яўляцца новыя функцыі – сачыце за абнаўленнямі!

Даслаць сведчанне і дадаць сваю кропку можна праз онлайн форму, e-mail ([email protected]), Twitter (хаштэг #electby) і SMS (нумар +37065279366).

Па ўсіх пытаннях пішыце:

[email protected]

Даведка: Electby.org працуе на платформе Ушахідзі (Ushahidi у перакладзе з мовы суахілі азначае “сведчанне”) –  сістэма, якая дазваляе збіраць паведамленні з розных крыніц, аўтаматычна наносіць іх на мапу і сістэматызаваць. Electby.org быў створаны групай беларускіх інтернэт-энтузіястаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. У перыяд з 13 па 19 снежня 2010 г. на платформу грамадзянскага маніторынгу за выбарамі паступіла 615 сведчанняў ад выбарцаў і грамадзян з усёй Беларусі. За тыдзень Electby наведалі каля 17,500 чалавек, якія прагледзелі больш за 70,000 старонак. Непасрэдна ў дзень выбараў на сайце было зафіксавана 8,000 наведнікаў і больш за 19,000 праглядаў старонак.

Пакінуць адказ