Брэсцкія ўлады ўнеслі змены ў сваё рашэнне, якім быў вызначаны спіс месцаў, дзе забаронена ладзіць пікеты з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламенту. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Раней рашэннем №1362 ад 4 ліпеня бягучага году Брэсцкі гарвыканкам вызначыў спіс “забароненых” тэрыторый з 17-ці пунктаў. Прадстаўнікі палітычных партый, што маюць намер браць удзел у выбарах, негатыўна ўспрынялі гэтае рашэнне і накіравалі зварот ў аблвыканкам, каб дамагчыся зменаў у дакуменце, які істотна абмяжоўвае правядзенне выбарчай кампаніі.
Гарадскім уладам спатрэбілася амаль два тыдні, каб прызнаць слушнасць некаторых заўвагаў. Новым рашэннем №1467 ад 17 ліпеня з раней прынятага спісу выкрэслены чатыры забароненыя для збору подпісаў месцы – на бульвары Касманаўтаў, бульвары Шаўчэнкі, вуліцы Міцкевіча і ў скверы імя Іконнікава.
Між тым, па-ранейшаму ў спісе забаронаў застаецца, напрыклад, вуліца Савецкая, на чым акцэнтавалі сваю ўвагу сябры палітычных партый. Аднак улады так і не наважыліся дазволіць удзельнікам выбарчай кампаніі выкарыстаць гэтае ажыўленае месца ў цэнтры горада для збору подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: spring96.org