Культура

“Дзедзіч” на гадавіне “Будзьма”

7 снежня ў Менску адбыўся святочны канцэрт кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прысвечаны гадавіне культурніцкага праекта. Мерапрыемства было багатае на цёплыя словы і выступы вядомых беларускіх дзеячаў.

На мерапрыемстве прысутнічалі шматлікія партнёры і ініцыятары кампаніі, сярод якіх значыцца і інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “Дзедзіч”, яго на імпрэзе прадстаўляў Павел Белавус.

Гурты “Unia”, “IQ – 48”, “Крамбамбуля”, літаратары і барды Алесь Камоцкі, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і пісьменніца Анка Упала не толькі павіншавалі “Будзьма”, але і прэзентавалі ўсім прысутным сваю па-сапраўднаму беларускую творчасць.

Рыгор Барадулін, ці, як яго назвалі вядучыя, дзядуля “Будзьмы” прысвяціў з нагоды гадавіны кампаніі свой верш, сімвалічна пачаўшы яго словамі: “Будзьма не шарахацца ў кусты…”

У антракце гасцей частавалі гарбатай і піражкамі з грыбамі ды капустай, а калектыў “Церніца” сваімі вясёлымі народнымі песнямі запрашаў танчыць. Не ўтрымалі і народныя пісьменнікі Беларусі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.

“Дзедзіч” таксама віншуе культурніцкую кампанію “Будзьма” з гадавінаю і жадае стаць гэтай ініцыятыве сапраўды народнай і маштабнай.

Будзьма Беларусамі!

budzma

Пакінуць адказ