Грамадства

Еўрадэпутат патрабуе ад Міжнароднай Амністыі і еўрапейскіх палітыкаў умяшання ў справу Каваленкі

Дэпутат Еўрапейскага Парламента ад Польшчы Марэк Мігальскі накіраваў лісты на імя Генпракурора РБ Аляксандра Канюка, Старшыні Еўрапарламента Марціна Шульца і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры Мора, у якіх выказвае занепакоенасць сітуацыяй вакол Сяргея Каваленкі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Паводле інфармацыі прэс-службы еўрадэпутата, жонка палітвязня перадала яму, што на мінулым тыдні яе мужа прама з штрафнога ізалятара этапавалі ў медчастку папраўчай калоніі № 19 у Магілёве.

Аб сітуацыі беларускага палітвязня Каваленкі паінфармаваная таксама Міжнародная Амністыя. Мігальскі накіраваў лісты Джону Далхуісэну, намесніку дырэктара арганізацыі па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, а таксама дырэктару польскай філіі арганізацыі Матэвушу Крулу.

Ад Генпракурора дэпутат запатрабаваў праінфармаваць яго аб стане здароўя Сяргея Каваленкі, пра прычыну яго пераводу ў штрафны ізалятар, а таксама інфармацыю пра тое, хто прыняў такое рашэнне і на якіх падставах.

Звяртаючыся ў Міжнародную Амністыю, Мігальскі падкрэсліў, што за няпоўныя 3 месяцы, якія Каваленка правёў у папраўчай установе, ён адбыў ужо 3 пакаранні карцэрам. Першы раз – 10 сутак. Потым – 9 і 7 сутак запар. Дэпутат падкрэсліў, што ён перакананы ў тым, што мэтай усіх гэтых пакаранняў з’яўляецца выбіць прызнанне палітвязнем сваёй віны і напісанне прашэння аб памілаванні.
Мігальскі таксама звярнуў увагу на той факт, што ў камеры Каваленкі ноччу настолькі холадна, што яму даводзіцца ўставаць па некалькі разоў і рабіць фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца. У чарговы раз дэпутат заклікаў міжнародную арганізацыю надаць Каваленку статус вязня сумлення.

Еўрадэпутат таксама заклікаў умяшацца ў справу Каваленкі старшыню Еўрапейскага Парламента Марціна Шульца і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майру Мора.

Крыніца: spring96.org

 

Пакінуць адказ