Грамадства

Стэфановіч: “Беларусь набліжаецца да савецкіх стандартаў выбараў”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” падвялі папярэднія вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. “Выбары былі прадказальнымі да дэталяў”, – адзначалася падчас прэс-канферэнцыі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

95 доўгатэрміновых і 295 кароткатэрміновых назіральнікаў працавалі ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Па словах праваабаронцаў Алега Гулака і Валянціна Стэфановіча, многія высновы супадаюць з заўвагамі да папярэдніх выбараў – парламенцкіх у 2008 і прэзідэнцкіх у 2010 годзе.

Найперш існуюць заканадаўчыя прабелы ў механізмах абскарджання парушэння выбарчага заканадаўства. Для назіральнікаў па-ранейшаму недаступныя выбарчыя спісы, інфармацыя аб колькасці выбаршчыкаў на ўчастку і патрабаванне асобнага падліку галасоў. Таксама па заканадаўству так і не былі прынятыя меры, каб выдаваць завераныя копіі пратаколаў назіральнікам, а гэта зніжае магчымасці абскарджвання. Адсутнічае і дэталізацыя працэдуры падліку галасоў. 44% назіральнікаў кампаніі заявілі пра тое, што вынікі падліку галасоў наогул не агучваліся.

Сярод заўважаных сёлетніх парушэнняў – адвольнае галасаванне па месцы жыхарства. Выбарчы кодэкс прадугледжвае такую форму галасавання як па месцы жыхарства, аднак выбаршчык павінен загадзя праінфармаваць пра сваё жаданне камісію. Аднак 23 верасня сябры ўчастковых выбарчых камісіяў адвольна бралі бюлетэні і прапаноўвалі выбаршчыкам, якія ўжо прагаласавалі на ўчастку альбо наогул не збіраліся галасаваць, аддаць свой голас па месцы жыхарства.

Па меркаванні намесніка старшыні ПЦ “Вясна” Валянціна Стэфановіча, Беларусь набліжаецца да савецкіх стандартаў выбараў, калі людзям абыякава, за каго галасаваць і як праходзяць выбары наогул. Менавіта праз гэта істотна скарачаецца яўка выбаршчыкаў. Дарэчы, у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі ў 2010 годзе сёлета істотна адрозніваюцца паказальнікі па яўцы ў незалежных назіральнікаў і сябраў участковых камісіяў. На шасці ўчастках са 150, дзе працавалі назіральнікі кампаніі, было афіцыйна прызнана, што выбары не адбыліся.

Упершыню назіральнікі заявілі пра тое, што ў Беларусі выкарыстоўваецца механізм “выбарчых каруселяў”. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падчас прэс-канферэнцыі адмовіла гэты факт, але назіральнікі, якія заявілі пра гэтыя факты, патрапілі 23 верасня ў міліцыю. Па іхніх словах,  адны і тыя ж выбаршчыкі галасавалі ў межах адной выбарчай акругі на некалькіх участках, каб яўка ў цэлым была больш высокай.

Ціск на сябе адчулі і назіральнікі. У Гомелі з выбарчага ўчастку быў выдалены назіральнік Анатоль Паплаўны, у Мінску – Сяргей Бахун. Баранавіцкі назіральнік Сяргей Гоўша быў абвінавачаны ў парушэнні КаАП за тое, што нібыта лаяўся матам у грамадскім месцы. Насамрэч ён проста папрасіў у старшыні камісіі  пратакол паседжання.

Праваабаронцы таксама звярнулі ўвагу, што падчас выбараў да ўдзельнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ужо традыцыйна праяўляюць павышаную цікавасці кантралюючыя органы. Так, Алег Гулак і Таццяна Рэвяка атрымалі запыты з падатковых камісіяў з патрабаваннем прадставіць дэкларацыі аб даходах.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: spring96.org

Фота belapan.com

Фота belapan.com

Пакінуць адказ