Грамадства

Пра беларускіх палітвязняў распавялі на самай буйной кніжнай выставе ў Швецыі

З 26 па 30 верасня ў Гётэборгу адрузу на некалькіх стэндах кніжнай выставы-кірмаша наведвальнікі змаглі ўбачыць інфармацыю пра Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.


Прапаноўвалася дасылаць паштоўкі са словамі падтрымкі ў беларускія турмы. Правам чалавека былі прысвечаныя таксама публічныя выступы і дыскусіі ў межах выставы.

На стэндзе арганізацыі Östgruppen былі падрыхтаваныя плакаты з заклікамі вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, а таксама паштоўкі, якія можна было адразу з выставы адправіць беларускім палітвязням. У межах выставы адбылася прэзентацыя Марціна Угла з Östgruppen пад назвай “Усе мы Алесь”, прысвечаная старшыні ПЦ “Вясна”.

Аннэлі Джордал распавяла пра сваё падарожжа ў Беларусь, якое ператварылася ў кнігу. Аўтарка асобна распавяла пра масавыя затрыманні і збіццё актывістаў у Беларусі падчас мітынгаў пратэсту. А былы камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг –  пра тое, як можна адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан адказаў на пытанні, звязаныя з дыпламатычным крызісам паміж нашымі краінамі – наступствы падтрымкі грамадзянскай супольнасці, “плюшавы дэсант” і інш.

Праблема дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасці была агучана беларускімі актывістамі і прадстаўніком шведскай арганізацыі TUPILAK Білам Шылерам, які летась прысутнічаў на гей-прайдзе ў Мінску.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ