Еўраклуб

Вучоба ў Іспаніі: viva la fiesta

Павучыцца ў якой-небудзь цёплай краіне сходу згаджаецца кожны, але не ўсім хапае ўпартасці і смеласці, каб сапраўды з’ехаць за тысячу кіламетраў. Пра тое, як трапіць па абмене ў далёкую Іспанію, як прымусіць сябе вучыцца ў краіне пастаяннай фіесты і куды знікае мясцовае насельніцтва па нядзелях з акіянскага ўзбярэжжа дакладаюць беларускія удзельнікі праграмы Erasmus Mundus.

Сцяпан і Раман вучацца на поўначы Іспаніі, у Більбаа, Universidad de Deusto ўжо другі семестр. Кажуць, мясцовая сістэма адукацыі была вельмі падобная да беларускай. Аднак, 4 гады таму Іспанія ўступіла ў Балонскую сістэму. Таму зараз малодшыя курсы вучацца па 4-гадовай сістэме, а старэйшыя курсы (з якімі навучаюцца і хлопцы) “дабіваюць” пяцігодку.

Не пары — ўрокі, не семінары — самаадукацыя 

Кантроль традыцыйна ажыццяўляецца на экзамене, напрацягу семестра ёсць групавыя працы, але семінараў няма. Атрымліваецца, што ўсе тэмы праходзяць адзін раз. Таму, калі сачкануў ці заснуў на лекцыі, тэму да семінара ўжо не вывучыш. Пар па часе менш, аднак пахаць самому прыходзіцца больш. Ды і пары ў Іспаніі парамі ў нашым разуменні не назавеш – гэта, хутчэй, урокі па 50 хвілін. Часта, калі дзве лекцыі вядзе адзін прафесар, іх аб’ядноўваюць, каб пасля зрабіць падвоены перапынак – 20 хвілін. Званкоў не існуе.

Не існуе тут і магчымасці спісаць на экзаменах. Большасць з іх пісьмовыя, ў фармаце “тэст плюс задачы”. Красамоўства пры адсутнасці ведаў не выратуе. Карыстацца шпаргалкамі таксама не прынята – за іх адразу адпраўляюць на пераздачу. Пераздачы звычайна праходзяць летам пасля заканчэння ўсяго курса. За год можна назбіраць максімум дзве пераздачы. Перавысіў ліміт – да пабачэння, у наступным годзе прыйдзецца аднаўляцца на той жа курс. Летам не здолеў пераздаць – да пабачэння. І гэта нягледзячы на тое, што ўнівер платны.

Большасць ўнівераў ў Іспаніі дзяржаўныя або з дзяржаўным удзелам. Навучанне ў іх бясплатнае ці амаль бясплатнае. Паняцце размеркавання адсутнічае. Тут праблема іншая — недабор студэнтаў. Вучыцца іспанцы не асабліва любяць, аддаюць перавагу працаўладкаванню наўпрост пасля школы. Прыватныя ВНУ, як правіла, прэстыжней дзяржаўных, за навучанне ў іх прыйдзецца заплаціць.

Па суботах у Іспаніі не вучацца, і розных святаў з афіцыйнымі выходнымі нашмат болей, чым ў Сінявокай.

Эй, ты, прафесар!

Казаць “Вы” прафесарам не прынята. Зварот на “ты” значна скарачае дыстанцыю і стварае больш даверлівую атмасферу. Абіваць парогі дэканата не прынята таксама: усе пытанні вырашаюцца ці з выкладчыкам, ці ніяк. У кожнага прафесара ёсць свой кабінет, дзе яго можна знайсці ў вольны ад выкладання час. Працуюць выкладчыкі па “офіснай” сістэме – з дзевяці да сямі.

Студэнты ў Дэуста да вучобы ставяцца цалкам сур’ёзна, разумеюць, што менавіта яны павінны вывучыць і нічога не адкладаюць на “пасля” – занадта хутка набягае непад’ёмная колькасць заданняў.

Многія праводзяць выходныя ў бібліятэках – практычная накіраванасць адукацыі і меншая колькасць людзей, якія яе атрымліваюць, робіць залежнасць будучай працы ад атрыманых ведаў і ацэнак вельмі вялікай. Адначасова, практычны ўхіл мае пэўныя недахопы. Іспанцам цяжкавата даюцца абстрактныя рэчы, часта не хапае глабальнага, стратэгічнага мыслення, здольнасці “пралічыць” сітуацыю на некалькі крокаў наперад. Пэўна таму амаль усе на пытанне аб будучай працы з упэўненасцю гавораць аб пасадзе ў нейкай сферы і амаль ніхто не думае аб уласным бізнэсе.

Work hard, party hard

У цэлым надта працавітымі іспанскіх студэнтаў не назавеш. Накладае адбітак пастаянная фіеста (свята, тусоўка), якая ідзе штотыдзень з чацвярга па суботу. Нормай тут лічыцца за вечар змяніць 4-5 бараў за вечар. Выпіўшы крыху віна ці піва (а яго тут прадаюць максімум у келішках па 0,3), шумныя кампаніі перасоўваюцца ў наступнае злачнае месца. І так да самай суботы. Затое ў нядзелю жыццё замірае. Вуліцы абсалютна пустыя. Нядзелю прынята праводзіць у сям’і. “Вельмі добрая звычка, я хацеў бы прывезці гэту традыцыю і дамоў”, — кажа Сцяпан. Крамы таксама не працуюць. Калі пасля трох дзён фіесты апынецца, што ў цябе пустая лядоўня, прыйдзецца харчавацца ў рэстарацыі.

Больш за ўсё іспанцы любяць лаяцца на сваю краіну, маўляў тое не так, і гэта дрэнна. Гучыць парадаксальна, але хлопцы лічаць, што гэта ад вялікага гонару за сваю краіну. Іспанцы хочуць для сваёй краіны лепшага, а таму барані бог замежніку пачаць дрэнна казаць пра іх краіну! Усё ж народ гарачы, паўднёвы.

“Да гэтага часу здзіўляе, што, нягледзячы на эканамічны крызіс і 20% беспрацоўе, іспанцы па-ранейшаму адмаўляюцца працаваць па выходных, зачыняюць банкі ў 2 гадзіны і бесклапотна гуляюць па вуліцах”, — дзеліцца з намі Раман.

І што на выхадзе?

Канечне, мы не маглі запытацца пра тое, што даў гэты іспанскі год нашым студэнтам. Простай мовай пра галоўнае.

Раман: Паездка не завершана, многа яшчэ наперадзе. Але ўжо цяпер – неацэнны досвед зносін, лепшае разуменне сябе і сваёй краіны. Я змог больш цвяроза ацаніць яе плюсы і мінусы, а гэта першы крок да развіцця. Атрымаў і тое, на што разлічваў: новыя веды, моўную практыку, знаёмствы і выдатна праведзены час.

Сцяпан: Асабістае развіццё – гэта галоўны актыў, які я вывезу з Іспаніі. Бо пражыць нават паўгады далёка ад сяброў і любімых – гэта час, каб усвядоміць, хто ты ёсць і да чаго імкнешся. Я параіў бы ўдзельнічаць у такіх праграмах тым, хто адчувае ў сабе сілы і жаданне змяніць нешта ў Беларусі і ведае, што хацеў бы вярнуцца дадому. Знаходзячыся па-за сістэмай, можна адкрыць новыя пункты гледжання на праблемы, якія адбываюцца ў краіне.

Даведка АМП. Universidad de Deusto знаходзіцца ў Більбаа, краіна Баскаў, на беразе Біскайскага заліву. Лічыцца адным з лепшых у Іспаніі і Еўразвязе. Заснаваны езуітамі. Мае пэўны рэлігійны і гуманістычны ўхіл.

Крыніца: ampby.org

Пакінуць адказ