У Беларусі стартуе «цёплы» Фестываль ідэй энергазберажэння прымеркаваны да Міжнароднага дня энергазберажэння, які штогод адзначаецца ў многіх краінах 11 лістапада.
У гэтым годзе ўстанова «Цэнтр экалагічных рашэнняў» прапануе правесці гэты свята пад дэвізам «Звяжы шкарпэткі – выключы абагравальнік!».
Адной з галоўных намінацый Фестывалю ідэй энергазберажэння стане намінацыя «Лепшая пара цёплых шкарпэтак». У конкурсе могуць спаборнічаць цёплыя шкарпэткі любых памераў і колераў, але толькі з натуральных матэрыялаў! Усе шкарпэткі, дасланыя на конкурс, будуць перададзеныя ў дзіцячы дом.
Шкарпэткі можна адправіць па адрасе: 220029, г. Мінск, пр. Машэрава, 9/1 – ком.316.
Праявіць свае таленты, звярнуўшы увагу на праблему змены клімату або тэму энерга-і рэсурсазберажэння ў побыце, можна і ў іншых намінацыях:
Лепшы анімацыйны ролік
Да ўдзелу прымаюцца работы каляровыя і чорна-белыя, працягласцю не больш за дзве хвіліны. Яны могуць быць выкананы ў любой тэхніцы: кампутарная анімацыя (флэш-анімацыя), моушн-дызайн, маляваная мультыплікацыя, лялечная анімацыя і г.д. Відэаролікі да ўдзелу не прымаюцца.
Самы пазітыўны мотыватар / дэматыватар
Да ўдзелу прымаюцца прыемныя, добрыя малюнкі з вясёлымі подпісамі і парадамі, датычныя «эканомнай» тэмы Фестывалю, а таксама тэматычныя шпалеры для працоўнага стала, якія нагадваюць аб простых спосабах зберажэнні энергіі і рэсурсаў. У электронным выглядзе можна дасылаць як асобныя працы, так і серыі работ. Памятаем, гумар сагравае і падаўжае жыццё!
Самая вясёлая прыпеўка
Да ўдзелу прымаюцца невялікія вершаваныя шкодныя парады, чатырохрадкоўі, прыпеўкі і песні-пародыі, тэксты якіх пакладзены на музыку папулярных хітоў.
Самая займальная гульня
Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца ідэі і распрацоўкі адукацыйных камп’ютэрных, рухомых і настольных гульняў. Незалежна ад формы, гульні павінны быць дасланыя на конкурс у электронным выглядзе.
Самы карысны журналісцкі матэрыял
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца апублікаваныя (якія выйшлі ў эфір) на працягу 2012 журналісцкія матэрыялы розных жанраў. Тэксты / расшыфроўкі эфіраў падаюцца на конкурс у электронным выглядзе з указаннем даты выхаду і спасылкай на першакрыніцу. Перавага будзе аддавацца тэкстам, якія маюць спасылку на праект ШПІРЭ.
Работы, якія не адпавядаюць тэмам конкурсу, разглядацца не будуць. Колькасць работ ад аднаго ўдзельніка не абмежавана. Удзельнікам можа стаць любы ахвочы. Удзел у конкурсе прадугледжвае згоду аўтара на выкарыстанне яго работ у некамерцыйных мэтах у рамках адукацыйных праектаў.
Свае працы ў электронным выглядзе накіроўвайце на адрас [email protected] .
Апошні тэрмін падачы – 11 лістапада 2012 года, падвядзенне вынікаў – да 1 снежня 2012 года. Пераможцаў конкурсаў чакаюць электронныя кнігі-«чыталкі», усе ўдзельнікі атрымаюць заахвочвальныя карысныя прызы з лагатыпам праекта ШПІРЭ.
Крыніца: adukacyja.info