Грамадства

Студэнтам забаранілі скардзіцца на холад у каледжы нават бацькам

Нашумелая гісторыя з адсутнасцю ацяплення ў Салігорскім дзяржаўным горна-хімічным каледжы займела свой нечаканы працяг. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Нагадаем, у канцы кастрычніка салігорскія студэнты даслалі на гарачую лінію партала TUT.by ліст, у якім скардзіліся на адсутнасць ацяплення ў аўдыторыях каледжу. Навучэнцы літаральна замярзалі на занятках. Інфармацыя пра салігорскую моладзь разляцелася па ўсім байнэце, і адміністрацыя навучальнай установы адразу “дала цяпло”. Каб згасіць пратэстныя настроі, кіраўніцтва каледжу ўзялося за пошукі аўтараў скаргі.

Зрэшты, па атрыманай салігорскімі праваабаронцамі інфармацыі, ацяпленне ў каледжы пратрымалася літаральна пару дзён, пасля чаго зноўку было адключана. Пры гэтым апранаць курткі ў памяшканнях каледжу не дазваляецца. Больш за тое, пра адсутнасць ацяплення ў будынку студэнтам забаранілі паведамляць нават бацькам. Што да аўтараў скаргі, дык знайсці іх ў адміністрацыі не атрымалася. Пошукі скончыліся запужваннямі ды пагрозамі на адрас адной з навучальных групаў горна-хімічнага каледжу.

Апошнія факты выклікаюць у праваабаронцаў асаблівую заклапочанасць. Па сутнасці, гэткае стаўленне да навучэнцаў можна разглядаць як катаванне. Студэнтам наўмысна прычыняюць фізічныя пакуты, каб пакараць за ліст на TUT.by. Пры гэтым моладзь запужваюць ды прымушаюць да маўчання. Робіцца гэта ўсё афіцыйнымі асобамі дзяржаўнай установы.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ