Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” падтрымала пратэст мясцовых сацыял-дэмакратаў супраць прапановы ўвесці платнае наведванне паліклінік. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Такое рашэнне было прынята падчас справаздачнай канферэнцыі абласной структуры “Справядлівага свету”, удзельнікі якой аднагалосна выказаліся супраць намеру ўладаў ўвесці плату за наведванне паліклінік, пра што раней ужо выказваліся віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Анатоль Тозік і старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі.
Як паведаміла актывістка партыі Людміла Дзенісенка, сябры “Справядлівага свету” распачалі ў брэсцкім рэгіёне збор подпісаў пад заявай, дзе выказваецца пратэст супраць такой прапановы, бо яна супярэчыць Канстытуцыі РБ, якая гарантуе грамадзянам краіны права на ахову здароўя, у тым ліку праз бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. “Таму чыноўнікі мусяць ведаць, што для таго, каб унесці змены ў Канстытуцыю, неабходна правесці рэферэндум”, – заявіла Дзенісенка.
Крыніца: spring96.org