Моладзь

Студэнтаў-завочнікаў у войска!

У Беларусі плянуецца адмяніць адтэрміноўку ад прызыву ў армію для завочнікаў. Адпаведны закон у першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў. Студэнты-завочнікі згубяць права на адтэрміноўку на службу ў войску.

Згодна з праектам паправак у закон аб воінскім абавязку і службе, студэнты-завочнікі згубяць права на адтэрміноўку на службу ў войску, перадае БелТА. Гэта тычыцца ўсіх, хто атрымлівае сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую адукацыю на завочных аддзяленьнях устаноў адукацыі.

Міністэрства абароны тлумачыць новыя папраўкі жаданьнем кампэнсаваць колькасьць прызыўнікоў, набор якіх з кожным годам скарачаецца:

«Калі ў 2007 годзе прыдатнымі да вайсковай службе прызнавалася 58,4% маладых людзей, то ў 2008 — 49%, а ў час апошняга прызыву — 40,5%. У бліжэйшыя два-тры гады сытуацыя ня зьменіцца», — заявіў, прадстаўляючы законапраект, намесьнік міністра абароны Пётр Ціханоўскі.

Пытаньне выклікала раскол сярод беларускіх дэпутатаў.

«Што лепш для арміі: баец-малалетка, прызваны пасьля некалькіх месяцаў вучобы на завочнай форме, або дарослы баец з завершанай адукацыяй больш высокага ўзроўню?» — задаўся рытарычным пытаньні дэпутат Уладзімір Здановіч, выступаючы ў парлямэнце ў сувязі з гэтай прапановай. Ён адзначыў «значныя праблемы Міністэрству адукацыі», якія ствараюцца адменай адтэрміновак.

Спадар Здановіч прапанаваў Міністэрству адукацыі «падумаць аб скарачэньні прыёму на завочную форму навучаньня за плату».

«Ёсьць жа яшчэ студэнты ваенных кафедраў ВНУ, якіх можна прызваць пасьля заканчэньня вучобы, каля 14 тысяч студэнтаў штогод адлічаюцца з ВНУ і таксама могуць быць прызванымі ў войска», — сказаў Уладзімір Здановіч.

Законапраектам таксама прапануецца пашырыць катэгорыю асоб, што прымаюць ваенную прысягу. Да іх будуць прылічаны студэнты, якія вучацца па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу.

У выніку закон быў прыняты ў першым чытаньні («за» прагаласавалі 103 дэпутаты са 110), перадае БелаПАН. Цяпер яго чакае другое чытаньне і разгляд Саветам Рэспублікі і прэзыдэнтам.

generation.by

0 Comments

Пакінуць адказ