Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак атрымаў адказ на свой зварот ад кіраўніцтва футбольнага клубу «Дынама» (Брэст). Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Нагадаем, грамадзянская кампанія звярнулася ў шэраг беларускіх футбольных клубаў з прапановамі аб папулярызацыі роднай мовы і пашырэнні яе ўжывання. ФК «Дынама» (Брэст) адказаў, што на чэмпіянаце Беларусі прозвішчы футбалістаў на форме будуць на беларускай мове. Менавіта з такой прапановай, сярод іншых (агучванне матчаў, правядзенне прэсавых канферэнцый на беларускай мове) і звяртаўся Ігар Случак.
Раней станоўчыя адказы ён атрымаў ад кіраўніцтва ФК «Гомель» і «БАТЭ». ФК «Гомель»з 2012 году дыктарскае суправаджэнне матчаў праводзіць на беларускай мове, у 2013 годзе такая практыка будзе прадоўжана. Астатнія прапановы кампаніі «Справаводства па-беларуску!» будуць агучаны перад камандай.
Ад ФК «БАТЭ» Ігар Случак атрымаў адказ, што пытанне аб выкарыстанні беларускай мовы разглядаецца.
Крыніца: spring96.org