Актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” стварылі анімацыйны фільм “Чарга”. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Фільм закранае глыбока філасофскія тэмы: чалавечае жыццё і раўнадушша грамадства ў дачыненні да тэмы смяротнага пакарання.
Сутнасць гэтага фільма тлумачыць каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” ў Беларусі Андрэй Палуда:
“У сваім новым мультфільме “ Чарга ” актывісты кампаніі хацелі раскрыць такі аспект, як абыякавасць да пытання смяротнага пакарання з боку беларускага грамадства. Часцяком людзі нават не задумаваюцца над тым, што пытанне смяротнай кары датычыцца кожнага з нас, паколькі прысуды выконваюцца ад імя Рэспублікі Беларусь.
Сапраўды, кожны грамадзянін стаіць у сваёй чарзе, ідуць дні, гады, а людзі стаяць ў чарзе каб скончыць школу, атрымаць дыплом, знайсці выгодную працу… Астатнія праблемы чапляюць людзей вельмі рэдка.
У межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” мы заклікаем да таго, каб людзі не былі абыякавымі ў жыцці, асабліва у сітуацыі наяўнасці смяротнага пакарання ў краіне пад назваю Беларусь. Бо пакуль існуюць суды – існуюць і судовыя памылкі, а у нашай краіне такой памылкай можа стаць жыццё нявіннага.
Таму мы за НЕсмяротнае пакаранне… Не будзь абыякавым, далучайся і ТЫ !
Крыніца: spring96.org