Моладзь

Замежныя студэнты застануцца ў Беларусі

Праект рэформы міграцыйнага заканадаўства прадугледжвае пэўныя змены, якія тычацца туркменскіх і іншых замежных студэнтаў. Зараз застацца ў Беларусі пасля заканчэння ўніверсітэту будзе нашмат прасцей.

Замежнікі, якія скончылі або яшчэ навучаюцца ў беларускіх ВНУ, і якія жадаюць застацца ў краіне, каб працаваць па спецыяльнасці, будуць вызваленыя ад неабходнасці афармляць спецыяльныя дазволы на права працаваць у Беларусі.

Таксама замежнікам, паводле новага закону, нават аплоцяць квіткі, калі яны вырашаць пераехаць у Беларусь назаўжды. Новаўвядзенне тычыцца толькі кваліфікаваных працоўных.

Па словах кіраўніка міграцыйных органаў беларускага МУС Сяргея Герасімава, такі законапраект ужо ўнесены ў парламент і яго плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі. Аб гэтым піша БелТА.

Неабходнасць рэформы міграцыйнага заканадаўства чыноўнікі тлумачаць скарачэннем насельніцтва. За апошнія тры гады беларусаў стала яшчэ на 50 тыс. меней. Хаця пры гэтым многія з іх працуюць і жывуць за мяжой. Гэтак, паводле даследавання Generation.by, права жыць у краінах ЕС маюць болей за 110 тысячаў грамадзян Беларусі. У Расіі — мінімум 300 тысячаў беларускіх працоўных мігрантаў.

Аб тым, як прыцягнуць кваліфікаваных супрацоўнікаў з-за мяжы, цяпер задумваюцца многія дзяржавы. Некаторыя з іх, як Германія, самі нацэліліся на адукаваных беларусаў, таксама спрасціўшы ім у мінулым годзе працэдуру для атрымання дазволу на працу. У ЗША да рэформы міграцыйнага заканадаўства вырашыў далучыцца нават заснавальнік Facebook Марк Цукерберг.

Калі праект закону аб міграцыі будзе прыняты ў Беларусі, скарыстацца ім змогуць найперш шматлікія кітайскія і туркменскія студэнты, якія дамінуюць у беларускіх універсітэтах. Толькі ў Менску ў 2012 годзе навучаліся болей за 2 тысячаў туркменскіх студэнтаў. Агулам у краіне — болей за 5 тыс. Усе яны, калі захочуць, змогуць застацца працаваць у Беларусі.

На гэтым тыдні таксама стала вядома, што ў адным з менскіх універсітэтаў адкрыецца цэнтр вывучэння персідскай мовы і іранскай культуры, а беларускае радыё будзе трансляваць перадачы па-кітайску.

Крыніца: generation.by

Замежныя студэнты ў БДУІР, фота bsuir.by

Замежныя студэнты ў БДУІР, фота bsuir.by

Пакінуць адказ