Мінскі гурт Crowblack прадставіў на Ultra -Music песню «Burning Cage of Justice» . Песня распавядае пра нявінна асуджаных на смяротнае пакаранне людзях. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
– Яна была напісана некалькі гадоў назад пад уражаннем аб расстрэле Аляксандра Краўчанкі, памылкова асуджанага замест Чыкацілы. У ёй закранаецца сацыяльная праблема прыняцця лёсавызначальных рашэнняў, якія не заўсёды усебакова абгрунтаваныя, – распавядае гітарыст Crowblack Яўген Калінін.
Па словах музыкаў, песня «Burning Cage of Justice» мае рэдкае музычнае спалучэнне джазавых адценняў і меладычнага метала. Яна ўвайшла ў дэбютны альбом «Dark Hearts United» , які з’явіўся ў пачатку гэтага года.
– Наша музыка закранае зусім розныя аспекты жыцця: ад эмацыйных станаў да сацыяльных праблем. Мы заўсёды стараемся ствараць такое гучанне, якое магло б пранікнуць у самую глыбіню душы, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім у коле сваіх праблем, а ў нашай музыцы знаходзіў падтрымку, – кажа Яўген Калінін. – Акрамя таго, музыка , якую мы выконваем, не з’яўляецца сляпым капіяваннем раскручаных сучасных груп або кірункаў. Яна з’яўляецца сінтэзам альдскульнага рока, эмацыйнай готыкі і “свежасці” фінскага року.
Музыка Crowblack з цяжкасцю ўпісваецца ў які-небудзь з агульнапрынятых фарматаў. У гэтым яе унікальнасць, за гэта нас і любяць нашы фанаты.
Гісторыя Crowblack бярэ пачатак у 2008 годзе, калі музыкі гурта «Тэрыторыя сну» запрасіў у якасці вакаліста Яўгена Губскага для пачатку новага праекта Black Rose. У такім фармаце гурт праіснаваў каля года, але неўзабаве распаўся. Праз некаторы час быў сабраны новы склад, а пазней з’явілася і цяперашняе назва – Crowblack. Сваю музыку ўдзельнікі гурта характарызуюць як dark rock – музычны стыль гурта Poisonblack, уражанне ад якога і дало пачатак творчасці музыкаў. У 2013 годзе Crowblack выпусцілі дэбютны альбом «Dark Hearts United» , а цяпер ужо працуюць над новым матэрыялам.
Крыніца: spring96.org