На пачатку кастрычніка ў Інтэрнэце адбудзецца прэм’ера супольнага музычнага праекта “Апошні золак”, удзельнікі якога выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
На пачатку кастрычніка ў Інтэрнэце адбудзецца прэм’ера супольнага музычнага праекта “Апошні золак”, удзельнікі якога выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі.
У межах праекта вядомыя музыкі заспяваюць пра асноўныя спосабы смяротнага пакарання – адна цалкам новая і адна вядомая кампазіцыя ў новай аранжыроўцы ад кожнага з іх. Лявон Вольскі заспявае пра ўкрыжаванне, Аляксандр Памідораў – пра газавыя камеры, Ганна Хітрык – пра гільяціну, Алесь Дзянісаў – пра расстрэл, Наста Шпакоўская – пра электрычнае крэсла, Віктар Рудэнка – пра атруту, Зміцер Вайцюшкевіч – пра шыбеніцу.
Варта адзначыць, што праект добраахвотны і далёкі ад прынцыпаў агітбрыгады. У кожнага з музыкаў свае аргументы супраць практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі і свой індывідуальны падыход да тэмы. Але ўсе згодныя, што сучасная сітуацыя недапушчальная.
Хітрык і Шпакоўская лічаць, што пытанні нараджэння і смерці наогул не ў чалавечай кампетэнцыі. Вольскі перакананы што нават самы злосны злачынец мусіць мець права ўсвядоміць цяжкасць зробленага і пакаяцца. “У гэтым сэнсе пажыццёвае зняволенне ў выпадку асабліва цяжкага злачынства будзе больш слушным пакараннем “, – адзначае ён.
Віктар Рудэнка салідарны з імі, але дадае іншы акцэнт:
“Калі мы спрабуем прапагандаваць грамадства без гвалту і забойстваў, мы павінны на ўсіх узроўнях адмовіцца ад іх. Нават законнае смяротнае пакаранне – гэта забойства, якое стварае адмоўны прыклад для грамадства”.
Для Памідорава, Вайцюшкевіча і Дзянісава справа найперш у тым, што могуць быць памылковыя прысуды, як гэта здаралася па вядомых справах Міхасевіча, Чыкацілы і не толькі. “Факт у тым, што з-за аднаго дрэннага чалавека можа загінуць нехта цалкам невінаваты. Любы з нас. Для мяне гэта галоўнае”, – кажа Аляксандр Памідораў.
Праект “Апошні золак” прымеркаваны да Сустветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. З 1997 года Еўропа дэ-факта з’яўляецца прасторай, вольнай ад смяротнай кары. Адзінае выключэнне – Беларусь.
Крыніца: spring96.org