Трэці фільм Віктара Трацякова з шэрагу “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” – рэлігійны: “Чалавек не мае права забіраць Жыццё іншага чалавека, якое даў Бог”. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Пра смяротнае пакаранне с пункту гледжання хрысціянскай этыкі разважаюць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, ксёндз Мікалай Ціхановіч і рэлігіязнаўца, сябра Хельсінкскага Камітэту Віктар Адзіночанка.
У фільме скарыстаныя кадры з 5-га Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання ў Мадрыдзе (чэрвень 2013 года), кадры з Музею генацыду (Вільня), а таксама з камеры смяротнікаў у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Таксама цытуецца пасланне Папы Рымскага Францішка да 5-га Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання: “Пакаранне смерцю павінна быць замененае на іншае, якое бы прадугледжвала шанец для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала бы надзею на справядлівасць”.
Гэты фільм быў прэзентаваны на 3-м Беларускім праваабарончым форуме, які праходзіць зараз у Вільні на панэлі супраць смяротнага пакарання і быў з цікаўнасцю сустрэты яго ўдзельнікамі. Рэжысёр фільма Віктар Трацякоў паведаміў, што “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” , – гэта вынік супольнай працы дакументалістаў і праваабаронцаў, якая пачалася ў 2010 годзе з фільма “Прычына смерці – прочырк”, прысвечанага тэме нявыдачы целаў пакараных смерцю.”