Грамадства

Алесь Бяляцкі просіць падтрымаць інтэрнэт-архіў “Вытокі”

Палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі нават у калоніі цікавіцца стварэннем і працай інтэрнэт-архіву “Вытокі”. Да свайго арышту, на волі ён быў адным з ініцыятараў стварэння гэтага праекту. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Пра тое, што цікавасць Бяляцкага да гэтага архіву не знікла, сведчыць ліст ад яго, які атрымала праваабаронца Алена Лапцёнак. Зняволены праваабаронца прачытаў аб дзейнасці інтэрнэт-архіву “Вытокі” у газетах, якія атрымлівае, і заклікае грамадскасць падтрымаць гэты праект.

Алена Лапцёнак:

Алесь узрадаваны, што ёсць інфармацыя пра «Вытокі», таму што грамадскі віртуальны архіў – гэта супольная ініцыятыва «Вясны», «Дыярыюша», Асамблеі і «Супольнасці». Алесь прыкладаў намаганні, каб гэты вэб-сайт запрацаваў. І ён просіць, каб усе, хто можа, падтрымалі архіў. Цікавіць усё, што датычыць актыўнасці падзеяў і таго, што было вакол іх: лісты, фота, абвесткі, пратаколы, рэзалюцыі, улёткі, самвыдат, успаміны.

Як сказала Алена Лапцёнак, вельмі важна, каб матэрыялы, якія захоўваюцца ў людзей, не губляліся з цягам часу, а траплялі ў гэты архіў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: racyja.com/

Пакінуць адказ