Пра Вацлава Ластоўскага, вядомага дзеяча беларускай культуры дваццатага стагоддзя (дарэчы, сёлета 130 год са дня яго нараджэння 8 лістапада), піша Анатоль Сідарэвіч.
Дзіўная рэч: хоць Вацлаў Ластоўскі не мой герой, за апошнія два гады мне ўжо другі раз даводзіцца пісаць пра яго. Вось і ў гэтыя дні, калі так ціха, амаль незаўважна прайшло 8 лістапада яго 130-годдзе, я змушаны сёе-тое ўдакладніць у біяграфіі гэтага дзеяча, развеяць пэўныя міфы.
Па-мойму, ужо абвергнуты міф пра тое, што Ластоўскі быў адным з творцаў Акта 25 Сакавіка.
Калі Рада БНР засядала з 6 гадзін вечара 24 сакавіка да 6 гадзін раніцы 25-га, а потым сабралася па абедзе 25-га, каб прыняць 3-ю Устаўную Грамату, Ластоўскага ў той зале не было. У зале была дэлегацыя Беларускай Рады ў Вільні, склад якой вядомы дакладна: Іван і Антон Луцкевічы, Ян Станкевіч і Язэп Туркевіч. Пяты сябар дэлегацыі, Дамінік Сямашка, які ў 1919-м стане літоўскім міністрам беларускіх спраў, прыехаўшы ў Менск і ўчуўшы носам, што немцы не дужа прыхільна ставяцца да Рады БНР, да ідэі беларускай дзяржаўнасці, недзе знік. Што ж тычыцца Вацлава Ластоўскага, дык Віленская Беларуская Рада ў Менск яго не дэлегавала.
Каго паслаць у Менск ад Заходняй Беларусі (ужо вымалёўваўся такі тэрмін), Беларуская Рада ў Вільні вырашала 24 лютага 1918 г. — праз шэсць дзён пасля таго, як прыняла рашэнне аб разрыве дзяржаўнай сувязі паміж Беларуссю і Расіяй. Тое рашэнне падпісалі ўсе сябры Рады. Акрамя Ластоўскага.
Тут адразу ж паўстае пытанне: як жа так? Ластоўскі ж быў нацыяналістам. Ластоўскі, творца крыўскай тэорыі, гэтага, як казаў мой настаўнік Рыгор Родчанка, нацыяналізму ў нацыяналізме, і галасаваў супраць разрыву дзяржаўных сувязяў з Расіяй? Чаму? Адказ просты: таму, што быў нацыяналістам-максімалістам; таму, што забягаў наперад.
Беларуская Рада ў Вільні следам за сваім старшынёй Антонам Луцкевічам прытрымлівалася канцэпцыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Дзяржавы, кажучы словамі Леанарда Падгорскага-Аколава, ад Беластока да Смаленска (ведама, з Вільняй як сталіцай, з Коўнам і Шаўлямі, Біржамі і Кейданамі). А Ластоўскі быў за самастойнасць Беларусі. Без Літвы!
Толькі таму, што ў рэзалюцыі Віленскай Рады гаварылася аб адбудове незалежнасці «колішняга Літоўска-Беларускага гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага)», ён узяў і не падпісаў той дакумент.
Атрымаўся ж парадокс: беларускі нацыяналіст выступіў супраць разрыву дзяржаўных сувязяў Беларусі з Расіяй.
Мала таго, сябар БСГ Вацлаў Ластоўскі выступіў супраць канцэпцыі, выпрацаванай у верасні 1917 г. яго таварышамі па партыі. Ці маглі гэтыя таварышы, якія дамінавалі ў Віленскай Беларускай Радзе, дэлегаваць такога недысцыплінаванага чалавека ў Менск? Ні ў якім разе!
Не трэба думаць, што Ластоўскі быў адзін такі незалежнік. Ідэя незалежнасці Беларусі сфармулявана тымі самымі братамі Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі БСГ яшчэ за тры гады да прыходу Ластоўскага ў партыю, у самым першым праграмным дакуменце, прынятым у 1903 го-дзе.
А потым маладыя беларускія сацыялісты агледзеліся: а дзе кадры для незалежнай дзяржавы, дзе магутны пласт нацыянальнай інтэлігенцыі, дзе пласт сваіх, краёвых адміністратараў?
Вось так і нарадзілася ідэя аўтаномнай Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Займеем кадры — можна будзе ставіць пытанне і аб незалежнасці.
А тут вайна. І на паверхню выплывае таксама не новая ідэя федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы, у якой Беларусь таксама магла б нарошчваць інтэлектуальныя і адміністрацыйныя мускулы. Ластоўскаму ж хацелася самастойнасці Беларусі неадкладна.
Тым часам да абвяшчэння незалежнасці нашай краіны беларускіх сацыялістаў падштурхоўвала сваёй вяліка-дзяржаўнай палітыкай сама Расія — спачатку ўрады Георгія Львова і Аляксандра Керанскага, а потым урад Леніна/Троцкага. Штурхала і Нямеччына, якая з бальшавікамі падзяліла Беларусь.
Калі 19—21 лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага з’езду яшчэ не гатовы быў абвяшчаць незалежнасць краіны, дык праз месяц Рада БНР ужо амаль саспела для такога кроку.
Адно патрабавалася, каб з Вільні ў Менск прыехалі «ўгаворнікі», як назваў Зміцер Жылуновіч сяброў Віленскай Рады, перш за ўсё Івана Луцкевіча.
Вось так, праз сваю паспешлівасць і незгаворлівасць з калегамі Вацлаў Ластоўскі не стаў творцам Акта 25 Сакавіка.
У літаратуры вандруе таксама цверджанне, што «ўгаворнікаў», якія прыехалі з Вільні ў Менск, кааптавалі ў склад Рады БНР. Напрыклад, я пакуль што не бачыў дакументальнага абгрунтавання гэтага цверджання.
Пагатоў не быў кааптаваны ў сакавіку 1918-га ў Раду БНР Вацлаў Ластоўскі, як пра тое мы чытаем у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 4, с. 336) ды іншых кнігах. У Раду БНР ён трапіць амаль праз паўтара года — 13 снежня 1919 г.
У той самай энцыклапедыі і ў іншых кнігах замацаваны і трэці міф пра Вацлава Ластоўскага: быццам ён быў сябрам БСГ у 1906—1908 гг. Відаць, гэты міф таксама, як і два папярэднія, пайшоў гуляць ад гісторыкаў-эмігрантаў.
Відавочна, той, хто напісаў ці набраў дату «1908», памыліўся. Уявіце сабе: ёсць газета «Наша Ніва», орган падпольнай партыі (гэта байка для легкаверных, што БСГ у 1907 г. самараспусцілася), ёсць рэдакцыя газеты, якая складаецца з сяброў Цэнтральнага Камітэта партыі — братоў Луцкевічаў і Аляксандра Уласава.
І вось гэтыя сябры ЦК БСГ запрашаюць у 1909 г. на працу ў рэдакцыі партыйнай газеты чалавека, які нічым асаблівым сябе пакуль што не праявіў. Ды яны нават Янку Купалу, ужо аўтара зборніка «Жалейка», не ўзялі ў 1908 годзе ў штат рэдакцыі.
А тут сябры ЦК партыі клічуць на пасаду сакратара рэдакцыі чалавека, які ўзяў ды выйшаў з партыі. Згадзіцеся, што гэта нелагічна.
Праўда ж у тым, што Вацлаў Ластоўскі быў сябрам БСГ да 15 лістапада 1918 г. І маё цверджанне мае дакументальнае абгрунтаванне.
Спачатку трэба прачытаць у газеце «Гоман» за 19 лістапада 1918 г. карэспандэнцыю «Агульнае сабранне Беларускае Сацыялістычнае Грамады». Гаворка ў ёй пра сход Віленскай арганізацыі БСГ 15 лістапада.
Пытанні абмяркоўваліся гарачыя: аб краёвай уладзе, аб адносінах да левых сацыялістычных партый, аб тым, ці трэба сацыялістам супрацоўнічаць з буржуазіяй і клерыкаламі (так у той час называлі не толькі святароў, але і маладую Хрысціянска-дэмакратычную злучнасць).
І вось, на гэтым сходзе, чытаем мы ў «Гомане», асобныя сябры БСГ казалі, што «левыя сацыялістычныя партыі з кожным днём робяцца больш левымі» і што «яны мераць сацыялізм міліметрамі».
Калі ж сход Віленскай арганізацыі прыняў рэзалюцыю аб супольнай працы з усімі сацыялістычным партыямі, правымі і левымі, «некаторыя сябры Грамады выйшлі з партыі».
Такая карэспандэнцыя ў «Гомане» за 19 лістапада 1918 г. Хто тыя «некаторыя сябры», стала вядома праз месяц з хвосцікам.
24 снежня А. Луцкевіч мусіў рэдагаваць для нейкай віленскай расійскамоўнай газеты паведамленне, у якім гаворыцца: «З прычыны чутак, якія цыркулююць у горадзе пра тое, што пп. Вацлаў Ластоўскі і Дамінік Сямашка з’яўляюцца сябрамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, даводзіцца да ўсеагульнага ведама, што пп. Ластоўскі і Сямашка на сходзе мясцовай арганізацыі Грамады 15 гэтага лістапада афіцыйна заявілі аб сваім выха-дзе з яе».
Чарнавік паведамлення захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 325, воп. 1, адз. зах. 7, арк. 19).
В. Ластоўскі паступова адыходзіў ад беларускага сацыялістычнага руху. Гэта і яго канфрантацыя з таварышамі па партыі ў 1917-м і на пачатку 1918 г.
Гэта і яго заява ад 26 траўня 1918 г. пра тое, што ён разам з князем Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, ксяндзом Уладзіславам Талочкам ды баронам Казімірам Шафнагелем збіраецца стварыць нацыянальна-клерыкальную партыю…
Самае цікавае, што нацыяналіст Ластоўскі, які быў супраць беларуска-літоўскай дзяржавы, у канцы 1918-га стане членам Літоўскай Тарыбы, прызнае права Літвы на Вільню, будзе жыць у Коўне і выпускаць там свае часопіс «Крывіч» і кнігі.
Выйшаўшы з БСГ за яе супрацу з левымі сацыялістычнымі партыямі, Ластоўскі дзеля таго, каб стаць прэм’ер-міністрам БНР, у 1919 г. уступіць у левую Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая заключыць антыпольскі саюз з бальшавікамі. Парадаксальны чалавек быў гэты Ластоўскі.
Вацлаў Ластоўскі
8 лістапада 1883, засценак Калеснікаў (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) — 23 студзеня 1938, НКВД.
Грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, літаратуразнавец. Нашанівец, аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі», «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», сябра Рады БНР, акадэмік АН БССР.
Крыніца: nn.by