Грамадства

У Дзень правоў чалавека Алесю Бяляцкаму ўручана ганаровае грамадзянства Парыжа

 10 снежня мэр Парыжа Бертран Дэланоэ перадасць сімвалічную ўзнагароду Адаму Бяляцкаму, сыну палітзняволенага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека і кіраўніка ПЦ “Вясна”. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Тытул Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа Алесю Бяляцкаму быў прысвоены ў кастрычніку 2012 года па прапанове мэра Парыжа, а таксама па ініцыятыве Гарадскога савета 11-й акругі сталіцы Францыі. У цяперашні час у спадара Дэланоэ сканчаецца мандат, і ён разумее, што яго жаданне ўручыць ганаровае грамадзянства асабіста Алесю невыканальнае. Таму ён прыняў рашэнне з нагоды 10 снежня ўручыць гэтую ўзнагароду сыну вязня сумлення.

Сведкамі ўзнагароджання Алеся Бяляцкага стануць запрошаныя на ўрачыстасць некалькі сотняў гасцей, сярод якіх будуць журналісты і людзі мастацтва, прадстаўнікі Французскай нацыянальнай Камісіі па правах чалавека.

Сп. Бертран Дэланоэ асабіста знаёмы з Алесем Бяляцкім і ўважліва сочыць за яго лёсам. З моманту арышту праваабаронцы мэрыя Парыжа выказвае сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім, заклікаючы ўлады Беларусі да яго безумоўнага вызвалення, і распачала шэраг сімвалічных жэстаў, далучыўшыся да кампаніі ў яго падтрымку.

Нагадаем, у траўні 2012 года партрэт Алеся Бяляцкага быў усталяваны перад мэрыяй 11-й акругі Парыжа. Таксама кіраўнік горада паставіў свой подпіс пад вылучэннем беларускага праваабаронцы на Нобелеўскую прэмію міру. У верасні гэтага года, у гадавіну яго арышту, сп. Дэланоэ накіраваў Алесю ў бабруйскую калонію ліст з запэўненнем у сваёй падтрымцы і глыбокай павазе.

«Тытул ганаровага грамадзяніна Парыжа, які дэпутаты нашага горада прысвоілі Вам па маёй просьбе ў 2012 годзе, сімвалізуе салідарнасць з Вамі і Парыжа, і парыжан. Іншая праява гэтай салідарнасці – Ваш партрэт, які пастаянна вісіць на плошчы перад будынкам мэрыі 11-й акругі Парыжа.
Паверце, што, сумесна з FIDH, чыім віцэ-прэзідэнтам Вы з’яўляецеся, і з усімі праваабаронцамі, мы працягваем дамагацца Вашага хутчэйшага вызвалення», – гаворыцца ў гэтым лісце.

У знак падзякі FIDH перадасць мэру Парыжа сп. Бертрану Дэланоэ публіцыстычны водгук Алеся Бяляцкага на апошні, што папярэднічаў яго арышту, візіт у Парыж, на паседжанне Міжнароднага бюро FIDH, якое праходзіла ў будынку гарадской мэрыі. Гэтыя ўспаміны праваабаронца напісаў ужо ў зняволенні.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ