Грамадства

Справа Вацлава Гавела працягваецца (відэа, фота)

14 студзеня ў Мінску прайшла вечарына памяці вядомага чэшскага дысідэнта, змагара за правы чалавека і першага прэзідэнта незалежнай Чэхіі Вацлава Гавела.   Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Вечарыну арганізавалі беларускія няўрадавыя арганізацыі – Рух “За свабоду”, Камітэт дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць”, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў – пры падтрымцы амбасады Чэхіі.Ушанаваць памяць вядомага дзеяча і шчырага сябра беларусаў прыйшлі грамадскія, культурныя, палітычныя дзеячы, родныя палітычных вязняў, праваабаронцы і журналісты.

Выступоўцы ў сваіх прамовах казалі пра тое, што ідэі, якія спадар Гавел ажыццяўляў у сваёй краіне, вельмі слушныя для сённяшняй Беларусі, дзе пакуль бракуе павагі да правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў з боку ўладаў.

“Ідэі Вацлава Гавела жывуць тут, у Беларусі, абарона і павага да правоў чалавека, дэмакратыя – усё гэта вельмі актуальна. Гэта пацвердзілася тым, што тут сёння павінна была прысутнічаць спадарыня Петрушка Шустрава, заснавальніца “Грамадзянскай Беларусі” і сябра Вацлава Гавела, якая хацела распавесці вам пра яго. Мы вельмі шкадуем, што яна сёння не можа тут прысутнічаць, паколькі не атрымала візу ў Беларусь. І таму я і кажу, што вельмі важна нагадваць у Беларусі пра ідэі Вацлава Гавела”, – адзначыла прадстаўніца амбасады Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідзенка-Наваградска, якая пажадала беларусам, каб правы чалавека ў іх краіне паважаліся, каб у Беларусі не было палітвязняў і каб усе жадаючыя смаглі тут збірацца разам.

Вядомая чэская дысідэнтка і ўдзельніца “Хартыі 77” Петрушка Шустрава ў відэазвароце да прысутных адзначыла, што сітуацыя ў сённяшняй Беларусі нагадвае сітуацыю ў яе краіне ў другой палове 70-х гадоў. “Мы пасля 1968 году ўвайшлі ў перыяд, які сёння назваем “нармалізацыя”. І мне падаецца, што наша “нармалізацыя” і сённяшні стан беларускага грамадства вельмі падобныя. Вы можаце рабіць тое, што патрэбна грамадзянам Беларусі, як гэта бачыць ваш прэзідэнт спадар Лукашэнка. Але я вам павінна сказаць, што я бачу іншую Беларусь. У мяне ёсць беларускія сябры, я бачыла Мінск, бачыла Курапаты, крыху паездзіла па краіне – і, па-мойму, ваша краіна выдатна можа выйсці шляхам у Еўропу. Я ведаю, што сітуацыя складаная, бо добра памятаю, як мы жылі. Для нас важней за ўсё было клапаціцца пра свабоду для сваіх зняволеных сяброў… Трэба звяртацца да міжнароднай салідарнасці… І трэба падтрымліваць стасункі паміж сабою, бо, як мне распавядаў адзін дзядуля ў Малдове, там, дзе адзін – мала сілы, там дзе два – сілы падвойваюцца, а там, дзе шмат – сілам зла прайсці ўжо нельга…

Заклікаючы беларусаў да еднасці, спадарыня Шустрава пажадала не губляць надзеі. “Вацлаў Гавел заўсёды казаў, што надзея – гэта не святло ў канцы нейкай цёмнай ночы, гэта стан майго духу. Надзея – тое, чым можна, як і любоўю, падзяліцца. Я ўжо жыву ў грамадстве, дзе поспех часта важней за ўсё, поспех грашовы. І думаю, што дапамога аднога чалавека іншаму, сяброўства, стасункі – гэта больш важна. І напрыканцы скажу вам словамі аднога нашага паэта. Ніколі не губляйце надзею. Таму што калі вы яе згубіце – хтосьці знойдзе. І напэўна не верне. Я вам жадаю, мае дарагія сябры, каб паміж вамі былі вельмі добрыя стасункі. Каб было магчыма не толькі мне, але і ўсім, хто сімпатызуе вам, прыехаць у вашу краіну, падзяліцца сваім вопытам. І жадаю вам шмат поспехаў”.

Як падкрэсліў у сваім выступе прадстаўнік БХК Гары Паганяйла, у шматграннай асобе Вацлава Гавела для беларусаў сёння найбольш важная яго іпастась змагара за свабоду і правы чалавека. “Гэты чалавек рэальна змагаўся за вызваленне палітычных вязняў Беларусі, ён напружваў заходнія ўрады і міжнародныя арганізацыі, каб змяняць сітуацыю ў Беларусі да лепшага, і адметна, што апошнія напісаныя яго рукой лісты адрасаваны беларускім палітвязням…
Падчас імпрэзы быў зачытаны ліст зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага (відэа), які стаў водгукам на ліст, які ён атрымаў ад Вацлава Гавела.

Як адзначыў прадстаўнік Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец, Вацлаў Гавел цікавіўся правамі чалавека ў сусветным маштабе. “Ён цікавіўся не толькі тым, што адбываецца ўласна ў Еўропе, але і тым, што адбываецца на Кубе, у Бірме. Па сутнасці, Чэхія за часамі яго прэзідэнцтва сталася цэнт рам дзейнасці дысідэнтаў кубінскіх, дысідэнтаў бірманскіх. Вацлаў Гавел быў ініцыятарам стварэння Міжнароднага камітэту салідарнасці з Кубай, і сённяшняй тэмай мерапрыемстваў, якія праводзяцца для ўшанавання Вацлава Гавела ў іншых частках свету, з’яўляецца Куба…”

Падтрымаўшы ідэю салідарнасці з Кубай, арганізатары імпрэзы прапанавалі прысутным паставіць свае подпісы пад адрасаваным уладам Кубы і міжнароднай грамадзянскай супольнасці зваротам, які патрабуе ад ураду Кубы спыніць рэпрэсіі супраць уласнага народу, вызваліць палітычных зняволеных і пайсці шляхам дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, і заклікае міжнародную супольнасць працягваць падтрымку кубінскіх дысідэнтаў і змагароў за свабоду.

Фота: з сайтаў svаboda.orgpyx.by

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ