Культура

У Менску выйшла новая кнiга паэта Рыгора Барадулiна

Прэзентацыя новай кнігі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Навошта” адбылася 15 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Менску.

У 162-старонкавае выданне, укладзенае Алесем Камоцкім і надрукаванае сталічным выдавецтвам “Медысонт”, увайшлі вершасказы Барадуліна, аздобленыя здымкамі амерыканскага дыпламата і фотамастака Джона Кунстадтэра, якія ён зрабіў у 2006—2009 гадах у вёсках беларускага Палесся.

Дырэктар музея Алена Мацевасян назвала “ўдалай і унікальнай” кнігу, а яе першую прэзентацыю — “гонарам для музея”. Паводле яе слоў, знаёмства з выданнем выклікае захапленне ад трапных вершасказаў, а знятыя Кунстадтэрам буслянкі, крыжы, бабулькі-сялянкі і сцэнкі з вясковага жыцця “сталі праваднікамі ў свет барадулінскай паэзіі”.

Камоцкі выказаў падзяку ўсім удзельнікам праекта, у тым ліку арганізатарам агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, і паведаміў, што аўтар выдання паабяцаў сустрэцца са сваімі чытачамі 15 лютага падчас закрыцця ў музеі выставы твораў Кунстадтэра.

moladz.org

Пакінуць адказ