Грамадства

Суд прызнаў, што аспрэчваць рашэнні Міністэрства культуры нельга

Калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі і спыніла судовы працэс у справе будаўніцтва аўтамабільна-пешаходнага маста на запаведнай тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Паводле  Праваабарончага цэнтра “Вясна” 

daroga-brest-krep

Яшчэ падчас першага судовага працэсу брэсцкі актывіст Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Дзяніс Турчаняк даводзіў, што будаўніцтва маста з’яўляецца незаконным, паколькі праект на яго ўзвядзенне не мае юрыдычнай сілы, бо не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не быў ухвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Заяўнік таксама звярнуў увагу на забарону новага будаўніцтва на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, паколькі яна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння.

У сваю чаргу прадстаўнікі Міністэрства культуры лічаць, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца службоваю прэрагатывай гэтай установы, і ў грамадскасці няма падстаў, каб аспрэчваць рашэнне міністэрства: нібыта для гэтага адсутнічаюць нарматыўна-прававыя акты. Акрамя таго, з’яўленне новага маста, паводле меркаванняў чыноўнікаў Мінкульта, дазваляе забяспечыць агульнадаступнасць Брэсцкай крэпасці і нават спрыяе рэалізацыі права грамадзян на ўдзел у культурным жыцці.

У выніку суд Цэнтральнага раёну Мінска не задаволіў скаргу Турчаняка на дзеянні Міністэрства культуры і засведчыў, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца выключным правам Мінкульта і не можа аспрэчвацца грамадзянамі.

Падчас разгляду касацыйнай скаргі калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда задаволіла пратэст пракуратуры Цэнтральнага раёна сталіцы, якая заклікала спыніць судовы працэс па скарзе грамадскасці, бо гэтая скарга непадведамасная суду агульнай юрысдыкцыі.

Як адзначыў старшыня БДТАПГіК Антон Астаповіч, пастанова гарадскога суду замацавала непадсуднасць рашэнняў Міністэрства культуры наконт помнікаў, нават калі гэтыя рашэнні не адпавядаюць заканадаўству. У такіх абставінах Астаповіч мяркуе звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру і Міністэрства юстыцыі для тлумачэння механізму судовага аспрэчвання неправамерных дзеянняў Мінкульта.

Крыніца:  spring96.org

Пакінуць адказ