На сайце “Дзедзіч” выкладзеныя памятныя буклеты, прымеркаваныя да чарговых угодкаў нараджэння Тадэвуша Касцюшкі і паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
4 лютага ва ўрочышчы Марачоўшчына (каля г. Косава, Івацэвіцкі раён) у сядзібе-музеі Тадэвуша Касцюшкі пройдуць урачыстасці з нагоды 264-ых угодкаў нараджэння нашага славутага земляка, змагара за свабоду, вядомага не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Традыцыйна ў мерапрыемствах прымаюць удзел дыпламаты амбасадаў тых краін, якія таксама ўшаноўваць памяць Тадэвуша Касцюшкі. Будуць удзельнічаць ва ўрачыстасцях жыхары Берасцейшчыны, прадстаўнікі ўладаў і дэмакратычнай грамадскасці (грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі).
Акрамя таго, у пачатку лютага адзначаюцца чарговыя ўгодкі пачатку паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
“Дзедзіч” таксама далучаецца да гэтых святкавання і запрашае ўсіх людзей добрай волі, якім дарагая памяць аб нашых славутых продках, ускласці змагарам за нашу і вашу свабоду даніну павагі.
Да гэтых падзеяў рэдакцыяй гісторыка-краязнаўчага бюлетэню “Рэха Берасцейшчыны” пры інфармацыйнай падтрымцы сайта “Дзедзіч” выдадзеныя два буклеты, якія вы можаце спампаваць у фармаце pdf тут.
Даведка “ДЗЕДЗІЧА”:
Ушанаванне памяці Тадэвуша Касцюшкі ў свеце.
У Польшчы ў гонар Касцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і ўстаноўлены помнік, многія вуліцы, плошчы носяць яго імя. У многіх мясцінах Польшчы ёсць помнікі.
У ЗША ў гонар Касцюшкі ёсць помнікі ў 6 гарадах, яго імем названа адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы.
У Швейцарыі ў гонар Касцюшкі ўстаноўлены помнік, існуе музей Т. Касцюшкі ў горадзе Салюры.
У Францыі ёсць помнік Т. Касцюшку.
У Аўстраліі імем Касцюшкі названа самая высокая гара – 2228 м (яе назваў у 1840 годзе паляк Павел Стшэлецкі, які першым узыйшоў на яе вяршыню).
У Расіі імя Т. Касцюшкі маюць плошча ў Разані і вуліца ў Санкт-Пецярбургу.
Ва Украіне імя Т. Касцюшкі носіць вуліца ў Львове.
У Беларусі іменем Касцюшкі названы плошчы, вуліцы і завулкі ў Гародні, Берасці, Косаве, Лідзе; у Гародні і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. Помнікі Тадэвушу Касцюшку ўстаноўлены ў в. Малыя Сяхновічы, у Мінску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі , а таксама ў Старадарожскім мастацкім музеі. У Марачоўшчыне (каля Косава) адкрыты дом-музей Т. Касцюшкі.
У касцёле Косава, дзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка, усталявана мемарыяльная шыльда і у дзень народзінаў нацыянальнага героя тут адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы.
Пасля аднаўлення сядзібы-музея Т. Касцюшкі ў Марачоўшчыне (каля Косава, Берасцейшчына), кожны год у дзень нараджэння Героя (4 лютага) тут збіраецца дэмакратычная грамадскасць, дыпламаты і прадстаўнікі ўлады.