Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала заяўку ў Балоньскі сакратарыят аб уваходжанні ў Балонскі працэс і далучэнні да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Заяўка Беларусі можа быць разгледжаная ўжо ў траўні 2015 года на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін, якія падпісалі Балоньскую дэкларацыю.
Першыя крокі на далучэнне да Балоньскага працэсу Беларусь рабіла яшчэ у пачатку мінулага дзесяцігоддзя неўзабаве пасля знакамітай сустрэчы еўрапейскіх міністраў адукацыі. Але хутка гэты працэс быў спынены рашэннем А. Лукашэнкі адначасна з моцнай ідэалагізацыяй беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі. У выніку наша краіна стала белай плямай на адукацыйнай мапе Еўропы. Пад уплывам жадання прыцягваць усё болей замежных студэнтаў беларускія ўлады наважыліся на рашэнне ўступаць у Балоньскі працэс.
Першую заяўку ад Беларусі планавалася разгледзець у красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Аднак на пасяджэнні Балоньскай рабочай групы, на якім абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі саміту, было прынятае рашэнне не разглядаць заяўку Беларусі з-за неадпаведасць яе прынцыпам Балоньскага працэсу. У беларускай сістэме адукацыі адсутнічае інстытуцыйная аўтаномія і рэальны студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй, рэктары прызначаюцца прэзідэнтам, а сістэма студэнцкага самакіравання не існуе, або прысутнічае толькі як дэкарацыя.
Праз геапалітычныя працэсы ў Беларусі з’явіліся добрыя шанцы быць прынятай у гэты раз. Але чыноўнікі сцвярджаюць, што і ў сістэме адукацыі адбыліся змены.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, што змянілася ў сістэме вышэйшай адукацыі з 2012 года, Богуш сказаў, што працэс, звязаны з мадэрнізацыяй адукацыі, пераўтварэннямі, ідзе даўно. Адбываюцца інстытуцыйныя, структурныя і змястоўныя змены. Так, уведзена дыферэнцыяцыя тэрмінаў падрыхтоўкі на першай ступені адукацыі ад чатырох да пяці гадоў. Магістратура выдзелена ў асобную ступень падрыхтоўкі, ёсць інтэграваныя праграмы па асабліва складаных спецыяльнасцях, навучанне па якіх на выхадзе дае кваліфікацыю на ўзроўні магістра.
Кажучы пра акадэмічныя свабоды, аўтаноміі і студэнцкі удзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй, Богуш зазначыў, што «студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах Беларусі прамое, гэта закладзена ў менеджменце ВНУ». «У кожным савеце ўніверсітэта студэнты прысутнічаюць з правам голасу — вырашальнага, не дарадчага, — сказаў Богуш. — Усе студэнцкія ініцыятывы ўлічваюцца пры прыняцці рашэнняў. Акрамя таго новыя падыходы дазваляюць студэнту больш гнутка выбудоўваць працэс навучання, выбіраючы тыя ці іншыя курсы. Гэта датычыцца і сацыяльна-гуманітарнага блока, і спецыяльных дысцыплін». Такім чынам навучальны працэс становіцца індывідуалізаваным, а выпускнік можа максімальна рэалізаваць свой патэнцыял у нацыянальнай эканоміцы.
Разам з тым маніторынг парушэнняў акадэмічных свабод, які праводзіць Грамадскі Балоньскі камітэт і маладзёжная прафсаюзная група «Студэнцкая рада», канстатуе невыкананне прапісанай на заканадаўчым узроўні квоты — 25% студэнтаў у складзе рады ВНУ. Паводле даных маніторынгу, у БДУ, напрыклад, сярод 90 членаў савета толькі 10 студэнтаў, а ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя Сахарава — адзін студэнт з 37 членаў савета.
На гэты конт Богуш сказаў, што «студэнты маюць магчымасць праз свайго паўнамоцнага прадстаўніка вылучаць любыя ініцыятывы». «Я не сутыкаўся з сітуацыямі, — адзначыў намеснік міністра, — калі афіцыйна вылучаныя студэнцкія ініцыятывы не разглядаліся б адпаведным чынам».
Крыніца: generation.by