Пра тое, што кіруе новым пакаленнем беларускіх змагароў за справядлівасць, у серыі Generation.by «Генерацыя актыўнасці».
Чым жывуць у Беларусі арт-актывісты, абаронцы правоў чалавека, змагары за права зручна карыстацца роварамі ў горадзе, за права хатніх жывёл на ўласную жылплошчу, за свабоду праграмнага коду і сэксуальнай арыентацыі. Нехта штодня муціць свой грымучы кактэйль актывізму адначасова ў розных сферах, хтосьці ж наадварот асцярожна не выходзіць за строгія межы абранай дзейнасці. Але ўсе гэтыя актывісты аб’яднаныя дзіўным свярбеннем, якое прымушае рухацца застойнае беларускае паветра і пакрысе падтоплівае наваколле. Пра тое, што кіруе новым пакаленнем беларускіх змагароў за справядлівасць, у серыі Generation.by «Генерацыя актыўнасці».
Невысокая дзяўчына ў даўгой спадніцы з цёмнымі валасамі і спагадлівымі вачыма. Насту Лойку бачаць у судах, пад аддзеламі міліцыі ці каля Акрэсціна з перадачай у руках. Нумар яе мабільніка ведаюць на памяць палітычныя актывісты, каб звярнуцца ў экстрэных сітуацыях па дапамогу. У бліжэйшых планах Насты – рэалізаваць мару ды правесці семінар па правах чалавека для беларускіх міліцыянтаў.
Пяць год праваабарончай дзейнасці, сотні затрыманых, тысячы спісаных папераў. З дзяцінства хацелася дапамагаць камусьці, але юрыдычная сфера зацягнула да сябе будучую праваабаронцу выпадкова.
Выйшла за шакаладкай і апынулася першай у аўтазаку
Былі вялікія спрэчкі з маці, куды паступаць, вельмі хацела пайсці ў радыётэхнічны, бо гуманітарнымі навукамі займацца мне зусім не хацелася. Але маці настаяла, каб я пайшла на юрыста. У выніку паступіла ў юрыдычны каледж. У такім узросце цяжка самой вырашаць, кім хочаш стаць.
– Як ты апынулася ў правах чалавека?
– Я аднойчы займалася рэгістрацыяй аднаго грамадскага аб’яднання.
– «Маладога фронту»?
– Так, але я не асабліва люблю ўдакладняць такія штукі. У тым плане, што безумоўна гэта вельмі важны для мяне этап жыцця, але цяпер, калі ты займаешся правамі чалавека, вельмі важна захоўваць палітычную нейтральнасць. І калі я патрапіла ў правы чалавека, за мной вось гэты шлейф асацыяцый з палітычным рухам вельмі доўга цягнуўся, хаця па факце я займалася там чыста юрыдычнай працай.
І вось калі я займалася рэгістрацыяй, там быў цэлы спіс адмоваў. Мяне гэта вельмі ўразіла. Бо ў каледжы вучылі, што права павінна бараніць інтарэсы, усё так высока і прыгожа. Там была такая адмова з-за таго, што ў сяброў арганізацыі былі адміністрацыйныя і крымінальныя адказнасці. Прычым гэтыя адказнасці былі за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Атрымлівалася, судзілі за тое, што арганізацыя незарэгістраваная, а калі спрабуеш зарэгістраваць, то адмаўляюць, таму што асуджаны. Для мяне гэта было вельмі дзіўнай сітуацыяй. Менавіта ў той час я ўпершыню пазнаёмілася з праваабаронцамі: Вольгай Смалянкай, Юрыем Чавусавым, Ленай Танкачовай. Справа дайшла да Вярхоўнага суду, каторы зняў усе адмовы акрамя адной. Менавіта той, каторая мяне болей за ўсё ўражвала. Я выйшла і вырашыла забраць дакументы з юркаледжу, бо на каго вы вучыце, калі на практыцы такое адбываецца?
– Што спыніла?
– Гэта быў жнівень і адпачынак у аддзеле кадраў, а пакуль прыйшоў верасень, я трошкі адышла. Цэлы апошні курс каледжа прайшоў у роздумах, чым можна заняцца і як можна ўжыць гэтыя веды ў слушны напрамак.
– Як давучылася? Відавочна што адчуваўся ціск на вучобе…
– Было вельмі смешна, наш корпус быў каля галоўнага корпусу КДБ і да нас ў сталовую хадзілі есці КДБшнікі. Паколькі я добра вучылася, то да мяне не было асаблівых прэтэнзій. Хіба аднойчы спрабавалі заваліць. Я праходзіла пераддыпломную практыку ў адміністрацыі Ленінскага раёну. Мяне падчас гэтага затрымалі супрацоўнікі РУУС Ленінскага раёну. І затрымалі разам з Дашкевічам і падобнымі хлопцамі. Выклікаў дэкан праз два дні і прачытаў лекцыю пра шкоду грамадскай дзейнасці, пачаліся размовы з начальствам па месцу практыкі і мне далі зразумець, што калі я практыку не праходжу, то мяне выключаюць.
Цікавая сітуацыя агулам з гэтым затрыманнем была, тады быў сход арганізацыі («Маладога фронту» — заўв.) і калі я прыйшла, мне сяброўка кажа: «Ты навошта прыйшла? Зараз жа затрымаюць, а ў цябе ж апошні курс, ідзі адсюль». Ну я так трохі пакрыўдзілася, выйшла і падумала, што пасяджу я на арэлях у двары і хаця б пафоткаю, як вас будуць затрымліваць. Каталася на арэлях дзве гадзіны, потым вырашала пайсці купіць хаця б шакаладку нейкую, выйшла з двору… і так я апынулася першай у аўтазаку. Мне заставаўся тыдзень на практыцы і гэта было сапраўднае пекла. Ганялі па самых цяжкіх працах. А калі я прыйшла абараняць гэтую самую практыку, былі рэкамендацыі і досыць добра падрыхтаваны тэкст. Я абаранялася першая, усё распавяла, на ўсе пытанні адказала, а яны напрыканцы: «А мы не ведаем, што з вамі рабіць, пасядзіце, пачакайце». Прасядзела гадзіны чатыры, апошняя зноўку сядаю, расказваю тое самае. Яны зноўку: «Пачакайце». У выніку яны мне паставілі сем балаў і адпусцілі. Але для мяне гэта быў вялікі шок. Відаць у іх была ўстаноўка мяне заваліць, але фармальна не было падставаў.
– Дзе твае аднакурснікі, сустракаеш іх у судах па той бок?
– Пасля каледжу ў нас было размеркаванне і шмат хто пайшоў судовымі выканаўцамі. Першыя гады вельмі шмат сустракала і было нават так трохі смешна. Майго сябра, напрыклад, аднойчы судзілі і на судзе сакратаркай была дзяўчына, з якой мы два гады правучыліся ў адной групе. Не вельмі канешне прыемныя моманты. Яна павіталася, выканала сваю працу і сышла.
Аднойчы сустрэла хлопчыка з суседняй групы, які не вельмі добра вучыўся і ў мяне часта спісваў. Ён ужо стаў пракурорам. Гэта была справа Ўладзя Яроменкі, калі яму «вешалі» прэвентыўны нагляд. Была дастаткова цікавая сустрэча на калідоры. Мы павіталіся, я запыталася, што ён тут робіць. «Працую», — кажа. — «Здагадваюся, кім ты тут працуеш» і пайшла.
Яшчэ ў 2010 годзе перад выбарамі каля нашага офісу тусаваліся супрацоўнікі ў штацкім. І адзін з іх быў хлопец, які вучыўся ў каледжы на курс старэйшы за мяне. Тады нас затрымалі. Мне было вельмі незразумела, мы вось вучыліся ў адным каледжы, нам выкладалі аднолькавыя рэчы, аднолькавыя выкладчыкі. У выніку адзін робіцца такім вось супрацоўнікам міліцыі, а іншы праваабаронцам.
«Ну так, дэструктыўны характар, як яшчэ можна ахарактарызаваць маю дзейнасць?»
Пасля каледжу Наста ўжо цалкам сышла ў праваабарону, адначасова паступіўшы на трэці курс завочнага аддзялення юрыдычнага факультэта БДУ.
У мяне быў перыяд, калі я думала, чым заняцца: ці правамі чалавека, ці стаць фатографам. Пакуль думала, мяне запрасілі на сумоўе ў «Вясну» і так усё і вырашалася.
– Як адбывалася навучанне на юрфаку? У той жа час выключалі Таню Шапуцька…
– З Таняй была вельмі непрыемная сітуацыя. Я ведаю, што потым пераследвалі дзяўчын, якія збіралі за яе подпісы і ў выніку большая частка здалася. Юрфак на ўсё здольны, таму я з асцярогай да ўсяго ставілася.
Калі я адбывала арышт, баялася, што мяне выключаць. Але тады нам далі проста строгія вымовы. Я спрабавала быць як мага меней незаўважнай. Усё адно адчувалася, што дэкан і ягоны намеснік ведалі, хто я такая, бо заўсёды першыя віталіся. Агулам было вельмі страшна кудысьці ўлезці, таму што цябе могуць выключыць. Асабліва перад маці было б няёмка. Таму ў мяне была такая вялікая палёгка, калі я скончыла.
Аднагрупнікі любілі пажартаваць. Была напрыклад вельмі смешная гісторыя на прадмеце па ідэалогіі. Выкладчык, такі адстаўны міліцыянт, аднойчы прыйшоў, па праграме ў нас была адна тэма, а ён даў чытаць нейкую чарговую прамову прэзідэнта. І адна дзяўчына ўстала і сказала: «Пачакайце, у нас па праграме іншая тэма». Ён спытаў у яе прозвішча, запісаў сабе, маўляў, на заліку мы з вамі паразмаўляем. На заліку ўжо ён раздае пытанні людзям па спісе, даходзіць да яе і кажа ёй пытанне пра апазіцыю ў Рэспубліцы Беларусь. А яна спазнялася і аднагрупнікі пачалі жартаваць: «Яна спазняецца, дайце гэтае пытанне лепей Насці!» Але ён відаць не зразумеў і захаваў гэтае пытанне для яе.
– Як увогуле было вучыцца, калі выкладчыкі такія вядомыя асобы, той жа Васілевіч?
– Паколькі я вучылася на завочным, у мяне было не вельмі шмат камунікацый. Плюс у мяне была добрая падрыхтоўка каледжа. Мне вельмі шкада, што ў мяне не выкладаў той жа Васілевіч, бо было б вельмі цікава шмат пра што з ім паразмаўляць. Часам хацела схадзіць да яго на кафедру на прыём. Хаця насамрэч выкладчыкі вельмі розныя. Я часта шкадую, што не запісвала іх рэкамендацыі па зменах заканадаўства, бо па такіх канспектах можна было б цяпер падрыхтаваць сур’ёзную комплексную рэформу, проста запісваючы за імі.
– А быў прадмет «правы чалавека»?
– Так, у мяне былі проста касмічныя ўражанні. На першай лекцыі выкладчыца дыктуе спіс літаратуры і называе аднаго расійскага выкладчыка, які супрацоўнічае з БХК. Але потым дадае: «І ў Беларусі таксама ёсць праваабарончыя арганізацыі, але яны носяць дэструктыўны характар, таму будзьце асцярожнымі пры карыстанні гэтымі крыніцамі». Ну так, дэструктыўны характар, як яшчэ можна ахарактарызаваць маю дзейнасць?
– А як маці паставілася да тваёй «дэструктыўнай» дзейнасці?
– Маці вельмі шмат задавала пытанняў, я тлумачыла ёй юрыдычныя розныя штукі, казала, што нічога кепскага не раблю, і збольшага яе гэта задаволіла. Калі ў пачатку 2011 годзе ў мяне быў вобшук, да мяне прыехалі Алесь Бяляцкі і Алег Гулак. Пасля вобшуку яны падвозілі маці на працу і так яна пазнаёмілася з Алесем. Вельмі ён ёй спадабаўся, і калі пачалася крымінальная справа супраць яго, перажывала.
«Маё сумленне мне пакуль не дазваляе сысці»
За гады працы ў Вясне я пачала адчуваць вялікую адказнасць за людзей, за тое, што адбываецца. Таму, калі я нават з’язджаю за мяжу, я не адключаю тэлефон. Калі я фізічна не магу адказваць, то пакідаю тэлефон напарніцы і яна на яго адказвае. Пасля выбараў, напрыклад, я была адна на офісе, бо ўсе астатнія былі ў судах, міліцыі. І ў нас на офісе быў гарадскі тэлефон, які звінеў кожную хвіліну, мабільны офісны, які звінеў кожную хвіліну, і мой асабісты, які звінеў кожную хвіліну. Расхваляваныя маці, бубулі, якія крычалі ў паніцы. І каб паесці, я адключала тэлефоны, ела і потым зноўку ўключала.
Ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія таксама звяртаюцца да нас. Гэта людзі з псіхічнымі захворваннямі, асабліва адчуваецца ўсплеск па вясне. У мяне быў любімы такі персанаж, за ім дома палявалі спецслужбы. І мой любімы аповед быў пра тое, што яго спрабавалі забіць тры разы і на трэці ў іх атрымалася.
Часта людзі звяртаюцца і кажуць: «Мы свае». Думаюць, што для нас гэта важна, якіх яны палітычных поглядаў. А ў нас абсалютна нейтральная пазіцыя, калі мы бачым, што чыесьці правы парушаюцца, мы будзем іх абараняць. Мы не маем права прымаць нічый палітычны бок.
Я мару правесці семінар па правах чалавека для супрацоўнікаў міліцыі. Неяк з Ластоўскім была цікавая гісторыя. ДАІ праводзіла чарговую акцыю “перахват”, і Ластоўскі пісаў у твітар пра тое, што шукае валанцёраў. Я яму напісала, што я магу прадставіць вам людзей, а мы вось правядзем семінар па правах чалавека, на паўтары гадзіны. На што ён адказаў, што ён такія пытанні не вырашае, але абяцаў параіцца з кіраўніцтвам 🙂
Была назіральніцай у Кіеве падчас масавых акцый. Тады ў мяне быў такі цікавы маршрут цягнікоў Менск-Вільня, Вільня-Кіеў і перасадка 40 хвілін. Я патэлефанавала маці ў час перасадкі і сказала, што я еду ў Кіеў. На што яна досыць спакойна нечакана для мяне адрэагавала. Беларускі пашпарт там гэта нешта чароўнае. Калі пазней былі суды, мы з Лёшай Казлюком і Мішай Мацкевічам хацелі патрапіць на суд і там быў проста вялікі натоўп, яны проста дасталі беларускія пашпарты і пачалі гучна казаць: «Назіральнікі! Назіральнікі!» і ўсе так расступіліся, і канвой іх прапусціў.
Я разумею, што правы чалавека – гэта пэўны шчыт. Наколькі яны эфектыўней працуюць, на столькі мацнейшы шчыт. У мяне адчуванне, што ў нас ён настолькі крохкі, настолькі мала там людзей працуе, што калі адзін чалавек сыйдзе, то можа з’явіцца праблема. Маё сумленне мне пакуль не дазваляе сысці.
– Праз сябе прапускаеш кожную праблему?
– Варта было б нейкую дыстанцыю выбудоўваць, але ў мяне ёсць асаблівасць, што я не магу вырашаць праблему, калі праз сябе яе не прапускаю. На мяне нават часам іншыя лаюцца, што я пачынаю перажываць замест таго, каб сесці нармальна і падумаць. Але для мяне гэта вельмі моцная матывацыя. Плюс мне вельмі дапамагаюць рэлігійныя рэчы, я ўніятка.
– Твой ліст у МУС з просьбай пра неўжывання зброі супраць злачынцы ў выпадку калі ты будзеш закладніцай – гэта таксама звязана з рэлігіяй?
– Так. Плюс яшчэ мне вельмі не падабаецца тэндэнцыя, калі супрацоўнікі міліцыі беспадстаўна ўжываюць зброю. Навошта страляць на паражэнне, калі можна пачаць перамовы? А паколькі я яшчэ супраць смяротнага пакарання, а забіваць яшчэ да суду, гэта ўвогуле… І вось я спадзявалася, што той ліст зматывуе іх шукаць альтэрнатыўныя шляхі. Ёсць такі панятак «абсалютнае права», дык вось існуе свабода ад катаванняў. І мы часта на семінарах задаем пытанне: «Катаваць нельга. А тэрарыстаў можна?» І цікава, што шмат хто лічыць што сапраўды тэрарыстаў можна катаваць. Дык якое ж гэта тады абсалютнае права? І шмат хто кажа, вось бомба закладзеная, і калі не пачаць катаваць, ён не скажа дзе. Дык ён можа сказаць, а можа не сказаць. Ёсць сэнс шукаць альтэрнатыўныя шляхі, а катаваць ці забіваць – гэта самае лёгкае. Агулам вельмі шкада, што пазіцыя большасці за смяротнае пакаранне, гэта пазіцыя такая: пазбаўленне тых, хто ім не падабаецца. Яны проста не хочуць яго бачыць, а тое, што магчыма само грамадства да такога стану яго прывяло, мала хто пра гэта хоча задумвацца, на жаль. Заўсёды знойдуцца людзі, якія адстойваюць «за». І гэта помста, помста, помста.
«Мы не хочам быць там, мы тут»
На колькі спускаць рукі, на столькі яно будзе працягвацца. Напрыклад, скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, падаецца: які сэнс? Але потым у нефармальнай размове разумееш, што ім было непрыемна атрымаць скаргу не толькі псіхалагічна. Бо гэта ўплывае і на размеркаванне прэмій. Сам факт існавання скаргі дае падставы пазбавіць яе. Хаця канешне гэтага не спыняе іх ад хлуслівых сведчанняў у судзе.
Для мяне самае страшнае, калі людзі разумеюць, што яны робяць нешта няправільна, працягваюць гэта рабіць і толькі шукаюць апраўданні. Хаця з іншага боку ідэйна перакананыя могуць быць куды горш.
Нядаўна была прынятая пастанова пленума ВС аб публічнасці судовых працэсаў. Мы лічым, што ў тым ліку і дзякуючы намаганням праваабаронцаў. Нашы назіральнікі, калі не патраплялі на працэс, калі іх не пускалі напрыклад, заўсёды пісалі скаргі. І адкуль яшчэ Вярхоўны суд мог праверыць, што існуе такая праблема, толькі праз гэтыя скаргі. Мы зараз правялі невялічкі маніторынг, як гэта працуе, высвятлілася, што не ўсе суддзі ведаюць пра існаванне гэтага дакумента, таму будзем працаваць у гэтым накірунку.
Нават унутры грамадскай супольнасці нас часта успрымаюць як палітычны рух. Мы заўсёды кажам: не, мы не хочам быць там, мы тут і змяняем сітуацыю незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады.
Невясёлае свята
10 снежня агулам гэта такое свята для мяне са слязамі на вачох. Таму што 10 снежня 1948 году была Дэкларацыя, гэта быў такі прарыў, усё лепшае. Ніводная краіна адкрыта не кажа, што гэта кепскі дакумент. Але мы бачым, што адбываецца насамрэч. Няма ніводнай краіны, якая б выконвала правы чалавека цалкам. Міжнародныя інстытуты не працуюць. Яскравы прыклад сёння – гэта Ўкраіна. А як было ў Руандзе ў 94 годзе – пакуль ААН думала, што рабіць, загінула вельмі шмат людзей. І такіх прыкладаў шмат.
Грамадзянская супольнасць — гэта не тое, што ёсць унутры адной краіны, а і міжнародная супольнасць, якая разумее праблемы іншай краіны і ўспрымае іх як агульную бяду.
Фота: Юля Сакалоўская,
ілюстрацыі: Воля Кузьміч
Крыніца: generation.by