Мода на шляхецкія сядзібы паволі вяртаецца ў Беларусь, але як адрадзіць прысядзібныя паркі, шыкоўныя алеі ды гістарычныя краявіды?
Гісторыі, звязаныя з беларускімі архітэктурнымі помнікамі – палацамі, камяніцамі, цэрквамі і г.д., – бываюць розныя: часам сумныя, часам загадкавыя, часам да болю крыўдныя, улічваючы іх незайздросны лёс. Цікава, што са старымі паркамі гісторыяў звязана значна менш – пра іх проста менш гавораць, менш цікавяцца, часцей забываюць. Хоць у Еўропе парк – гэта такая ж каштоўнасць, як і палац, пры якім ён высаджаны.
Сваімі меркаваннямі на тэму з сайтам “Будзьма беларусамі!” падзялілася Яна Марчук – малады інжынер садова-паркавага будаўніцтва, з 2009 года валанцёр Фонду “Любчанскі замак”, даследчык гісторыі маёнтка ў Любчы. Цяпер Яна навучаецца ў Вялікабрытаніі.
“…Высечам старыя ліпы, пасадзім туйкі”
– Паступова ў нас фармуецца меркаванне пра каштоўнасць архітэктурнай спадчыны, а што наконт каштоўнасці паркаў і ландшафтаў?
– Апошнім, на жаль, надзяляецца значна менш увагі. Калі ўзяць сядзібы, то новыя ўладальнікі вельмі часта не ведаюць, што не толькі галоўны дом, але і парк – таксама каштоўны аб’ект, а не проста бонус да будынкаў. Даводзіцца сутыкацца з такім разуменнем, што, маўляў, “ну растуць дрэвы і растуць, высечам старыя ліпы – пасадзім туйкі, будзе прыгожа…”
– Якія найбольш каштоўныя паркавыя комплексы Беларусі вы маглі б прывесці ў прыклад?
– З самых вядомых адноўленых паркаў – Нясвіжскі, Гомельскі, Лошыцкі. На жаль, вельмі занядбаныя цудоўная Альба ў Нясвіжы і парк у Бельмонтах на Браслаўшчыне – адноўленыя, яны сталі б сапраўднымі перлінамі. Вельмі цікавыя барочныя сады ў Бачэйкаве і Дубой, на жаль, таксама амаль страчаныя.
Імгненны эфект немагчымы: чакай, пакуль вырастуць дрэвы
– Што прасцей аднавіць: ландшафтны аб’ект ці будынак?
– Складана сказаць. Пачатковыя этапы амаль аднолькавыя: даследуюць гістарычныя матэрыялы, падрабязна абследуюць сам аб’ект і фіксуюць тое, што захавалася. Потым вызначаюць вартасці аб’екта – з пункту гледжання гісторыі, мастацтва, археалогіі, экалогіі, эстэтыкі, сучаснага ўспрыняцця і г.д. І нарэшце вырашаюць, што з гэтым усім рабіць, вядома, улічваючы тое, як аб’ект будзе выкарыстоўвацца.
Асаблівасць парка ў тым, што гэта жывы арганізм. Калі ў будынку можна практычна спыніць працэсы змянення, то парк змяняецца ўвесь час. Ён пастаянна расце і развіваецца, хай і вельмі паволі. Даводзіцца чакаць, калі падрастуць пасаджаныя дрэвы і сфармуюць кампазіцыю. Або, напрыклад, калі загінуць старыя дрэвы з іншых часавых напластаванняў, і парк набудзе цэльны выгляд на пэўны перыяд. У рэстаўрацыі парку немагчымы “імгненны” эфект, як у выпадку з будынкамі.
Таксама трэба ўлічваць, што гістарычны парк – гэта асаблівая экасістэма. І з ёй трэба абыходзіцца вельмі асцярожна, калі мы хочам захаваць флору і фауну, якія фармаваліся тут вельмі доўгі час.
– Зразумела, што ў дзяржавы часта не хапае грошай на шляхецкія сядзібы, якія занепадаюць. Але калі казаць пра прыватных уладальнікаў, якія набываюць былыя “панскія маёнткі”, – яны дбаюць пра паркі?
– З досведу калегаў скажу, што часцяком трэба тлумачыць, што парк – гэта таксама каштоўнасць, што нельга наўпрост пасекчы тое, што не падабаецца. Варта тлумачыць, што маёнтак таксама ўключае пад’язныя алеі і навакольныя краявіды.
У сельсаветаў да паркаў не даходзяць рукі
– Дзяржава неяк ахоўвае прысядзібныя паркі?
– Гістарычным паркам у нас можа надавацца статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і статус помніка прыроды, якія накладаюць пэўны рэжым аховы і выкарыстання. Уласнік гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле закона, мае забяспечваць яе захаванне. Але часцей у дзяржаўных уласнікаў, тых жа сельсаветаў, рукі не даходзяць нават дзірку ў даху сядзібнага дома руберойдам закрыць, што ўжо казаць пра паркі? Максімум што зробяць – высекуць старыя дуплістыя дрэвы як “аварыйныя”, не надта разбіраючыся ў іхнай каштоўнасці і сапраўдным санітарным стане.
Што да надання паркам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, тут не ўсё так проста. Вядома, што ў сакавіку мінулага года выйшла даручэнне Савета Міністраў па “аналізе і ўнясенні прапаноў па скарачэнні” спіса. Гэта пры тым, што нас ужо не здзіўляюць сітуацыі, калі будынкі раптам пазбаўляюцца свайго статуса перад тым, як быць знесенымі пад новае будаўніцтва. Можна ўявіць, з якім “імпэтам” у спіс уключаюцца новыя аб’екты, ў тым ліку і паркі…
– Ці ёсць у Беларусі пазітыўныя прыклады аднаўлення паркаў?
– Паўсюль ёсць пытанні і спрэчныя рашэнні. Па шчырасці, мне не вельмі хацелася б крытыкаваць працу больш дасведчаных калег. Лепей гэта рабіць праз канструктыўнае абмеркаванне. У любым выпадку, добра, што праца ідзе і назапашваецца досвед. Напрыклад, ужо падрыхтаваны праект рэканструкцыі Італьянскага сада ў Міры – калі ён рэалізуецца, гэта будзе ўнікальны аб’ект для Беларусі.
Даводзіцца спазнаваць усё самому і вучыцца на практыцы
– Дык а спецыялісты ёсць наогул?
– Спецыялісты ёсць: самыя буйныя аб’екты распрацоўвалі “Мінскпраект” і “Белрэстаўрацыя” (Нясвіж, Мір, Залессе, Лошыцкі парк, Губернатарскі сад у Мінску). Анатоль Тарасавіч Федарук – вядомы даследчык паркаў беларускіх сядзібаў, прафесар, кандыдат біялагічных навук – кансультуе шмат якія праекты.
– Дзе такіх спецыялістаў рыхтуюць у Беларусі?
– У БНТУ на архітэктурным факультэце была спецыяльнасць “рэстаўрацыя”, але яе закрылі ў 2011, выпусціўшы толькі два курсы. Рэстаўрацыі паркаў у нас нідзе не вучаць. Таму даводзіцца спазнаваць усё самому, глядзець на замежны досвед, вучыцца на практыцы.
– Чуў, што паркам у Любчы вы займаецеся не першы год, ці так?
– Так, спачатку была проста валанцёрам на адбудове Любчанскага замка, а ўжо пазней працавала над праектам аднаўлення парка. Асноўны падыход у праекце – захаваць і рэканструяваць гістарычную планіроўку, а таксама аднавіць прагулачны маршрут вакол замка. Балазе, рэгулярная планіровачная структура ў Любчанскім парку захавалася даволі добра.
Каб вызначыць дрэвы, якія раслі ў парку, археолагі шукаюць нават пылок
– А што рабіць, калі планіроўка парку не захавалася і няма планаў у архівах?
– Гэта залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Пачнем з таго, што акрамя планаў ёсць іншыя гістарычныя крыніцы: напрыклад, апісанні сучаснікаў, а таксама археалагічныя даследаванні. Сучасныя метады археалогіі могуць шмат расказаць пра колішні выгляд парку. Напрыклад, аналіз пылку, знойдзенага ў культурным пласце, дапаможа вызначыць, якія віды раслі ў парку ў пэўны перыяд. Але, вядома, такія метады дорага каштуюць і прымяняюцца далёка не паўсюдна.
На жаль, сведчанняў найчасцей бракуе, а нярэдка бывае, што вынікі археалагічных даследаванняў супярэчаць гістарычным планам і выявам. Сучасная тэорыя рэстаўрацыі грунтуецца на правілах, прынятых яшчэ ў 1960-я, што дапускаюць рэстаўрацыю і рэканструкцыю толькі калі ёсць дакладныя гістарычныя сведчанні.
Тым не менш у рэстаўрацыі паркаў практыкуюцца розныя падыходы, у тым ліку “рэкрэацыя” – стварэнне сада-рэплікі, які ніколі не існаваў. Напрыклад, у Вашынгтон Олд Хол (Washington Old Hall, Англія), у маёнтку сям’і Джорджа Вашынгтона, быў створаны “вузлавы” сад на ўзор XVI-XVII стагоддзя, якога там ніколі не было. Такое рашэнне мела на мэце стварыць параднае атачэнне для дома і ўзмацніць цікавасць для наведнікаў.
Або іншы прыклад – сад XVI стагоддзя ў замку Кенілворс (Kenilworth). Тут мы ўжо маем справу з гістарычна абгрунтаванай рэканструкцыяй сада, ад якога не засталося аніякіх бачных слядоў. На месцы сада праводзілі археалагічныя даследаванні, падчас якіх знайшлі яго кампазіцыйны цэнтр, але ў асноўным абапіраліся на вельмі падрабязнае апісанне сучасніка. Сад быў рэканструяваны як рэдкі прыклад эпохі Елізаветы І.
Калісьці адна сям’я, цяпер – тысячы сем’яў
– Вы паходзіце з Гародні, што вы маглі б сказаць пра перспектывы парку Жылібера, закладзенага ў XVIII ст.?
– Думаю, гэтае месца лепей разглядаць як частку адзінага барочнага ансамбля – сведку адметных часоў для нашага горада, звязаных з асобай Антонія Тызенгаўза. Суцэльны комплекс Гарадніцы ўжо не адбудуеш, дый, думаю, і не варта, але планіровачную структуру яе цэнтральнай часткі аднавіць можна: пазначыць падмуркі палаца, “вярнуць” у кампазіцыю будынак Медыцынскай акадэміі, рэканструяваць батанічны сад. Ён стаў бы цудоўнай атракцыяй горада, маючы і высокую адукацыйную вартасць. Думаю, што аднаўленне батанічнага сада цалкам рэальна, тым больш што гістарычныя сведчанні ёсць: украінскія навукоўцы нядаўна апублікавалі даследаванне гербарыяў Ж. Э. Жылібера, у тым ліку апісанне яго гарадзенскай калекцыі.
У той жа час неабходна ўлічваць цяперашнія патрэбы гараджанаў. Парк Жылібера – улюбёнае месца шпацыраў і сустрэч гарадзенцаў, ён мусіць такім і застацца. Галоўнае і самае цікавае пытанне будзе ў тым, як спалучыць гісторыю і сучаснасць.
– Раней шляхецкія паркі былі пакліканыя служыць ідэі статуснасці сваіх гаспадароў, а што цяпер?
– Даўней сядзібныя паркі былі задавальненнем адной сям’і, цяпер іх наведваюць тысячы людзей. Таму дылема тут тая ж: дапасаванне гістарычнай матэрыі, прасторавай структуры і атмасферы парка да сучасных умоваў. Адаптацыі неабходныя, каб падтрымліваць належны стан дарожак, збудаванняў, ахоўваць жывыя кампаненты парка і ў той жа час рабіць парк даступным для ўсіх.
Гістарычныя паркі павінныя быць адкрытымі для людзей: каб кожны меў магчымасць спазнаць сваю гісторыю, адчуць дух месца, дакрануцца да двухсотгадовага дрэва, проста пашпацыраваць і адпачыць. Нашая задача – вызначыць, што каштоўнае ў парку, захаваць і перадаць гэта наступным пакаленням.