У дзень усіх закаханых сардэц, 14-лютага, АРР “Дзедзіч” ладзіла незвычайную для берасцейскай публіцы імпрэзу пад назвай Любоўны гармідар. Не гледзячы на тое, што ў святочны дзень у горадзе праходзілі і іншыя цікавыя вечарыны, на Маякоўскага, 46-1 прыйшло прыблізна 15 пар.
Адразу паўстае пытанне ў недасведчаных асоб: пра што Любоўны гармідар? Гэта тэматычны майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах і гульнях прысвечаны да дня усіх закаханых.
Ідэя імпрэзы – распавесці і паказаць берасцейцам у музыкальнай форме, як забаўляліся беларусы ў безінтэрнэтны час.
Спецыяльна да берасцейцаў у госці завіталі мінскія аматары беларускай музыкальнай гісторыі і танцаў – Антось Бельскі і Сяржук Місюкевіч. Хлопцы прыехалі с сапраўднай беларускай дудой, таму танцы праходзілі з удзелам “жывой” гульні інструменту сумесна з mp3-запісамі.
Сяржук Місюкевіч распавёў чытачам АРР “Дзедзіч” гісторыю знаёмства з танцамі, чаму яго з сябрам занесла ў Берасце і пра жыццё-быццё.
Мы пазнаёміліся з дзяўчынамі з Дзедзіча: Аленай і Ірынай, калі святкавалі Новы год 2015 у Залессі. Тады яшчэ Антось браў сваю дуду, мы танчылі і ўсім спадабалася. Адгэтуль пайшла ідэя зладзіць такую вечарыну, калі ёсць і памяшканне, і жаданне людзей.
Даведка: як АРР “Дзедзіч” і сябры адсвяткавалі першы Новы год у Доме еўрапейскіх сустрэч у Залессі можна прачытаць па спасылцы: У Доме еўрапейскіх сустрэч адсвяткавалі Новы год, як сто гадоў таму.
Далей Сяржук кажа, што яму і яго сябру Антосю спадабалася супольнасць Дзедзіча. Дзяўчыны запрашалі мяне на фестываль мабільнасці Самаход, дзе я распавядаў пра ўласныя першыя вандроўкі.
Даведка: пра першы ў Берасці фестываль мабільнасці Самаход можна даведацца па спасылцы: У Берасці ўпершыню прайшоў фестываль мабільнасці Самаход.
Сяржук адзначае, што яны зусім не прафесіяналы, а аматары традыцыйных беларускіх танцаў. У Менску ёсць людзі, якія танчаць куды лепей, чым мы. Напрыклад, танцавальны клуб СІТА і гурт GUDA, дзе людзі паглыбляюцца ў традыцыю танца, намагаюцца танчыць у архаічнай манеры, запісваюць свае творы, ходзяць у экспедыцыі. А мы больш аматары, якім цікава наша культура.
Адкуль прыйшла любоў да танцаў?
Калі я быў студэнтам, у нас было мерапрыемства “корч”. Ладзілі танцы, прыходзілі дудары, фаяршчыкі. Сустракаліся мы каля мінскай нацыянальнай бібліятэцы, дзе калісьці быў яблыневы сад. Зараз замест саду пабудавалі шмат павярховак. Прыходзіла дзесьці пад 100 чалавек. Сустрэчы адбываліся кожную сераду.
Частка людзей прыходзіла патанчыць, частка проста пазнаёміцца, паразмаўляць ці піва папіць на прыродзе. Сёння “корч” існуе таксама, як і раней прыходзяць маладыя танцоры і дудары. У гэтым месцы і я пазнаёміўся са шмат цікавымі людзьмі і пачаў займацца танцамі. У Менску шмат чаго адбываецца і прасцей знайсці тое, што бліжэй. Існуе ў Менску студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Я шмат з імі камунікую, езджу на Купалле і Каляды, збіраемся разам і спяваем песні.
Я больш тусовачны чалавек, не паглыбляюся, таму што экспедыцыі, часу няма.
У жыцці Сяржук водзіць людзей у горы, а Антось – праграміст.
На будучыню хлопцы не супраць правесці для жадаючых тусовачныя імпрэзы на прыкладзе Любоўнага гармідару.
У гэты вечар на імправізаванай танцавальнай пляцоўцы Дзедзіча кожны быў з парай. Дапамаглі і латарэя, і знаёмства, і атмасфера свята.
Арганізатары зрабілі дзве зоны, каб кожнаму ў гэты вечар было ўтульна. Першая – для танцаў і гульняў, другая – тусовачная (можна пасмакаваць пунш, абмеркаваць любоўныя навіны ці пакінуць след ад памады на лысіне Саладухі).
Саша прыйшла на Любоўны гармідар з хлопцам. Кажа, што іх запрасіла сямейная пара і паабяцала беларускія танцы.
Я ўпершыню так святкую дзень Святога Валянціна. Мой хлопец прыцягнуў мяне да ўсяго беларускага, гісторыі. Танцы і гульні – добрыя, атмасфера – прыемная, цёплая і сяброўская. Спачатку мне было няёмка, а напрыканцы вечарыны ўжо расслабілася, бо людзі прыветлівыя. Свята ўсіх закаханых у гэтым годзе, мне здаецца, самае цікавае з усіх мінулых.
У купе на ўсё пра ўсё спатрэбілася 2,5 гадзіны. Разагрэтыя берасцейцы так пайшлі ў пляс, што танцавальнай пляцоўцы стала мала. Нават калі прыйшло бы чуць болей чалавек, спатрэбілася бы арганізаваць яшчэ адну пляцоўку.
Андрэй прыйшоў на вечарыну з жонкай.
Я заўсёды за ўсе “движухи”, дзе ёсць беларускае. Гэта весела і неардынарна, не ўсе на гэта здольныя. Кампанія добрая: усе інтэлігентныя, адукаваныя.
Я вельмі люблю беларускую мову. Вучуся ў беларускай школцы. Нажаль няма з кім размаўляць па-беларуску, таму ўжываю рускую. Прынцыпова чытаю толькі беларускіх пісьменнікаў, ужываю беларускую мову ў банкамаце, каб трошкі аддаць павагу да беларускасці.
Жонка ставіцца да ўсяго гэтага неяк аддалена, яе гэта не вельмі цікавіць. Але сёння яна пасміхалася і ёй было весела. Думаю на наступныя імпрэзы яна пойдзе без усялякіх дамаўленняў.
Напрыканцы імпрэзы арганізатары выбралі лепшую пару вечарыны – Мікола і Юля. Цікава, што рабята прыйшлі паасобку, а латарэя іх звязала.
Мікола распавядае:
Пачуцці цудоўныя, нават і словамі не перадаць. Танцы спадабаліся больш, чым гульні. Мяне цягне да іх, асабліва парамі. Лепей было бы, каб мы не абменьваліся дзяўчынамі ў танцах, таму што больш практыкуесся, калі адна і тая ж дзяўчына, а так блытаесся і не атрымоўваееца ўвогуле.
Мікола адзначыў, што сёння яго цікавяць танцы, таму з усіх імпрэз у гэты дзень ён менавіта выбраў Любоўны гармідар.
Так, а танчылі берасцейцы: кракавяк, крэўскую польку, лявоніха і шмат іншых.
Аўтар тэксту: Наталля Гарайкіна