Беларускі рок-гурт :B:N: ў апошнія дні зімы прапануе афіцыйнае відэа – кліп на песню ”Попел”.
Відэа з’яўляецца сваеасаблівым “разагрэвам” перад будучым альбомам гурта пад назвай “Шукай сваё”, які ў хуткім часе з’явіцца ў сетцы. Антон Мамоненка – таленавіты малады аператар, зняў відэа ў “попельных” танах, зрабіўшы маналітам музыку і відэа.
Аўтар словаў (Сяржук Машковіч – аўтар практычна ўсіх тэкстаў гурта) так апісвае “Попел”: “-Попел -гэта песьня перажываньне.У ёй гаворыцца аб душэўным стане чалавека, які перажывае расстаньне з блізкімі людзьмі. У такія моманты ты не бачыш і адэкватна не ўспрымаеш тое, што адбываецца вакол, заслона шэрасці засцілае твой розум і позірк і ты губляешся ў рэальнасці. Грань дэпрэсіі надрывае тваю свядомасьць і не дае табе бачыць прыгожае”.
Запіс альбома – студыя Таксафон (Мінск), звядзенне і майстэрынг – студыя iVaneySound (Кіеў).
29 сакавіка ў сталічным клюбе Republic адбудзецца прэзентацыя альбома ”Шукай сваё”, там таксама можна будзе ўбачыць кліп на вялікім экране.