Гісторыя

20 фактаў пра вялікага князя Ягайлу

Некалькі фактаў, якія варта было ўспомніць пра адну з самых вядомых і супярэчлівых постацяў у беларускай гісторыі — вялікага князя Ягайлу.

jagailo[1]

1)      Калі дата смерці Ягайлы вядомая дакладна, з датай нараджэння князя гісторыкам пашанцавала менш. Называюць 1348, 1350, 1351, 1352, нават 1362 год.

2)      З імем князя таксама не ўсё зразумела. Дакладней, нічога не зразумела, кожны агучвае сваю версію. Згодна з адной з іх, Ягайла — не што іншае, як Якаў. Згодна з другой — скажоная Ёган, бо менавіта так быццам называлі Іванаў у Віцебску, дзе сядзеў князем Ягайла некаторы час. Літоўцы, зразумела, выводзяць імя са сваёй мовы і маюць варыянты “Ягайла — моцны яздок, вершнік” (ад літоўскага jóti — “ехаць конна” і gáilas — “моцны”) ці зусім абсурднае “Калі жаль” (jei — «калі» і gailis — “жаль”). На фоне шыкоўнага імя “Калі жаль” астатнія варыянты кшталту “Злосны” (ад скандынаўскага gal), “магутны” ад індаеўрапейскага gail, “Белы” ад старапрускага gaylis і нарэшце — “Светлы славай” — “Jag-gailo” ўжо не выглядаюць чымсьці дзіўным.

3)      Маці Ягайлы была цвярская князёўна Ульяна, а яго жонкай ледзь не стала дачка маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога Сафія. Былі рэальныя шанцы, што вялікі князь прыме праваслаўе і павернецца тварам не на Захад, а на Усход.

4)      Літоўскае войска пад кіраўніцтвам Ягайлы ледзь не стала трэцяй сілай на Куліковым полі, на баку Мамая. Лёс арміі Дзмітрыя ў гэтым выпадку быў бы прадвызначаны, а прычына няўдзелу Ягайлы ў бітве — да гэтага часу дыскусійнае пытанне.

5)       Вялікім князем Літоўскім Ягайла станавіўся двойчы — у 1377, пасля смерці Альгерда, і ў 1381 годзе, калі Вільня адкрыла яму вароты. У 1380-1381 гг. Ягайла, якога за сумнеўныя адносіны з крыжакамі дзядзька Кейстут пазбавіў трона, разам з маці сядзеў цішэй вады ніжэй травы ў Віцебску. Калі пляменнік перамог у грамадзянскай вайне, ён састарэламу Кейстуту такой ласкі не аказаў.

jagiello_i_witovt[1]

6)      Адносіны Ягайлы з самым вядомым з яго родзічаў, Вітаўтам, былі, скажам так, складаныя. Неаднойчы кузэны рабіліся сябрамі, неаднойчы ворагамі, неаднойчы хаўруснікамі на палітычным узроўні, неаднойчы Вітаўт імкнуўся пазбавіцца занадта назойлівай апекі кузэна. Аднак з 1392 года адкрытай варожасці паміж сваякамі не было.

7)      Адна з найбольш вядомых падзей, якая тычыцца Ягайлы, — яго шлюб з польскай каралевай Ядвігай і Крэўская унія. Падрабязна пра яе вы можаце прачытаць вось тут.

8)      Менавіта дзякуючы Ягайлу пачалася агульная гісторыя ВКЛ і Польшчы, якая з невялікімі перапынкамі працягвалася да 1795 года, калі абедзве дзяржавы зніклі з карты Еўропы.

9)      У розны час Ягайла паспеў пабыць хаўруснікам і ворагам амаль усіх суседзяў — крыжакоў, Польшчы, рускіх княстваў. Найлепшыя адносіны былі ў князя з Мамаем (быў толькі не найлепшым хаўруснікам, ніколі не быў ворагам) і Польшчай (у пачатку праўлення адносіны былі не найлепшыя, потым — унія), найгоршыя — з Ордэнам (часовыя саюзы наўрад ці перакрываюць разгром пад Грунвальдам). З Масквой у Ягайлы былі адносіны “ні вайны, ні міру” — літоўскае войска пад яго кіраўніцтвам ніколі не сыходзілася з маскоўскім, але паўнавартаснага саюзу таксама не было.

10)  Менавіта Ягайла афіцыйна хрысціў Літву ў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. У доўгатэрміновай перспектыве гэта выбіла глебу з-пад ног Тэўтонскага ордэна, сэнс існавання якога з хрышчэннем апошняй паганскай дзяржавы Еўропы знік.

11)  Літоўская гістарычная традыцыя прыпісвае Ягайлу яшчэ адну “рэлігійную” заслугу. Згодна з ёй, менавіта вялікі князь пераклаў з Lingua Latina на літоўскую мову адну з самых вядомых малітваў у хрысціянстве “Ойча наш”.

12)  Пасля Крэўскай уніі супраць Ягайлы паўстала большая частка літоўскай эліты на чале з Вітаўтам. Паводле Востраўскага дагавора 1392 года апошні станавіўся намеснікам Ягайлы ў ВКЛ і вялікім князем (magnus dux), а сам былы вялікі князь захоўваў за сабой тытул вярхоўнага князя (dux supremus). Наколькі значным быў тытул для самога Ягайлы, сведчыць той факт, што ён амаль ніколі ім не карыстаўся, не кажучы ўжо пра рэальны ўплыў на палітыку Княства.

Macejka_grunvald-800x343

13)  Амаль няма сведчанняў таго, што Ягайла быў добрым военачальнікам. Пад Грунвальдам ён стаяў на чале саюзнага войска, але літоўскія кантынгенты падпарадкоўваліся Вітаўту, польскія — Зындраму з Машковіц, татарскія — Джэлаладзіну і таму ж Вітаўту. Нават на славутай карціне Яна Матэйкі “Грунвальдская бітва” кароль амаль не бачны на заднім плане ў правым верхнім куце — у адрозненне ад таго ж Вітаўта. Падчас грамадзянскай вайны ён перамагаў Вітаўта, але маючы колькасную перавагу. А роўная бітва паміж ім і яскравым ваяром Кейстутам так і не адбылася — Ягайла адолеў без бою, дзякуючы здрадзе. Хутчэй за ўсё, Ягайла быў палкаводзец кшталту Актавіяна Аўгуста — сам не быў бліскучым ваенным талентам, але меў здольнасць ставіць на найважнейшыя пасады людзей, якія гэтымі талентамі валодалі ў поўнай меры.

14)  Да шляхты Ягайла і ў статусе вялікага князя, і калі ўжо стаў польскім каралём, ставіўся добра. Вядомыя яго прывілеі 1388 года, Гарадзельскі 1413 года, 1430 года. Менавіта падчас праўлення Ягайлы шляхта ВКЛ атрымала доступ да польскіх гербаў.

15)  Палякі могуць дзякаваць Ягайлу за развіццё вышэйшай адукацыі ў краіне. Так, Кракаўскі ўніверсітэт быў заснаваны Казімірам Вялікім у 1364 годзе, але хутка прыйшоў у заняпад, і паўнавартаснае жыццё пачаў толькі ў 1400 годзе, дзякуючы падтрымцы Ягайлы. “Узнагарода” знайшла “героя” — сёння ўніверсітэт вядомы як Ягелонскі.

16)  Фанатычным католікам Ягайла ніколі не быў. Мяркуючы па ўсім, яму ўвогуле не было асаблівай справы да таго, у што верыць — абы было на карысць. Яскрава гэта выявілася ў 20-я гады XV стагоддзя — тады Ягайла ў барацьбе чэхаў-гусітаў і немцаў-католікаў не аказаў адзінаверцам ніякай рэальнай падтрымкі. Гусітаў кароль таксама не вельмі падтрымліваў афіцыйна, але польскія войскі не зрабілі ні кроку ў Чэхію. Нягледзячы на тое, што прасілі іх пра гэта неаднаразова.

17)  У масавай свядомасці замацаваўся міф пра злога Ягайлу, які настолькі не хацеў, каб ВКЛ стала каралеўствам, што ледзь не асабіста затрымаў каралеўскую карону ад імператара Жыгімонта ў Польшчы і не пусціў яе да князя, ад чаго сумны Вітаўт і памёр. На самай справе, безумоўна, усё было не так. Па-першае, паміж Ягайлам і Вітаўтам існаваў дагавор: Ягайла пагаджаецца на каранацыю Вітаўта, а пасля смерці апошняга трон пераходзіць да сына Ягайлы — таму кароль у выніку адкрыта падтрымліваў намаганні кузэна. Па-другое, карону затрымалі па загадзе каралеўскай рады Польшчы — Ягайла быў далёка не абсалютным манархам кшталту “караля-сонца”. Па-трэцяе, сама па сабе затрымка кароны нічога не вырашала — з санкцыі імператара карона магла быць вырабленая ў самой Вільні. І па-чацвёртае, Вітаўту падчас патэнцыяльнай каранацыі было амаль 80. І тое, што ў гэты час састарэлы князь памёр, не павінна выклікаць асаблівага здзіўлення.

18)  Падчас грамадзянскай вайны, якая пачалася пасля смерці Вітаўта (Кейстутавіча), Ягайла (Альгердавіч) падтрымаў Жыгімонта (Кейстутавіча) супраць яго саперніка Свідрыгайлы (Альгердавіча). Што яшчэ раз даказвае, што ў палітыцы блізкае сваяцтва вялікага значэння не мае.

Sofia_Golshanskaja[1]

19)  Жонак у Ягайлы было чатыры. Першая — каралева Ядвіга — прынесла яму польскі трон і дачку Елізавету Баніфацыю, якая пражыла толькі месяц. Другая — Ганна Цэльская, унучка Казіміра Вялікага па жаночай лініі —  таксама нарадзіла каралю дачку Ядвігу Ягайлаўну. Тая пражыла больш чым месяц, але памерла раней за бацьку. Трэцяй жонкай стала Эльжбета Граноўская , якая ўжо некалькі разоў была замужам. Дзяцей каралю яна не нарадзіла. Нарэшце, чацвёртая жонка, Соф’я Гальшанская, была маладзейшая за мужа прыблізна на паўсотні гадоў. Толькі з ёй састарэлы кароль нарэшце дачакаўся нашчадкаў мужчынскага полу — Уладзіслава (будучага караля Уладзіслава III Варненчыка) і Казіміра (будучага караля Казіміра IV Ягелончыка).

20)  Дынастыя Ягелонаў кіравала Польшчай і ВКЛ да 1572 года і дала сем каралёў Польшчы і шэсць вялікіх князёў літоўскіх. Адзіным Ягелонам, які ніколі не быў на літоўскім троне, быў Ян Ольбрахт, таксама трон ВКЛ пасля смерці Ягайлы займала два не-Ягелоны — ужо згаданыя Жыгімонт Кейстутавіч і Свідрыгайла Альгердавіч. Агулам дынастыя сталася паспяховай і адзінай ва ўсёй гісторыі Польшчы, якая кіравала досыць доўгі час — з 1386 да 1572 года (ВКЛ у гэтым сэнсе пашанцавала болей, Гедымінавічы кіравалі краінай з 1316 па той жа 1572 год). Прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў “адзначыліся” на харвацкім, венгерскім і чэшскім стальцах.

 Дзяніс Буркоўскі

budzma.by

Пакінуць адказ