Цяпер дастаткова толькі камп’ютара і інтэрнэта, каб зладзіць тур у мінулае і разгледзець у дэталях замак, якога больш няма.
Аўтар праекта пад псеўданімам Ахрэм Белабровік просіць разумець, што гэта не чыста навуковы праект. Дакладней будзе назваць яго арт-праектам, пабудаваным на навуковых фактах і гістарычных даследаваннях.
У гэтым ён бачыць яго адметнасць.
– Валодаючы такім магутным інструментам, як трохмерная камп’ютарная графіка, можна намаляваць, што заўгодна. І нашмат больш эпічнае, і нашмат больш уражальнае, – зазначае аўтар. – Ствараючы, я кіраваўся фактамі. Зусім не хочацца хлусліва перабольшваць у ілюстрацыі старонак нашай гісторыі. Яна сама па сабе дастаткова эпічная і велічная.
Адрас сайта, дзе можна ўбачыць віртуальны Крэўскі замак, VKL3D.COM
Падштурхнула расчараванне ў вачах сына
Калі сын Ахрэма Белабровіка быў маленькі, бацька шмат распавядаў яму пра гісторыю нашай краіны. Пра яе росквіт, часы Вялікага Княства Літоўскага, пра знакамітых князёў, турніры, паходы ды слаўныя перамогі. Пра моцныя цытадэлі, велічныя палацы ды заможныя мястэчкі.
– І ён верыў мне, як верыць сын бацьку, – распавядае Ахрэм. – Аднойчы мы паехалі на экскурсію ў Навагрудак, калыску нашай дзяржаўнасці, першую сталіцу ВКЛ, да гары Міцкевіча і замка Вялікіх князёў. І калі сын пабачыў, што ад гэтага ўсяго засталіся толькі неахайныя руіны, сын павярнуўся да мяне і з непрыхаваным расчараваннем спытаў: “Ты гэта меў на ўвазе?” І, гледзячы ў яго вочы, поўныя смутку, я шмат зразумеў. Чаго вартыя тысячы слоў пра былую веліч, калі на свае вочы можна ўбачыць толькі разваліны, што засталіся ад шматлікіх войнаў і абыякавасці нас, нашчадкаў, да спадчыны?
Першапачатковая, але яшчэ невыразная задума аб віртуальным адраджэнні таго, што канула ў гісторыі і часе, з’явілася ў Ахрэма менавіта тады, на тым месцы, больш за сем гадоў таму.
Два гады пайшло на распрацоўку праекта
У стварэнні Ахрэму дапамагала каманда такіх жа неабыякавых. Сярод іх Андрэй Шулаеў, магістр архітэктуры, гісторыі, спецыяліст па ахове культурнай спадчыны, па абарончай архітэктуры, вядучы архітэктар, старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”. Яго навуковае абгрунтаванне па замку змешчанае на сайце праекта. Дапамагаў і мастак, і праграміст.
Ідэя праекта цалкам празрыстая. Распрацоўшчыкі аднаўляюць знешні выгляд значных гістарычных мясцін, каб можна было пабачыць на ўласныя вочы, як яны выглядалі стагоддзі таму.
– Менавіта ўбачыць, а не прыгадаць, што нешта было ў школьным курсе ці ў нейкай перадачы. А некаторыя, можа, упершыню даведаюцца, што тут была не толькі зямля сялян і саламяных стрэх, а магутная краіна замкаў і палацаў. Так што наша мэта – адрадзіць веліч і дух мінуўшчыны праз архітэктуру. Каб кожны ўбачыў, што мы маем гісторыю, якой можна ганарыцца.
У аўтара былі дзве цяжкасці ў працы над віртуальным замкам.
– Катастрафічны недахоп часу і, натуральна, недахоп інфармацыі, – прызнаецца Ахрэм.
Сёння, адкрыўшы сайт праекта і апынуўшыся ля сцен віртуальнага Крэўскага замка, вы можаце пашпацыраваць па ўнутраным двары, падняцца на другі паверх і паглядзець на краявід зверху. Аднак у збудаванні, што там месцяцца, і ў вежу пакуль уваходу няма.
– Гэта даволі балючае пытанне. Сутарэнні, дзе мог сядзець Вітаўт, намалявалі, але не дарабілі. І пакуль у праект гэта не ўвайшло. Адна тэхнічная дапрацоўка да Крэва будзе дакладна. Усе панарамы звядзём у адну ды выкладзем для вольнага сцягвання. Ёсць мара ў іншым праекце, віртуальным замку ў Гальшанах, хоць адну залу зрабіць, але зноў жа трэба час і інфармацыя па дэталізацыі.
Самае складанае ў праекце
Шмат часу, як адзначае аўтар, пайшло на пошук спецыялістаў, апрацоўку інфармацыі, падбор “жалеза” ды прыцірку праграмнага забеспячэння.
– У сярэднім на саму працу атрымлівалася выдзяляць па некалькі гадзін вечарамі. І гэта не ўлічваючы шматгадзінныя “рэндары”, калі камп’ютар пралічвае адбудаваны папярэдне рукамі малюнак-панараму. Самае складанае – пераключацца з камп’ютарнай работы на працы на такую ж камп’ютарную ў вольную хвіліну.
Сёння Ахрэм жыве ў Мінску і працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Яго бабуля, дзядуля, бацька жылі ў Маладзечне. І сам ён таксама тут некалькі гадоў пражыў. Бабуля родам з вёсачкі паміж Вілейкай ды Смаргонню. А ў самой Вілейцы жыве блізкая радня.
Адкуль ідэя? Ад сэрца
Дакладных аналагаў такога праекта ў свеце аўтар не знайшоў.
– Былі спробы і Парыж, і Лондан старажытны аднавіць. Суседзі-літоўцы рабілі нешта падобнае, таксама на аснове камп’ютарнай графікі. Даволі маляўніча, прыгожа, але – толькі малюнкі. Так, як прадугледжвае праект, комплексна ды разгорнута, пакуль нідзе не сустракаў. Таму калі гаварыць больш пафасна – ідэя ад сэрца, – усміхаецца суразмоўца.
І сэрца, відаць, у валанцёра ўсё яшчэ гарыць. Таму што спыняцца на зробленым ён не збіраецца, гатовы працаваць далей. На карту ўжо нанесены Гальшанскі замак. Туды таксама ўжо можна зазірнуць. Адкуль у аўтара натхненне?
– З аднаго боку, усё ад нашых краявідаў і гісторыі. З другога, як ні парадаксальна, – ад шэрых, амаль аднолькавых сучасных будынкаў ды хмурых твараў мінакоў. Хацелася прынесці хоць крышку радасці ды гонару за сябе і сваіх продкаў.
Цяпер сыну Ахрэма Белабровіка ўжо 19 гадоў. Калі ён ўбачыў віртуальны Крэўскі замак, усклікнуў: “Ну дык гэта зусім іншая справа!”
А пасля ўзяўся маляваць на паперы свой уласны выдуманы палац.