Постаці

20 нечаканых фактаў пра Язэпа Драздовіча

Малады драматург Васіль Дранько-Майсюк сабраў 20 найбольш цікавых і невядомых фактаў пра беларускага мастака, этнографа, археоляга Язэпа Драздовіча.

3710C1D1-2ADE-459A-9B30-50AB5A3BEA20_w640_r1_s_cx0_cy26_cw0[1]

1) Быў мастаком, краязнаўцам, небазнаўцам, пісьменьнікам, паэтам, скульптарам, графікам, пэдагогам, кніжным ілюстратарам.

2) Сябраваў з Янкам Пачопкам, Міхасём Машарам, Максімам Танкам, Пятром Сергіевічам, але з другой паловы 30-х расчараваўся ў сяброўстве ня вельмі чулых і ўважлівых да яго таварышаў («…я… бесьсямейны і бясхатні… горай „трупа“, якім мяне тут… пачалі называць. Ды каб хто, свае, пісьменьнікі, якіх я гады два таму партрэты выразьбаваў для Музэю, за тое, што я (ня маючы ані свайго кута, ані забясьпечанага часу) — „ня твару“… Хамства»; «…Міхась Зьвінячы (Машара) нагнаў мне… чэрствасьці. А па-за ім, бадай, чуць ня ўсе віленскія тузы-беларусы, не выключаючы між імі і найбліжэйшага мне калегу Пецю Сергіевіча, якога я калісь, яшчэ як быў ён студэнтам, наколькі мог, заўсёды стараўся яго відзець сабе другам. А ён цяпер, як вырас у мастака, пачуўшы сябе „знамянітым“, зусім „дзюдкай“ аказаўся…»).

3) Быў выдатным танцорам («На вечарынцы госьці вялі сябе прыстойна, па-культурнаму, весела, ветліва і разьвязна. Танцавалі і пяялі. У канцы канцоў, гледзячы на рэшту маладых, і мне „старыку“ скакануць закарцела, выпрабаваць лёгкасьць сваіх ног на казачку ды паказаць маладым, як мы „даўней“ скакалі. Скінуў з валёнкаў галёшы і таксама скакануў з куляньнем на рукі, калясом, у перамежку — на зайздрасьць маладым.»).

33D38DCE-91E1-4215-A8AD-BE67E7FFAB9F_w640_s[1]

4) Вельмі любіў плаваць (хоць і ня вельмі ўмеў). Шкадаваў, што ў Беларусі няма свайго акіяну («Шчасьлівы народ акіянцы. Шчасьлівы не таму, што жывуць астраўлянамі, а шчасьлівы таму, што ніколі ня знаюць зімы, а мора ўмяркоўваець ім пад экватарам клімат, і яны могуць хадзіць без адзежы і ў дадатак, маючы мора пад носам, — купацца і купацца. Ці ж у гэтым ня райскае жыцьцё?»).

5) Не любіў, калі маладзенькія дзяўчаты мазаліся памадай.

6) Сябраваў з Бахусам (Максім Танк, жартуючы, казаў, што Драздовіч назірае за зоркамі не праз тэлескоп, а праз рыльца бутэлькі).

7) Усё жыцьцё змагаўся з голадам і нястачай.

8) Меў ня вельмі добры зрок — дальназоркасьць (часта ў падарожжах губляў акуляры)

9) Іранічна ставіўся да варажбітоў і хірамантаў.

10) Адным з найвялікшых грахоў лічыў — забойства нявіннай жывёлы і птушкі.

11) Вандроўнае жыцьцё і заўсёдная нястача не далі зьдзейсьніцца ягонай мары — ажаніцца.

8EA6DD62-0BF6-4323-B4D4-90543115E530_w640_s[1]

12) Вельмі шкадаваў, што Эфіопія прайграла вайну з мусалінеўскай Італіяй («Японія ня сьпіць, а Абісінія праспала сваю долю, каб быць у Афрыцы тым, чым цяпер у Азіі Японія. Спазьніліся на некалькі вякоў.»).

13) Самым неэстэтычным зьверам лічыў — гіену.

14) Адна кабета высьмеяла на адным балі лапленыя штаны Драздовіча: «Я й раней яму казала, Каб ён водачкі ня піў. І ня быў як той манах, Бо ўся сіла ў штанах»

15) Ня ўмеў гуляць у карты.

16) Жыцьцё на Марсе, Месяцы, Сатурне, Вэнэры — бачыў ў «сомнамбулічынх снах» — і цьвёрда верыў, што ўсё гэта ўбачанае, калі не існуе зараз, то дакладна будзе існаваць у будучыні.

17) Любімы герой Драздовіча — старазапаветны Майсей (“Я люблю Майсея за ягоную маладцаватасьць. Гэта адзін з наймаладцавейшых людзей, якіх ведаець гісторыя нашага свету. І найболей, што мне падабаецца ў ягонай тэорыі стварэньня сьвету, гэта:”Бог стварыў чалавека на сваё падабенства…”.

18) Доўгі час судзіўся з Наваградзкай беларускай гімназіяй, каб выплаціла грошы (600 злотых). Выйграў справу, але спагнаць заробленае не было з каго — гімназія ў 1934 г. была закрытая польскімі ўладамі.

19) Любіў чытаць сялянам лекцыі па астраноміі.

20) Не любіў зьвяглівых кабет («Няма на сьвеце нічога брыдчэйшага, як язычлівая, сварлівая нагласьць зь бясстыдзтвам кабеты, паходзячай з гультайскага буржуазійнага асяродку, пры нізкім інтэлектуальным разьвіцьці і маральнасьці, з прэтэнзіямі дамініраваць сваім «я» над «я» іншых).

svaboda.org

Пакінуць адказ