Беларусы паважаюць родную мову, але не хочуць на ёй размаўляць. Бо ставяцца да яе не як да асабістай каштоўнасці, а як да грамадска важнай справы, якую “заўжды робіць хтосьці, а я магу сачкануць”. Самае горшае стаўленне да мовы — сярод моладзі.
Ужо гатовыя і апублікаваныя вынікі даследавання пра “нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў”. І адзіны аспект, у якім назіраюцца сур’ёзныя супярэчнасці — гэта што тычыцца мовы. З аднаго боку, людзі кажуць, што беларускую мову паважаюць, прызнаюць, што важна яе захаваць, але самі на ёй не размаўляюць. І больш за тое — кажуць што і не будуць…
Чым тлумачыцца такая супярэчнасць — што, каб быць беларусам, не абавязкова размаўляць па беларуску? Гэта значыць, з аднаго боку да мовы ставяцца вельмі прыязна, а з іншага кажуць: “Як-небудзь без мяне…”
Але чаму большасцю беларусаў беларуская мова не ўспрымаецца, як нейкая асабістая каштоўнасць, а хутчэй як грамадска-важная справа?
Увогуле, да выбару мовы ў якасці паўсядзённага сродку камунікацыі і існавання ў беларусаў вельмі прагматычны падыход. Падчас прэзентацыі вынікаў даследавання нам задалі пытанне: ці не спрабавалі мы даследаваць ролю рускай мовы, ці не мае яна таксама нейкі сімвалізм, нейкую ідэалагічную важнасць? Нічога не мае. Проста ёсць абсалютна прагматычны выбар — кар’ера, адукацыя, праца і г.д.
Наколькі беларуская мова — сучасная? Ці можа моладзь стварыць свой моладзевы слэнг на мове?
Гэта зноў-такі пытанне да лінгвістаў, мы, хутчэй, вывучалі паліталагічныя аспекты. Я толькі магу сказаць, што стаўленне моладзі да беларускай мовы пагоршылася за апошні час. І яно зараз горшае, чым у сярэднім па грамадстве — больш моладзі, чым у сярэднім па грамадстве, ўспрымаюць карыстанне беларускай мовай як проста нейкую прыкмету выпендрожу. Хаця, за кошт таго, што яны вывучаюць яе ў школах, яны можа лепш ёй умеюць ёй карыстацца, чым астатняе грамадства. Але ж, гэта група з найменшым жаданнем размаўляць па-беларуску.
Гэта як раз тая сітуацыя, калі адзін і той жа асяродак можа даваць найбольшы адсотак актывістаў-энтузіястаў, але сярэдні паказчык пры гэтым самы нізкі. І гэтыя актывісты вырываюцца менавіта ў знак пратэсту супраць шэрай масы. Бывае і так.
Наша даследаванне паказвае, што зусім неабавязкова, што беларуская мова — гэта мова апазіцыі, мова захаду Беларусі і мова моладзі, як гэта часцяком уяўляецца. Можа мова апазіцыі, але неабавязкова мова апазіцыйна-настроеных людзей. Можа мова захаду, але не мова тых вельмі зрусіфікаваных і спаланізаваных частак той жа Гарадзеншчыны. Можа мова моладзі, але хутчэй мова маленькага асяродку зацятых актывістаў, чым мэйнстрымавай моладзевай гапаты.
Еўрарадыё.