Гісторыя

20 незвычайных фактаў пра Якуба Коласа

Сёння 134-ая гадавіна з дня народзінаў Якуба Коласа. 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўпцоўшчыне нарадзіўся класік беларускай літаратуры Якуб Колас (сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч). У яго гонар названы вуліцы ды ўзведзены помнікі ў Беларусі і па-за яе межамі. Ён заклікаў свайго чытача шукаць радасьць і здаровыя пачуцьці (а значыць і віну) у сваёй душы. Не прымаў палітыку дыктату, быў прыхільнікам эвалюцыйных формаў разьвіцьця грамадзтва. 

1) Быў падобны на мушкецёра Аляксандра Дзюма

Заір Азгур успамінаў: «Перада мной сядзеў чалавек з вусікамі і з эспаньёлкай у такой задумлівай і рамантычнай позе, што мне ён раптам здаўся падобным на аднаго з герояў Аляксандра Дзюма. Не то Партос, не то нехта другі з мушкецёраў».

2) Зубы вырываў без анэстэзіі

«Учора пайшоў да дантысткі. Сказала, што трэба корань выдаліць. Хацела абязболіць, а я сказаў, што ня варта псаваць дзясну — лепш проста вырваць так. Корань вырвала. „Ну, церпялівы народ — беларусы!“ — пахваліла дантыстка».

3) Любіў дужацца

«Сустрэўся ў вагоне зь землякамі. (…) Многа пілі, пробавалі сілу. Я (…) радаваўся (…), што майго пальца не разагнулі мае спадарожнікі…»; Заір Азгур дадаваў: «Якуб Колас быў моцнага складу чалавек, каржакаваты, як дуб, з мускулістай шыяй і дужымі рукамі».

4) Як пэдагог быў ня супраць фізычнага пакараньня вучняў

«Зь дзецьмі сапраўды цяжка (…), ім дадзена самастойнасьць, не па ўзросьце і не па іх розуму. Ім жа часам ня шкодна даць добрага плескача і паказаць вялікі кулак і аброць…»

5) Лічыў сваіх сямейнікаў лайдакамі

«На жаль, (…) у маёй сям’і праца выклікае агіду (…) асабліва сярод нявестак. (…) Рабіць нічога ня робяць (…), ні тая, ні другая не прыбярэ за сабой пасьцелі, не памые талеркі і міскі. Я проста дзіўлюся, як гэта нашу моладзь адбіла ад працы. Ды і навошта ім працаваць (…), калі ў доме тры работніцы. Яны іх кормяць, абмываюць і дзяцей іх даглядаюць (…) Ды і сыны мае ня рвуцца да фізычнай працы… Унукі… баюся, што зь іх выхаваюць лодараў».

6) Не падабалася выкарыстаньне ў беларускай мове прыназоўніка «ля»

«…часьцінка «ля» ня мае ніякага сэнсу, слова, якое трэба выгнаць з практыкі літаратурнага карыстаньня. Трэба пісаць «каля». Ідучы шляхам такога спрашчэньня і скарачэньня з прыназоўніка «пры» можна зрабіць «ры». Яно пайшло ад Янкі Купалы. Яму трэба было ў радку вершу зьменшыць адзін склад і ён напісаў замест «каля» — «ля».

7) Быў поўнай супрацьлегласьцю Янку Купалу

«Не скажу, каб першы верш мне вельмі спадабаўся і зрабіў на мяне ўражаньне. Відавочна, гэта быў не найлепшы твор Я. Купалы, як і некаторыя наступныя (…), часам я бачыў у яго паэзіі некаторую рытарычнасьць»; Барыс Мікуліч адзначаў: «Купала быў поўнай процілегласьцю Якубу Коласу, сабранаму, пэдантычнаму, сухаватаму, дзелавітаму і зьедліва-саркастычнаму. (…) Яны былі ўзаемна пачцівымі: па-сяброўску насьмешлівыя, „добрыя суседзі“, але нам здавалася, што яны ня вельмі моцна адно аднаго любяць».

8) Захапляўся жанчынамі — жонка называла яго «благаняверны»:

Паэт пісаў у адным зь лістоў да жонкі: «Марусечка, мая родненькая, сярдзітая на свайго „благанявернага“ (але ты заўсёды памылялася)»; «Сьвятлана?[Сомава — перакладчыца з Ташкенту — В. Дэ Эм] Мая мара, маё самае лепшае, што дае жыцьцё. Але яна ня хіліцца да мяне. А Маруся? Б’е, ніякай літасьці. Божа мой, Божа!»; «Вядома, мае плятанічныя захапленьні не маглі аставацца незаўважанымі Марыяй Дзьмітрыеўнай. Яна гэта цяжка перажывала, але яна ня ведала, што болей дарагога для мяне чалавека, чым яна, не было і няма на сьвеце і што я быў верны толькі ёй адной»; «Для мяне жанчына — гэта тое самае, што для набожнага хрысьціяніна ікона…»

Першая зьлева - каханая паэта Сьвятлана Сомава, затым -- Эдзі Агняцьвет і узбэцкая паэтка Зульфія 1943 г. Ташкент

Першая зьлева – каханая паэта Сьвятлана Сомава, затым — Эдзі Агняцьвет і узбэцкая паэтка Зульфія 1943 г. Ташкент

9) Незнаёмыя прыхільніцы прызнаваліся яму ў каханьні:

Адной з такіх прыхільніц паэт адказаў: «…Мая мілая незнаёмка! Скажу шчырую праўду: Вашае пісьмо вывела мяне з раўнавагі (…) а што калі б я ня быў тым, чым зрабілі мы ўсе патроху разам мяне такім, якім я ёсьць (…), а калі б я быў просты чалавек (…) дык тады ці напісалі б Вы мне такое душэўнае, такое палкае пісьмо, якое можа напісаць толькі самая сьвятая, нявінная, пылкая моладасьць?».

10) Часта паддаваўся вострым смутным настроям:

«Няма сьмеху. Даўно не сьмяяўся. Няма радасьці — нічога не цешыць. Часамі думаю аба ўсім, што напісаў: напісанае як бы чужое для мяне. Няўжо ўсё гэта вынік няяснага прадчуваньня канца?» «Пуста. Вечарам давалі мяса. Я ня ўзяў. Нёс бутлю з півам, але не сваю. Праводзіў Сьвятлану. Не дайшоў да месца, завярнуў дамоў, сказаўшы: „Далей ні кроку!“ Разьвітаўся з новым знаёмым, зірнуўшы на Яго зьверам».

Я. Колас, М. Танк, М. Лужанін на возеры Нарач

Я. Колас, М. Танк, М. Лужанін на возеры Нарач

11) Стамляўся ад бясконцых просьбаў сваіх землякоў:

«І я часамі кажу сабе: божа мой, божа, нашто я радзіўся ў Мікалаеўшчыне! (…). Я так стаміўся, што хоць бы, як той кракадзіл, закапацца ў цёплы пясок ды хоць зь месяц паляжаць у ім». У адным зь лістоў да брата Юзіка адзначаў: «Ты пішаш, што я шмат грошай аддаю чужым. Так, браце, прыходзіцца (…) і чужому чалавеку дапамагчы, але гэта мая дапамога няхай не выклікае ў вас зайздрасьці і злосьці на мяне. Даю, колькі магу, і сваякам, але адчыніць для іх пансіён і ўзяць іх на ўтрыманьне я не магу. Няхай (…) знойдуць спосаб, як жыць: няхай навучацца якому-небудзь рамяству — шавецкаму, кравецкаму, сталярнаму і іншаму».

12) У дзяцінстве верыў у тое, што разумее мову жаўранкаў

«…мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што сьпявалі гэтыя птушкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень (…) Я памятаю… дзесь у небе (…) кружылася зь песьняю жаваранка (…), прыйшла мне ў галаву думка, што жаваранка просіць у Бога пажару. І мне паказалася, што зь неба стала падаць штось маленькае цёмнае і ўпала каля маіх ног. Я паглядзеў — на зямлі ляжаў яшчэ не патухлы акурак папяросы…»

13) Лічыў, што літоўская Вільня — гістарычнае непаразуменьне:

«…У Вільні спыніліся на 2 гадзіны (…) чаму яна ў літоўцаў — гістарычнае непаразуменьне…»

14) Парторгі і паэты пісалі на яго даносы:

Парторг Акадэміі навук Г. Красьнеўскі: «…Колас пачаў скардзіцца на тое, што быццам бы ўсе забылі пра беларусізацыю, што ён, Колас, ня чуе нідзе жывога беларускага слова, усе гавораць па-расейску (…) нават сярод беларускіх пісьменьнікаў…». Расейскі паэт М. Ісакоўскі (які перакладаў яго творы) быў абураны, калі ўбачыў верш, прысьвечаны літаратурнаму аб’яднаньню «Полымя»: «Полымя» — гэта контррэвалюцыйная нацдэмаўская арганізацыя (…), ня ведаць аб гэтым Колас ня мог. Значыць выснова напрошваецца сама — зроблена гэта з варожымі мэтамі«.

15) Шкадаваў, што «культ асобы» ня быў пераадолены яшчэ пры жыцьці Сталіна:

Петрусю Броўку Якуб Колас пісаў: «…Тлумачэньне, што тады нельга было пераадольваць, не пераканаўчае: ці мог стаяць высока ў вачах народа чалавек, які ўзяў на зьнішчэньне і зьдзек амаль па чалавеку з кожнай сям’і (…)? Аўтарытэт яго быў штучны, узгадаваны на грунце страху за сваё жыцьцё (…). І мы так запалоханы, што не адважваемся адкрыта гаварыць пра гэта і цяпер».

16) На яго працавалі палонныя немцы:

«Вось я ўсё лета клапаціўся, каб зрабіць прыбудоўку і гараж. Зараз гэтыя работы і вядуцца. Нагналі цэлы двор немцаў, а яны робяць як мокрае гарыць. Спалілі палавіну маіх дроў, а работа пасоўваецца марудна».

17) Частаваў дзяцей цукеркамі за дэклямацыю яго вершаў:

Юрый Піліпавіч [мой сусед з Курасоўшчыны —В. Дэ Эм] успамінаў, як ён ды іншыя пасьляваенныя менскія дзеці вучылі вершы Якуба Коласа, прыходзілі да яго ў хату, дэклямавалі, а паэт частаваў іх за гэта цукеркамі, шакалядкамі і яблыкамі.

18) Не любіў пісаць алоўкам:

«…не люблю я пісаць карандашом. Мне ўсё здаецца, што напісанае карандашом ня мае ні вартасьці, ні цікавасьці».

19) Выступаў за нацыянальную праваслаўную царкву:

У 1922-м годзе падпісаў «Адозву праваслаўным беларусам»: «…праваслаўная царква ў Беларусі менавіта таму, што яна беларуская, з гэтага часу жадае ісьці сваім асабістым шляхам (…) Да стварэньня роднай царквы, (…) да захаваньня яе нацыянальнага аблічча мы заклікаем братоў беларусаў…».

20) Як і Кнут Гамсун, любіў адзіноту і глядзеў на каханьне — як на пакуту:

«Аб каханьні шмат пісаў Кнут Гамсун. Ён хоць і фашыст, але пісьменьнік таленавіты. Каханьне ён трактуе як пакуту»: «Мая адзінота прыносіць мне найвялікшую радасьць. Мне надакучылі людзі, іх нястрымная балбатня».

svaboda.org

Пакінуць адказ