Дзеянне стужкі разгортваецца на фоне паўстання 1860-х, і называцца яна будзе “Масакра”, што значыць кровапраліцце, бойня, гэта будзе “заварка містычнага трылера, драмы і іроніі”.
Падчас адной экскурсіі па Гарадзеншчыне восенню 2009г. давялося пабываць у палацы князёў Чацвярцінскіх у в. Жалудок. На ўваходзе ў маёнтак стаяла машына з надпісам “Беларусьфільм”, а каля палаца мы сустрэлі працаўнікоў кінастудыі. Убачыўшы нашыя здзіўленыя твары, яны сказалі: “Здымаем бульба-хорар”. Але пасля гэтага наша здзіўленне толькі ўзмацнілася.
Прайшоў час, і толькі нядаўна я даведаўся, што там здымалі. А здымалі там тую самую стужку “Масакра”.
Рэжысёр – Андрэй Кудзіненка, чый ранейшы фільм «Акупацыя. Містэрыі» стаў ледзь не легендай ў цесненькім асяродку беларускага кіно. Менавіта за яго былы стыпендыянт адмысловага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі трапіў у няміласць да чыноўнікаў ад культуры. Акудзіненка вымушаны быў з’ехаць за мяжу, але хутка здабыў там досвед ды поспех і з трыумфам вярнуўся на радзіму па запрашэнню тых самым чыноўнікаў. Ды яшчэ на сваіх умовах: здымаць не «партызанку», а нікому невядомы «бульба-хорар».
Бюджэт фільму складае 5 млрд рублёў, на рэкламу запланавана патраціць каля 20 млн. Выхад стужкі чакаецца ў ліпені гэтага года.
А.Хутарчук, dzedzich.org