Беларускую культуру будуць пашыраць па-новаму. Прафэсійныя распаўсюднікі беларускасці аргкамітэт кампаніі «Будзьма» абвясціў аб рэбрэндынгу. Цяпер кампанія сфакусіруецца на новай генэрацыі беларусаў.
Праз паўтары гады пасля запуску «Будзьма беларусамі!», кампанія мяняе свой твар і аўдыторыю. Пачаць вырашылі з лагатыпу сайту, а таксама запуску новых праектаў: іх стане менш па колькасці, але якасць сваю, спадзяюцца каардынатары, яны палепшаць. З’явіцца нават уласнае сеціўнае радыё.
«Цяпер мы будзем рабіць усё, каб пашырыць кола тых, хто цікавіцца беларускай культурай», — кажа каардынатарка кампаніі Алена Макоўская.
Нічога падобнага да «Будзьмы» раней у Беларусі не было. Паспяховы сінтэз вядомых твараў, Сеціва і фірмовых значкаў і торбачак як мінімум нагадаў камусці пра існаванне беларускай мовы. У пэўны момант стала здавацца, што ніводны канцэрт на некаторых менскіх пляцоўках цяпер проста не можа адбыцца без будзьмаўскай расцяжкі.
«Для многіх людзей адкрыццём стала само існаванне сучаснай беларускай культуры», — кажа каардынатарка «Будзьмы» Ніна Шыдлоўская.
Паводле вынікаў сацыялагічнага даследаваньня, праведзеным лабараторыяй «Новак» у межах гэтай кампаніі, большасць насельніцтва краіны лічыць беларусамі тых, хто «выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёй». Але беларускай мовай — паводле апытання «нацыянальным здабыткам» — карыстаюцца не больш за 6% насельніцтва краіны.
І менш за ўсё сярод беларускамоўных людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.
”Я не бачу розніцы паміж „Будзьма беларусамі“ і „За Беларусь“. Так, я хачу, каб у маёй краіне размаўлялі па-беларуску. Але прыкладна так жа я хачу Анджаліну Джолі”, — прызнаецца лідэр гурту Da Vinci Дзяніс Дудзінскі, які на першым курсе ўнівэру кінуў спісваць тоўстыя сшыткі беларускамоўнымі вершамі.
«Я не разумею, што значыць, адчуць сябе беларусам? Я разумею, што значыць, адчуць сябе хворым. А што значыць, адчуць сябе беларусам, я не разумею».
І цяпер «Будзьма» возьмецца за выхаванне «новай генерацыі беларусаў». Гэтым амбіцыям адпавядае новы лагатып кампаніі, дзе да былой схематычнай выявы «хлопчыка і дзяўчынкі» дадалася істота, меншая па росце ў разы два, і яўна прэтэндуючая на найменне нашчадка ранейшых герояў лягатыпу.
«Ніхто зь беларусамі нармальна па-беларуску не размаўляе. Дзеці ведаюць, што такое цукеркі, але слова „поўня“ выклікае ў іх праблемы», — кажа Зміцер Вайцюшкевіч.
«Беларусы не ведаюць ніводнай беларускай песні. Няшчасная Купалінка — пакіньце яе ў спакоі».
«Але людзі ў нас харошыя», — дадае Вайцюшкевіч.