Грамадства

Кожны другі хоча з’ехаць з Беларусі

Беларускае пакаленне Y лічыць, што для таго, каб зрабіць паспяховую кар’еру, варта з’ехаць за мяжу. Гэта збіраюцца зрабіць каля 46% маладых людзей.

46.3% рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў на пытанне «У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі?» адказваюць адмоўна. Гэта свежыя дадзеныя даследавання, праведзенага групай экспертаў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Як адзначаюць аўтары даследавання, «на сваю будучыню, прынамсі, матэрыяльна-эканамічную, многія маладыя людзі глядзяць з большым песімізмам, чым старэйшае пакаленне… Многія маладыя людзі бачаць сваю будучыню за межамі роднай краіны».


У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі? (красавік 2010). Усе апытаныя і рэспандэнты ад 20 да 24 гадоў.

Паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, колькасць маладых людзей ва ўзросце да 25 гадоў, якія не жадалі б жыць (ці працаваць) у Беларусі, больш чым удвая перавышае колькасць людзей з такім жа настроем ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў.

Сацыёлагі звязваюць адсутнасць жадання заставацца ў краіне з невялікімі кар’ернымі магчымасцямі, якія мае ў Беларусі пакаленне Y. 62.9% людзей ва ўзросце ад 18 да 19 гадоў кажуць, што для таго каб выбудаваць паспяховую кар’еру, моладзі варта з’ехаць за мяжу. Тое ж самае лічыць кожны другі чалавек, якому яшчэ ня споўнілася 25. Але старэйшае пакаленне глядзіць на пытанне кар’еры маладых больш аптымістычна. Агулам прыкладна кожны трэці беларус лічыць, што паспяховай кар’еры моладзь тут не збудуе.


Як вы мяркуеце, ці могуць маладыя людзі сёння зрабіць паспяховую кар’еру ў Беларусі? (снежань 2008). Усе апытаныя і рэспандэнты ад 18 да 19 гадоў

А як у суседзяў?

Цікава, што падобная сытуацыя назіраецца і ў суседніх з Беларусьсю Літве і Украіне. Паводле дадзеных Дзяржаўнага інстытуту развіцця сям’і і моладзі, які знаходзіцца ў Кіеве, амаль 30 працэнтаў украінскіх студэнтаў плануюць назаўсёды пакінуць Украіну пасля навучання цераз матэрыяльныя праблемы ці таму, што не могуць цалкам сябе рэалізаваць на радзіме, а яшчэ 25 працэнтаў хацелі б паехаць на заробкі за мяжу. Больш за ўсё студэнтаў прыцягвае Вялікабрытанія, ЗША і Германія.

У Літве, дзе кожны пяты грамадзянін збіраецца ў бліжэйшы час заняцца пошукамі працы, найбольш жадаючых з’ехаць сярод людзей ад 15 да 24 гадоў, кажуць вынікі даследавання агенцыі RAIT.

У апошнія гады адсотак моладзі, якая збіралася пакінуць Беларусь, крыху зменшыўся. Напрыклад, у 2003 годзе жадаючых выехаць маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў было 63,4%. У 2005 такіх стала 50%, а ў напрыканцы 2008 — 53%. Па дадзеных на 2009 год 40% маладых людзей рыхтавалі чамаданы для эміграцыі.

generation.by

Пакінуць адказ