Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Андрэеў.
Працэс дапрацоўкі САЎНА пакуль не скончаны. Усё будзе залежаць ад тэрмінаў правядзення кансультацыяў па справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС на Украіне і Літве. Яны перанесеныя з мая на чэрвень гэтага году па ініцыятыве гэтых краін. Мяркуецца, што кансультацыі ў Літве адбудуцца 18 чэрвеня, Украіне – 14-17 чэрвеня.Пры дапрацоўцы САЎНА будуць улічаныя заўвагі і прапановы ўсіх зацікаўленых краін, пасля справаздачу накіруюць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.
Разам тым учора адбылося папярэдняе паседжанне ў Астравецкім судзе па разглядзе справы супраць дырэкцыі АЭС. Як распавёў Еўрарадыё Сяргей Магонаў, з пазовам звярнуўся ён сам і грамадскае аб’яднанне “Экадом”.
Эколагі патрабуюць, каб чыноўнікі выканалі закон і падалі ім поўны тэкст Ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе. Цалкам ён займае 3,5 тысячы старонак. Апублікаваныя ж толькі высновы – 600 старонак тэксту. Па словах эколагаў, чыноўнікі парушаюць палажэнні Орхускай канвенцыі і заканадаўства Беларусі.
Прадстаўнікі Дырэкцыі па будаўніцтве АЭС прапануюць эколагам прыйсці і азнаёміцца з поўным дакументам на месцы. Прычым зрабіць гэта можа кожны ахвотны і нават не грамадзянін Беларусі. Чаму чыноўнікі не хочуць даць эколагам дакумент хаця б у электронным выглядзе, сп. Магонаў не разумее. Магчыма, мяркуе ён, яны проста вырашылі трымацца адзін раз агучанай пазіцыі: не далі адразу, то не варта даваць і цяпер.
Наступнае паседжанне з нагоды пазову “Экадома” да дырэкцыі АЭС адбудзецца 16 чэрвеня.