Грамадства

Дзедзіч зарэгістравалі!!!

Інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” – такую назву носіць цяпер арганізацыя з 11-цігадовай гісторыяй. Пасведчанне аб рэгістрацыі сябры арганізацыі атрымалі 23 верасня.

“Дзедзіч”, заснаваны ў лістападзе 1999г. студэнтамі Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, большую частку свайго існавання не меў фармальнага статусу. Зарэгістраваны Упраўленнем юстыцыі ў 2002-м годзе, ужо ў 2006-м за актыўную грамадзянскую пазіцыю сябраў арганізацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў ён быў ліквідаваны па рашэнні суда. Папярэдняя спроба аднавіць легальны статус была зробленая ў верасні мінулага году. Але тады Упраўленне юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі па фармальных прычынах.

Негледзячы на гэта, арганізацыя працягвала дзейнасць і нават адкрыла за гэты час шэраг новых праграм для моладзі.

Сёння “Дзедзіч” мае моладзевае інфармацыйнае агенцтва, якое займаецца выданнем газет (“Юбілейка”, “Купалінка”, “Брэст-праўда” і “Дзедзіч”), культурна-асветніцкіх улётак і буклетаў, папулярызуе ў інтэрнэце беларускую культуру, мову, а таксама дзейнасць грамадскіх арганізацый. Сябры арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных моладзевых абменах са шматлікімі краінамі Еўропы. “Дзедзіч” з’яўляецца сябрам міжнароднай моладзевай асацыяцыі грамадскіх арганізацый “Youth4Media”. Экалагічны сектар “Дзедзіча” паспяхова ладзіць штогадовыя моладзевыя эка-летнікі і вандроўкі, праводзіць акцыі па ачыстцы Мухаўца і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. А ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна “Дзедзіч” будуе Еўрапейскі дом сустрэч, у якім будуць праходзіць адукацыйныя, культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы для моладзі Беларусі і іншых краін Еўропы.

Па словах Дзмітрыя Шыманскага, дырэктара новастворанага Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, рэгістрацыя арганізацыі дазволіць значна пашырыць пералік яго праграм:

– У 2005г. мы працавалі над Стратэгіяй рэгіянальнага развіцця Берасця, да стварэння якой прыцягнулі цэлы шэраг вядомых навукоўцаў і спецыялістаў розных галін. Вынікам іх працы стала кніга, якая атрымала станоўчыя водгукі беларускіх і замежных экспертаў. На жаль, у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі праца над гэтым праектам перапынілася. Цяпер у нашых планах далейшае ўдасканальванне Стратэгіі развіцця Берасця з улікам усіх атрыманых за гэтыя гады заўваг. Плануем таксама стварыць Атлас інвестыцыйнай прывабнасці Берасцейшчыны, які будзе арыентаваны на замежных інвестараў і будзе распаўсюджвацца праз консульскія ўстановы і прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой. У наступным годзе адкрываем праграму па папулярызацыі агратурызму на Берасцейшчыне – як сярод грамадзян Беларусі, так і сярод жыхароў суседніх краін.

Для фінансавання сваёй дзейнасці арганізацыя плануе выкарыстоўваць спонсарскую дапамогу беларускіх кампаній малога і сярэдняга бізнэса. Па словах Дзмітрыя Шыманскага, атрыманне легальнага статусу дазволіць “Дзедзічу” больш эфектыўна працаваць з беларускімі спонсарамі:

– На сёння цэлы шэраг берасцейскіх фірм выказаў зацікаўленасць у падтрымцы некаторых нашых праграм. Мы плануем наладзіць сталыя партнёрскія адносіны з тымі камерцыйнымі арганізацыямі, якія ў сваёй дзейнасці карыстаюцца прынцыпамі сацыяльнай адказнасці бізнэса, – адзначыў сп. Шыманскі.

Пасведчанне аб рэгістрацыі Агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч"

Пасведчанне аб рэгістрацыі Агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч"

0 Comments

Пакінуць адказ