Культура

Варта толькі дадаць цяпла

Майстар-класы па вырабах сваімі рукамі заўсёды былі папулярныя. І гэта не столькі мода ці нейкі трэнд, колькі наша імкненне і жаданне зрабіць рэч сваімі рукамі. Там не толькі наша фантазія, але і цяпло нашых рук і істотнае жаданне зрабіць нешта вельмі самабытнае і вельмі сваё.

У Берасці ёсць з чаго выбіраць. Можна пайсці маляваць, можна рабіць свечкі ці нават вышыванкі. А ёсць майстэрні, дзе можна зрабіць свой посуд ці нейкую рэч з керамікі. Распавядзём вам сёння пра надзвычай незвычайную студыю керамікі “Тутачкі”. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры горада, на Савецкай, як раз там, дзе пачынае свой кожнадзённы шлях наш вядомы ліхтаршчык.


А галоўная ў гэтай студыі – спадарыня Ганна.



ШЛЯХ КЕРАМIСТА.
Шлях Ганны да керамікі пачаўся шмат гадоў таму, у 6 гадоў, калі яна пачала хадзіць у студыі выяўленчага мастацтва. Вучні не толькі малявалі, але і знаёміліся з керамікай, яе магчымасцямі і сваімі фантазіямі.
І Ганна вельмі ганарыцца тым, што яе шматлікія шасцігадовыя вучні зараз сапраўды гэтак жа знаёмяцца з керамікай, прыходзячы на заняткі.

Так, яна шмат гадоў займалася ў студыі выяўленчага мастацтва ў розных педагогаў, у нейкі перыяд было крыху больш жывапісу і графікі, але кераміка ўсё вабіла, як і ўсё творчае.

Наступным крокам пасля ліцэя стала вышэйшая адукацыя, дакладней, мастацка-графічны факультэт у Педагагічным універсітэце імя Пушкіна ў Берасці. Па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і народныя мастацкія промыслы”. На жаль, такой спецыяльнасці ва ўніверсітэце больш няма. Там вывучалі практычна ўсё, што ёсць у свеце мастацтва. Гэта і акадэмічны жывапіс і малюнак, скульптура, кампазіцыя і колеразнаўства, шмат якія народныя рамёствы, і, вядома, кераміка. Уласна там яна ўмацавала сваю любоў да керамікі, пісала дыпломную працу і ляпіла скульптуры.

Так што Ганна не проста кіраўніца студыі, а кераміст з вышэйшай адукацыяй, з разуменнем усіх тэхналагічных працэсаў і гістарычнага станаўлення і развіцця керамікі.
Вопыт выкладання керамікі на сёння ў Ганны – больш за 10 год: менавіта столькі яна шчыльна варыцца ў керамічнай справе. Многія веды і навыкі безумоўна атрыманы самаадукацыяй і павышэннем узроўню, напрацоўкай вопыту. Яна і надалей працягвае працу ў гэтым рамястве, удасканальвае навыкі і шукае новае, новыя формы і спалучэнні. Вывучае тэхналагічна новыя прыёмы і ў цэлым развіццё керамікі ў свеце.

“Мне вельмі пашанцавала – я той рэдкі выпадак, калі працую па спецыяльнасці, і дыплом не падпірае тумбачку. Атрымаўшы сваю адукацыю і дыплом мастака, я працую і як кераміст, і як педагог, і распісваю сцены, раблю дэкарацыі і афармленні, магу рабіць арт на камп’ютары, магу аформіць і арганізаваць выставу. Усе веды і ўменні спатрэбіліся сапраўды.”



“Кераміку я выбрала, таму што падабаецца яе жвавасць, чароўная непрадказальнасць фіналу, завершанай працы, якая з’явілася з шэрага кавалка гліны. Падабаецца, як з’яўляюцца формы, спалучаюцца колеры і фактуры ў працах. Падабаецца сам працэс лепкі, часам ён па выразным, распрацаваным эскізе, а часам гэта “жывы працэс” з’яўлення новай формы”.



Запамінайце назву гэтай студыі – студыя керамікі “Тутачкі”.
Гэтая майстэрня адрозніваецца ад іншых утульнай абстаноўкай для працы, тут хочацца ствараць і атрымліваць асалоду ад працэсу лепкі павольна, нікуды не спяшаючыся. Тут няма абмежаванняў па часе і магчымасцях.

Яшчэ тут няма навязвання ідэй ці рашэнняў, а наадварот – Ганна імкнецца дапамагчы ў рэалізацыі або чыста тэхналагічна падказаць, як зрабіць правільней. Дакладна адрознівае падыход у працы. Мэта – натхніць людзей прыдумаць свой аўтарскі выраб, не капіруючы карцінку з сеціва. Вось да гэтага вельмі хочацца заклікаць усіх удзельнікаў майстар-класаў.

Удзельнікі заняткаў заўсёды працуюць над распрацоўкай эскізаў сваіх будучых вырабаў. Часам гэта крутыя працы, якія былі прыдуманы на чыстым белым аркушы. І гэта – амаль самае каштоўнае для вядоўцы як для майстра і педагога, калі людзі давяраюць і не баяцца паспрабаваць новае, адступаюць ад прыкладаў і трэндавых рэчаў і робяць цалкам свой непаўторны і адзіны выраб.

Шматлікія студыі на майстар-класах прапануюць зляпіць працы па малюначках на выбар ці гатовых прыкладах, шаблонах. Гэта менавіта тое, што Ганна не жадае мець у сваёй студыі. “Многія, хто прыходзяць на майстар-класы напрыканцы кажуць: «мы ўвогуле думалі вы нам проста пакажаце прыклад і мы будзем паўтараць, а ў нас атрымалася ўсё нашмат лепш!» Хочацца, каб людзі тварылі, прыдумлялі, імкнуліся ствараць сваё!”

Якая яна, спадарыня Ганна, керамістка, выкладчыца і майстра?
Добрая і спагадлівая, творчая і адначасова адказная. Любіць стасункі з людзьмі і новыя знаёмствы, актыўны лад жыцця і творчыя эксперыменты. Любіць Берасце і сваіх вучняў, дарослых і самых маленькіх. Іншыя людзі адзначаюць яе адкрытасць і лёгкасць у зносінах, крэатыўныя падыходы і стыль заняткаў. А калегі па творчым цэху адзначаюць бясспрэчны прафесіяналізм у сваёй справе. А яшчэ Ганна шчыра зараджае сваёй энергіяй! І гэта яшчэ адзін безумоўны бонус заняткаў у студыі «Тутачкі».

Вынікі мінулага года і планы на гэты.
Мінулы год быў багаты на яскравыя моманты, творчыя праекты і нават перамогі ў іх. Зрабілі некалькі выстаў керамікі ў горадзе, самая вялікая, “Керамічныя гісторыі” была адчынена ў краязнаўчым музеі.
Ганна заняла 2 месца ў Беларусі па адукацыйнай праграме па кераміцы.



“А ўвогуле ў мяне быў класны год, ва ўсіх аспектах. Шмат працавала творча, было шмат крутых праектаў на роспіс сцен і кераміку. Добра адпачывала, натхнялася выставамі і людзьмі, шмат прыроды і падзей. Пра студыю даведалася яшчэ больш людзей і яна расчыніла дзверы ўжо для ўсіх, з’явілася жаданне і сілы знаёміць людзей з керамікай і даваць магчымасць спрабаваць гэты цудоўны сусвет, праводзіць майстар-класы і аб’ядноўваць розных людзей у нашым горадзе.

Эмацыйныя
ўзрушэнні жыццёвыя выбіваюць з каляіны, але даюць матывацыю і штуршок не прапускаць час, не сядзець на месцы і не кідаць пачатае, развівацца і радавацца жыццю і таму, што маеш”.

“Планаў на гэты год шмат – і развівацца надалей як кераміст, і абнавіць лінейку керамічных упрыгожанняў і посуду. Завяршыць і пачаць свае новыя скульптуры да выставы. Прымаць удзел у маркетах. Яшчэ наперадзе чакаюць дзве вялікія выставы студыі «Тутачкі», так што сачыце за анонсамі і абавязкова прыходзьце! А галоўная задача адна – знаёміць яшчэ больш людзей у горадзе з цудоўным светам керамікі, магчымасцямі майстар-класаў па кераміцы. Каб паляпшаць свет навокал і запальваць святло ўнутры.”

Чым можна дапамагчы?
Ёсць неабходнасць у вялікай колькасці стэлажоў, таму можна звяртацца са сваімі прапановамі тым, хто займаецца мэбляй ці працуе з дрэвам. Або даць другое жыццё карысным старым рэчам – заўсёды за!
Яшчэ Ганна з радасцю прыме пупырку-ўпакоўку! Гэта самы хадавы матэрыял і такія рэчы сапраўды павінны не купляцца, а быць у бясконцым абарачэнні. Хто гатовы не выкідваць, а пускаць у новае плаванне – вас чакаюць па гарбату!

Ганна пра сваю студыю і сябе:
“Ганаруся сабой, што не кідаю пачатае і развіваюся ў творчасці. Цешуся таму, як у жыцці ўсё ідзе лёгка і з задавальненнем. Ганаруся ўсёй сваёй сям’ёй і бацькамі, дзякуй ім вялікі за насычанае і файнае дзяцінства і выхаванне. І безумоўна ганаруся працай студыі і ўсіх вучняў. Тымі, хто са мной даўно і тымі, хто давярае і прыходзіць на майстар-класы спрабаваць новае і станавіцца часткай нашай керамічнай сямейкі.
Дзякую ўсім за гэта! І буду радая новым людзям у гасцях. Будзем ляпіць, ствараць і атрымліваць асалоду ад любаты жыцця!”

Кераміка яна як вясна! З шэрага кавалка гліны расцвітае прыгожы выраб! Варта толькі дадаць цяпло рук, дробку керамічнай магіі і абпал у печы.

Мара ў Ганны даволі простая – жыць шчасліва і рабіць сваю справу з асалодай.
Усё астатняе – ужо пастаўленыя мэты, якіх лягчэй дабівацца, калі ўпэўнена настроены і шчаслівы сам.

А мы шчыра раім здзейсніцца і ўсім планам, і ўсім марам. А вас запрашаем на старонку студыі «Тутачкі» і на майстар-класы па кераміцы, каб пазнаёміцца з глінай, а яшчэ больш – з самім сабой!


Маленькі бліц пытанняў і адказаў:

1. Кава ці гарбата?
Гарбатка!
2. Кот ці сабака?
Кот.
3. Экстраверт ці інтраверт?
Экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
Актыўны ў гарах.
6. Сава ці жаўрук?
Недзе ў сярэдзіне)
7. Кніга ці кіно?
Кіно
8. Любімае месца ў Берасці?
Некалькі дворыкаў і любімых сакрэтных месцаў у цэнтры, каля Брэсцкай крэпасці.
9. Жыццёвае крэда?
Кожны сам стварае свой лёс.