Будзь актыўным

Экалагічная касметыка ад берасцейскай феі

Вольга (ці Ірмера) – вельмі захапляльная жанчына. Марыць і будуе хату, сваё месца сілы ў Берасцкейскім раёне, саджае лес і аптэкарскі гарод, арганізоўвае аптэкарскія вандроўкі па Берасцю і ўвесь час дзеліцца не толькі пяшчотай і дабрынёй, яле і мудрымі парадамі

Мы паразмаўлялі з Ірмерай, касметалагічнай феяй, якая вырабляе касметычныя сродкі з раслін і для жанчын і для мужчын. Чытайце і задавайце свае пытанні, калі мы не раскрылі ўсе тэмы)


Вітаем, Вольга! Вы пішаце фантастычна ўтульныя гісторыі, ведзяце вельмі цёплы і мудры блог, рыхтуеце экалагічную касметыку з траў і размаўляеце з дрэвамі. Так было заўсёды ці быў нейкі пераломны момант у жыцці?

Калі задумацца, то заўсёды. З дзяцінства захаплялася вершамі, казкамі. Усе вакацыі і выходныя я праводзіла ў бабулі ў вёсцы. Мая бабуля Ніна была цудоўнай апавядальніцай і складала казкі на хаду, а яшчэ ведала шмат вершаў і песень. Ведала ўсе расліны, якое ад чаго дапамагае і чым змазаць маю пабітую каленку. Я была яшчэ тая непаседа. Лазіла па платах, дрэвах і дахах. А яшчэ бабуля шмат расказвала пра русалак, дамавікоў і лясуноў, вучыла знаходзіць агульную мову з усімі істотамі і разумець мову прыроды. Таму я заўсёды адчувала сябе часткай гэтага свету. І ведала, што б ні здарылася, я ўсё роўна вярнуся да гэтых цудаў. Усё родам з дзяцінства. Першыя вершы я складала, яшчэ калі не ўмела пісаць. А зараз мае вершы і Казкі Лясной Шаптуньі гэта спосаб расказаць пра тое, што я адчуваю і як я бачу свет. Магчыма аднойчы з’явіцца паўнавартасная кніга, але ўжо зараз мы з цудоўнай мастачкай працуем над адным сумесным праектам. Спадзяюся, у нас усё складзецца і народзіцца тое, што натхніць людзей заўважаць гэтае дзіўнае жыццё.


• Калі назіраць за вамі ў інстаграм, здаецца, што вас напаўняе кожная хвіліна жыцця, што ўсё, чым вы займаецеся, робіць вас шчаслівай. Калі гэта так, то падзяліцеся сакрэтам гарманічнага жыцця.

Каб жыццё было выдатнае, яго проста трэба заўважаць. Трэба ставіцца да яго як да займальнага падарожжа. І самае галоўнае, трэба рабіць толькі тое, што робіць цябе шчаслівай. Працаваць там, дзе табе радасна. Мець зносіны з тым, хто робіць цябе лепш. Насіць тое, што робіць цябе цэласнай.

 

• Скажыце, якія ў вас галоўныя каштоўнасці і галоўныя жыццёвыя прынцыпы.

Я лянівы чалавек, мне лянота прыкідвацца. І ў людзях шаную перш за ўсё шчырасць. Мне падабаюцца “дзіўныя” людзі. І вельмі сумую, калі нехта кажа, што ён «чалавек просты». Для мяне гэта значыць, што чалавек яшчэ не адкрыў свой унутраны свет, не ведае хто ён. Чалавек не можа быць простым. Усе людзі ўнікальныя. Людзі гэта цэлыя міры.

 

• Якую ролю ў вашым жыцці адыгрываюць травы і расліны? Гэта сябры, памагатыя ці гэта чароўныя жывыя істоты?

Я люблю ўсе расліны. Калі мне дрэнна ці сумна – я еду ў вёску. Магу пайсці ў лес на цэлы дзень. У дзяцінстве я рабіла гэтак жа, але каб бабуля не хвалявалася, казала, што буду ў сяброў. У сябе ў вёсцы я люблю хадзіць басанож. У лес праўда ўсё ж апранаю хоць бы шлапакі. Так прасцей адчуць гэтую сувязь з прыродай. Але нават у горадзе гэтая сувязь адчувальная. Мае родныя жартуюць з мяне, што хутка нам не спатрэбіцца ліфт, бо дадому можна будзе падымацца на ліянах. Калі зазірнуць у любую маю сумачку ці кішэню курткі, то там абавязкова будзе якое-небудзь насенне ці часткі раслін. Прыгожая галінка, кавалачак кары, каштан, насенне мальвы, каменьчыкі гэта тое, што ў мяне заўсёды знойдзецца. Гэта ўсё як маленькія цыдулкі-пасланні ад духаў прыроды і мне падабаецца іх атрымліваць. А яшчэ мне вельмі часта дораць расліны. Усе ведаюць, што я не люблю зрэзаныя букеты, а вось расліны ў гаршках, насенне, тронкі і сертыфікаты ў садовыя крамы, гэта ідэальны падарунак для мяне. Муж нават жартуе, што са мной небяспечна праязджаць міма садовых цэнтраў, самотныя расліны адчуваюць маё набліжэнне і крычаць мне ўслед “Забяры мяне”. Ну, а я не магу не забраць, калі клічуць.

• Ці ёсць у вас любімыя расліны? Па пахах, па працы, па вонкавым выглядзе?

Складана абраць, бо ў кожнага ёсць сваё прызначэнне, свая карысць. Але нейкую асаблівую сувязь магу вылучыць паміж мной і чорнай бузіной. Гэта дзіўна карысная расліна. Выкарыстоўваю яго ад вяршкоў да карэньчыкаў. Гарбаты, варэнні, сіропы, узвары, супрацьпрастудныя сумесі. Ну і тая самая бузінавая палачка Гары Потэра гэта таксама Чорная Бузіна.


• Раскажыце, як вы прыйшлі да таго, каб пачаць рабіць касметычныя сродкі. Гэта для вас любімая справа ці ўжо абавязковыя працы?

Першыя касметычныя сродкі рабіла яшчэ ў дзяцінстве. Мазь на аснове крываўніка ад маіх вечна збітых каленак. Потым у маім жыцці з’явілася гістарычная рэканструкцыя сярэднявечча ці Рыцарскі клуб, і я стала вывучаць гістарычныя трактаты аб прыгажосці і здароўі. Варыла мыла са свінога тлушчу і шчолаку з бярозавага попелу проста на фестывалі. Мазі, крэмы, бальзамы. Вывучала сярэднявечныя працы Тратулы Салернскай. Гэтая дзіўная жанчына жыла ў 10 стагоддзі, і напісала аб жаночым здароўі і прыгажосці больш, чым усе дактары і навукоўцы ў наступныя 10 стагоддзяў. Я вельмі люблю вывучаць сярэднявечныя рэцэпты і асучасніваць іх, выкарыстоўваючы веды доказнай медыцыны і даследавання. Сачу за публікацыямі ў навуковых часопісах. Абавязкова вывучаю хімічныя склады раслін, балазе адукацыя дазваляе гэта зрабіць.
Тое, чым я цяпер займаюся, гэта не праца, гэта лад жыцця. Я не вылучаю нейкую адну галіну. Рыцарства, трава, касметыка, лес, вершы і казкі, гэта ўсё адно. Адно цэлае. Таму я не магу сказаць, што я – мылавар ці я – паэт. Я ўсё тое, што мяне напаўняе і робіць шчаслівай.


• Як вы прыдумляеце новыя касметычныя сродкі? Наколькі гэта складана?

Усе свае сродкі я раблю ў першую чаргу арыентуючыся на свае запатрабаванні. Калі ў мяне сохнуць вусны – я прыдумаю новы бальзам. Няхай гэта будзе сотні варыянтаў, я паспрабую іх усе. І толькі найлепшы стане маім прадуктам. Але калі я не карыстаюся бліскаўкамі і шымерам, то я ніколі не зраблю такі прадукт, як бы мяне не прасілі. Затое я магу сказаць, што кожны мой кавалачак мыла, кожны мой шампунь, кожны крэм гэта кавалачак мяне, я яго люблю ўсім сэрцам. Я ў ім упэўнена і сапраўды ведаю, што ён будзе працаваць так, як трэба. Бо я раблю яго для сябе, а не проста як прадукт на продаж.

 

• Раскажыце пра свае духі? Наколькі складана іх прыдумаць? Які працэс іх вытворчасці? Наколькі яны ўстойлівыя?

Мае цвёрдыя духі гэта мае настроі. Спачатку я прыслухваюся да травы, знаёмлюся з імі, заўважаю іх колер, водар. Гэта складана апісаць, словамі. Вось да прыкладу духі “Пад крылом Фіёрда”. Фіёрд гэта адзін з маіх драконаў супрацьлегласці. У мяне ёсць такі верш. Калі я стварала гэтыя духі я адчувала даўкасць смалы кедра, халодны водар піхты, свежасць стыраксу і быццам халодны свежы вецер з ноткамі грэйпфрута з водарам мокрых камянёў і мяккага вільготнага моху. Я настойваю, выварваю травы і смалы і калі яны расчыняюцца, тады змешваю іх і так з’яўляюцца батанічныя духі. Гэта не зусім звыклыя духі. Гэта такі водар для сябе, ён вельмі інтымны. Гэта не тыя духі, што пакідаюць пасля сябе шлейф. Гэта тыя духі, якія абуджаюць успаміны ў вас, дапаўняюць вас і пакідаюць след у памяці вашых самых блізкіх людзей.

 

• Вы зараз будуеце дом. Якія на яго планы – гэта будзе ваша месца сілы, дзе вы будзеце вырошчваць сад, аптэкарскі агарод і туды можна будзе прыязджаць?

Цяпер мы рэканструюем дом недалёка ад Брэста. Гэта, вядома, маё месца сілы. Спадзяюся ў будучыні там сустракаць гасцей, піць гарбату з толькі сабранай травы прама на вялізнай тэрасе, увітай вістэрыяй. Хачу ставіць намёты на нашай паляне, акружанай лавандавымі зараснікамі, для прыезджых гасцей. Скакаць увечар каля вогнішча пад хвоямі. Спяваць казачныя песні пад укулеле. Стаяць на цвіках пасярод паляны з чаборам і глядзець як узыходзіць сонца. І расказаць па сакрэце, што багамолы насамрэч гэта феі. Што на галінах бярозы сядзяць русалкі, а пад старым дубам у кучы леташняй лістоты жыве мохадрам… Паказаць, што людзі і расліны, гэта не рознае. Мы ўсе часткі аднаго свету.

• Вы будуеце дом, робіце касметычныя вырабы з раслін, вырошчваеце расліны, шыеце, граеце на гавайскай гітары, вырошчваеце рэліктавыя расліны і высаджваеце іх у лясах, пішаце вершы і апавяданні, ведзяце блог. Раскажыце мне, як вы ўсё паспяваеце?

Мне цікава жыць гэтае жыццё. У свеце столькі ўсяго. Збоку здаецца, што я столькі ўсяго раблю і столькі паспяваю. Але ж калі ты займаешся тым, што любіш, тады час не мае значэння. Важна тое, што ты адчуваеш пры гэтым. У мяне няма нейкага раскладу, не люблю спісы, графікі. Мне больш камфортна працаваць па адчуваннях. Я магу лёгка займацца некалькімі справамі адначасна, калі мне гэта камфортна. Варыць бацвінне, граць на ўкулеле і адначасова прадумваць градку з лекавымі раслінамі, гэта пра мяне. Галоўнае не збіваць мяне з майго рытму.
Кажуць ёсць совы і ёсць жаўрукі, дык вось я – курачка. Я вельмі залежу ад светлавога дня. Улетку ўстаць досвіткам у 4 раніцы для мяне не праблема, а вось узімку ў кароткі снежаньскі дзень, я пачынаю звычайна функцыянаваць толькі да 9 раніцы, калі ўстане сонца. Гэтак жа і па вечарах. Мае сябры ўжо прывыклі, што я магу заснуць нават на шумнай вечарынцы седзячы ў крэсле з надыходам цемры.

 

• Вашая сям’я, муж, дзеці, якія яны. Ці падтрымліваюць вас?

Цалкам падтрымліваюць. Муж таксама з рыцарскага руху, менавіта так мы і пазнаёміліся. Дзеці таксама заўсёды ездзілі з намі на рыцарскія фестывалі па розных краінах. Як я жартую, што мая старэйшая дачка пачала ездзіць па фестывалях за 4 дні да з’яўлення на свет. На 9 месяцы цяжарнасці я была на Навагрудскім фестывалі, а праз 4 дні паехала нараджаць у Мінск.
Цяпер мае дочкі дапамагаюць мне пакаваць касметыку, клеяць этыкеткі на мыла, дапамагаюць на кірмашах, стаяць за прылаўкам. Муж таксама ўжо можа пракансультаваць па касметыцы, можа парэкамендаваць які гатунак мыла падыдзе пад пэўныя задачы. А яшчэ ў гонар яго я стварыла мужчынскую лінейку па доглядзе за барадой. Ён у мяне рыцар-барадач, таму алей, бальзам і воск для барады ў яго зробленыя маімі рукамі.
У нас у сям’і ўсе вельмі творчыя. Муж свае рыцарскія даспехі рабіў сам. Яшчэ ён любіць сталярнічаць, зараз робіць мэблю ў нашу хату. А яшчэ ён варыць унікальнае хатняе піва і робіць самыя смачныя яблычныя сідры з нашых хатніх яблыкаў. Дочкі малююць, займаюцца ганчарствам, робяць касплеі. Кім яны будуць яшчэ рана казаць. Галоўнае, каб былі добрымі людзьмі і сапраўды ведалі, што робіць іх шчаслівымі.

 

• Вы – вельмі гарманічныя. Дайце будзь ласка параду тым, хто сябе шукае і не можа зразумець, чым яму заняцца.

Калі вы шукаеце сябе, то проста ўспомніце, што вы любілі ў дзяцінстве, да таго, як пасталелі. Успомніце ад чаго ў вас беглі мурашкі па скуры. Што прымушала свет вакол спыніцца? Можа вам падабалася назіраць, як вялікі экскаватар капае траншэю. Ці вы любілі настукваць мелодыю на мамчыных рондалях, уяўляючы сябе вялікім барабаншчыкам. Або пах драўнянай стружкі прыводзіў вас у захапленне. Спрабуйце. Не важна колькі вам гадоў, 15 ці 65. Галоўнае злавіць тыя самыя “мурашкі”, якія дадуць зразумець, што ўсё не дарма і гэта таго каштавала. Бо калі вы зоймецеся улюбёнай справай, то ў свеце прынамсі на аднаго шчаслівага чалавека стане больш. “Мурашкі” не падманеш.