Музыка

Тувінская і мангольская музыка ад вулічнага музыкі Аляксея

Аляксей абраў для сябе вельмі незвычайныя інструменты і стыль спеваў. Ён лічыць, што важна прасоўваць у масы сапраўдную музыку і дарыць людзям новыя ўражанні.

Аляксей усё жыццё займаецца музыкай. Звязана гэта з тым, што яго бабуля – выкладчыца сальфеджыа. З самага ранняга ўзросту яна прывіла яму цікавасць да фартэпіяна, і на гэты інструмент Аляксей вучыўся ў музычнай школе. Апроч гэтага, Аляксей умее граць на ўсіх відах гітар. Але самае цікавае – гэта захапленне тувінскай і мангольскай народнай музыкай. Адсюль і нестандартныя народныя інструменты: дашпулуур, марынхуур, шоор, хомус. Гэтыя інструменты Аляксей рабіў сам і з дапамогай свайго дзядулі, бо дастаць іх даволі праблематычна. Сам ён на іх вучыўся і граць, што таксама даволі складана, бо людзей, якія імі валодаюць, а тым больш навучаюць, вельмі мала.

«Гэтая музыка захапіла мяне сваёй нестандартнасцю. І я не ведаю аніводнага чалавека асабіста, які займаўся б тым жа самым. Гэта, несумненна, дае мне бонусы на розных канцэртах і выступленнях. Гэта ўвесь час дорыць усмешкі людзям на вуліцы і выклікае здзіўленне, бо не кожны дзень шчасціць пачуць такую нестандартную для нашых краёў этнічную музыку».

Упершыню Аляксей выйшаў граць на вуліцу са сваімі сябрамі 3 гады таму назад. І яны проста пачалі спяваць знаёмыя шмат каму песні.

«Нам было тады па 14-15 год і мы не моцна валодалі нейкімі музычнымі навыкамі. Для нас гэта былі проста незабыўныя эмоцыі. Калі ў нейкі момант да нас адна за адной падыходзяць кампаніі і людзі пачынаюць з намі спяваць. Уявіце нашы ўражанні ў той момант, калі чалавек 30 стаіць і проста з намі спяваюць, фатаграфуюцца, бяруць сацсеткі. Гэта дало мне незабыўныя ўражанні і стымулявала мяне выходзіць на вуліцу».

Слухае Аляксей музыку розных жанраў: класічны лёгкі рок, фанк, шугейз. Таксама ён любіць цяжкую музыку. З расейскага року фаварыт музыкі – Канстанцін Ступін. У Аляксея і яго гурта на песні Ступіна запісана шмат кавераў, і яны часта граюць яго песні.

Зразумела, музыка не можа без тувінскай і мангольскай народнай музыкі. Ён слухае анасамбль Alash, калектыў Huun-Huur-Tu, выканаўцу ODUCHU і гурты Khusugtun, Khoomei Beat, The HU.

Яшчэ з часоў музычнай школы Аляксей ведаў пра мангольскія гарлавыя спевы, але зацікавіўся імі пасля таго, як яго сябар, які не займаецца музыкай, выпадкова змог выдаць гук гарлавых спеваў, якому многія людзі вучацца гадамі. І тады музыка вырашыў, што навучыцца спяваць гэтак жа. І пакуль Аляксей вывучаў гэты адзін гук, ён вельмі шмат даведаўся пра культуру, іншыя стылі гарлавых спеваў, народныя інструменты. Інфармацыі аб гэтым было зусім мала. Інструменты ён рабіў па знешнім выглядзе, а граць вучыўся на слых.

«У наш час любы чалавек, які захацеў навучыцца граць на гітары, можа адкрыць гайд на YouTube. З гэтымі інструментамі так не выйдзе. У гэтым якраз-такі ўвесь мой музычны досвед і спатрэбіўся. Я ўжо даўно граю і выступаю на канцэртах з гэтымі інструментамі, але кожны раз я знаходжу нешта новае, праслухоўваючы кампазіцыю».

Грае на гэтых інструментах Аляксей адначасова для сябе і для іншых. Гэтая музыка нехарактэрная для нашых шырот і мала хто яе чуў ужывую, таму людзі па-рознаму на яе рэагуюць. Але Аляксей атрымлівае задавальненне, калі дорыць людзям новыя эмоцыі і ўражанні, якімі бы яны не былі. Часам, калі Аляксей выходзіць граць, ён нават не кладзе чахол для грошай.

«Я лічу нейкай сваёй задачай паказваць людзям, што такое сапраўдная музыка. Таму што, на жаль, сучасная сцэна вельмі далёка адышла ад гэтага разумення».

Вельмі шмат Аляксей грае і для сябе. Для гэтага ён часцей выбірае гітару. Усе эмоцыі ён пакідае ў напісаных ім песнях. На вуліцы ён таксама іх часта выконвае.

Аляксей не зможа адмовіцца ад музыкі. Яго ўседлівасць і ўпартасць дапамаглі яму дасягнуць вялікіх вынікаў. А Вы можаце паслухаць гэтую ўнікальную музыку, якую дорыць нам Аляксей, на галоўнай вуліцы Берасця, а таксама на яго інстаграм-старонцы!

Кім, калі б не музыкам, ты б стаў?

– Я вучуся ў медыцынскім універсітэце Гародні. Хоць я і займаюся музыкай усё свае жыццё, яна ўсё яшчэ застаецца маім хобі. Мой асноўны занятак – гэта вучоба ў медыцынскім.