Будзь актыўным

Ліда Дударава: кераміка і гадаванцы

Ліду Дудараву з дзяцінства вабіла гліна – яе пластычнасць пад пальцамі, магчымасць ператварацца ў розныя формы, а пасля печы станавіцца моцнай. Але ў школе мастацтваў у Баранавічах, дзе дзяўчына атрымлівала першую мастацкую адукацыю, керамікі не было. Адчуць усю прыгажосць Ліда змагла толькі ва ўніверсітэце, дзе яе выкладчыкам стаў Валеры Іванавіч Марчук. Тады яна і зразумела, што хоча прысвяціць кераміцы сваё жыццё.

Пасля заканчэння берасцейскага “худграфа” Ліда працаўладкавалася ў дзіцячы цэнтр на праспекце Машэрава. Зараз смяецца: планавала рабіць шэдэўры з падлеткамі, а ўсё пайшло не па праграме. Набіраліся групы розныя па ўзросце, з малымі 5-6 гадоў – не да шэдэўраў. Але выкладанне любімай дысцыпліны Лідзе падабалася, і дзеці гэта адчувалі: нават калі выкладчыца на тры гады пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці, многія яе дачакаліся і зноў пайшлі на заняткі да любімага выкладчыка.

 

Новы накірунак у кераміцы – анімалістыка – намеціўся дзякуючы Уме, знакамітай берасцейскім сабакаводам Лідзінай гадаванцы. На тыя гады гэта была ўнікальная для нашай краіны парода вугорскай выжлы, па дакументах Ума стала першай афіцыйна зарэгістраванай выжлай на тэрыторыі Беларусі. Сабаку Ліда выбірала разам з Яўгенам – свамі будучым мужам.

– Да выбару сабакі мы з мужам падышлі вельмі па-дылетанскі, – прызнаецца Ліда. – Мы хацелі мець жывёлу, прыглядаліся да розных відаў. Нарэшце вырашылі ўзяць ірландскага сэттэра. Але Жэня прапанаваў паглядзець нешта падобнае, але без воўны. І мы пачалі гугліць, так і знайшлі тую пароду, якая нам спадабалася. Рабіць так не трэба – кожная парода мае сваю спецыфіку, яна павінна падыходіць па тэмпераменце да сям’і, нам проста пашанцавала, што Ума адразу стала “нашай”.

Выжла сапраўды прыцгвае позірк. Высокая, на прамых нагах. Уму прывезлі з Польшчы, і яна адразу стала знакамітасцю ў горадзе. Ёй усміхаліся, з ёй здароваліся незнаёмцы. Ума ездзіла ў Прыбалтыку і Львоў да кавалераў і двойчы станавілася мамай. Але для Дударавых сабака – не пра камерцыю. Так, гэта даволі дарагая парода, але ж і выдаткаў патрабуе шмат: на асабісты корм, паездкі, выхаванне. Калі ў Ліды ўжо была двухгадовая дачка Ева, Ума нарадзіла другі раз, і дзяўчынка расла побач з дзецьмі Умы…

Са з’яўленнем свайго сабакі Ліда зразумела: можна рабіць партрэты з гліны!

– У той час у мяне не было сваёй студыі, я працавала дома. І гэта было няпроста. Уявіце: у цябе сям’я, малое дзіця, сабака, што патрабуе актыўнасці, а тваё працоўнае месца – кухня. Падрыхтоўка да работы з глінай займала вельмі шмат часу. Мне заўсёды патрабавалася і потым усё прыбраць. Гэта забірала шмат часу, таму адну статуэтку я магла рабіць тыдзень і больш. Сёння ўжо лягчэй – у мяне ёсць сваё творчае месца і печ, сёння такая каштуе даволі многа, а мне яна дасталася за невялікія грошы.


Статуэткі-партрэты хутка знайшлі сваіх прыхільнікаў сярод аматараў сабак. Сёння яны стаяць у дамах Вялікабрытаніі, Амерыкі, Венгрыі і многіх другіх краін. Перад тым, як брацца за работу, Ліда просіць фотаздымкі, апісанне характару, звычкі. На першы погляд, гэта дзіўна, можна ж проста перадаць якасці пароды. Але праз такія дэталі партрэт атрымоўваецца больш індывідуальным. Даволі часта керамічная міні-копія заказваецца як памяць пра жывёлу, якая паляцела на вясёлку… Гэта вельмі цяжка прыняць, таму перад Лідай стаіць вельмі няпростая задача, такая памяць пра сябра выконвае яшчэ і тэрапеўтычную функцыю. Мастачка ведае, як гэта – страціць свайго сябра.

Аб гэтым моманце свайго жыцця керамістка распавядае са слязамі. Чатыры гады таму Умы не стала. У яе выявілася анкалогія, і знакамітасць горада пакінула наш свет. Так, яна пайшла, як рок-зорка, якой усміхаліся знаёмыя і зусім не знаёмыя, але Дударавым лягчэй ад гэтага не станавілася. Сімвалічна, што пасля таго, як Умы не стала, спілілі дрэва, куды яна літаральна залятала на вышню некалькі метраў.

– Калі ў цябе сабака, то вакол ўтвараецца цэлы пласт розных сувязей. Умы не стала, пасля такой мы не планавалі заводзіць новага сябра. Але ж праз некалькі дзён я зразумела, што з яе адыходам губляецца цэлы свет стасункаў. Я патэлефанавала знаёмаму заводчыку ў Літву. І ён спытаў: возьмеш Кобі? Гэты малы быў мне добра знаёмы – жыў у мяне на ператрымцы з двух з паловай месяцаў, калі ехаў з Навасібірску ў Літву. Я не хацела браць хлопца, але потым падумала: я ведаю яго, ён мяне, – вырашылася. І вярнула сабе жыццё. Таму Кобі – гэта мой лёс. 

Кобі па характару зусім не падобны да Умы. Калі першая была даволі самаўпэўненая, магла не выпаўняць нейкія каманды толькі таму, што няма настрою, то Кобі вельмі паслухмяны. Гэта сабака аднаго чалавека, яму вельмі важная пахвала. Такі хлопчык-Ванечка, якому патрабуецца адабрэнне.

 

Кобі лёгка ўпісаўся ў фармат горада, хаця спачатку яго блыталі з Умай. Што да керамікі, сярод шматлікіх анімалістычных работ Ліды асобае месца займаюць выжлы. Недзе сярод іх жыве памяць пра Уму. Людзі і жывёлы жывыя, пакуль мы пра іх успамінаем…

І невялічкі бліц:

1. Ранак ці вечар?
Ранак.
2. Восень ці вясна?
Вясна.
3. Агонь ці вада?
Агонь.
4. Спланаваны падарунак ці сюрпрыз (для Вас)?
Сюрпрыз.
5. Мора Балтыйскае ці Чорнае?
Чорнае.