Культура

Калі нарадзіўся Дзед Мароз?

Нам здаецца, што самае чароўнае і папулярнае свята – Новы год – існавала заўжды. Як і галоўны яго персанаж, любімы ўсімі дзеткамі Дзед Мароз. Але аказваецца, што наш Дзядуля зусім яшчэ малады.

У славянскай міфалогіі персанаж, падобны да Мароза, існаваў ужо даўно. У беларускіх землях яго часцей звалі Зюзя. Праўда, нашы продкі ўяўлялі яго зусім не так, як мы. Гэта быў маленькі дзядок з даўжэзнай белай барадой, якая ў выглядзе завеі праносіцца па паветры, а яго халодны подых скоўвае рэкі і азёры. У лесе ён замятае дарогу заблукалым падарожнікам і замарожвае іх да смерці. Зразумела, за яго злы нораў людзі не моцна любілі гэтага нячысціка.

Снягурка - нязменная спадарожніца Дзеда Мароза

Снягурка - нязменная спадарожніца Дзеда Мароза

З прыходам хрысціянскай рэлігіі ўсе дэманы перайшлі ў вобласць забабонаў простага народа, у свядомасці якога мірна ўжываліся хрысціянскія і паганскія вобразы. Каб паступова выцесніць апошнія, трэба было непрыкметна падмяняць іх першымі.

Так, падчас знакавага для паганскай культуры перыяду – зімовага сонцастаяння – хрысціяне сталі святкаваць Каляды. Першапачаткова елка адлюстроўвала паняцце пра Сусветнае Дрэва, якое ўвасабляе міфалагічную мадэль свету старажытных індаеўрапейцаў.

Акрамя таго, вечназялёныя елка і піхта выступалі ў ролі знакаў вечнага жыцця. З прыходам хрысціянства елку сталі ўпрыгожваць Віфліемскай зоркай, свечкамі і анёлачкамі. А функцыі зімовага баства ў Еўропе пачаў выконваць Святы Мікалай (Санта-Клаўс). Праваслаўная традыцыя такога персанажа не прыдумала.

Новая трансфармацыя прыйшла разам з новай савецкай рэчаіснасцю. Спачатку Каляды з усімі іх атрыбутамі зусім адмянілі, як і іншыя рэлігійныя святы. Аднак дзеткі, якія калісьці з зайздрасцю глядзелі ў вокны панскай хаты на зіхаценне елкі, выраслі і атрымалі ўладу. Зараз яны захацелі і сабе такое ж свята.

Снягурка - нязменная спадарожніца Дзеда Мароза

Снягурка - нязменная спадарожніца Дзеда Мароза

У снежні 1939г. было вырашана падараваць савецкім дзецям елку не горш, чым у дваран-эксплуататараў, і прымеркаваць яе да навагодніх урачыстасцяў, якія праводзіліся прыкладна ў той жа час, што і былыя Каляды. Віфліемская зорка на елцы добра ўпісалася ў тагачасную сімволіку.

А вось Ісуса Хрыста як галоўнага вінаватага імпрэзы трэба было выцесніць якім-небудзь канкурэнтаздольным персанажам. Для гэтага звярнуліся да героя рускіх казак Мароза і дапоўнілі яго рысамі еўрапейскага Санты. Аднак новы герой значна адрозніваўся ад заходняга калегі.

Святы Мікалай, каб не парушаць інтымнасць сямейнага свята, непрыкметна пранікае ў хату праз комін і ненадакучліва кладзе падарункі пад елку. Не ў прыклад яму савецкі Дзед Мароз павінен стаць масавіком-забаўніком, які ўручае прызы самым актыўным удзельнікам святочнай праграмы.

Праўда, вынайдзены тады персанаж карыстаецца любоўю дзяцей дагэтуль.

Альбіна Трус

Пакінуць адказ