Культура

Конкурс “Лагатып музея М.Багдановіча”.

Сёлета святкуецца 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, знакавага для Беларусі паэта, празаіка, крытыка і публіцыста. А 1 красавіка 2011 года адзначыць сваё 30-годдзе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, адзін з найпрыгажэйшых музеяў беларускай сталіцы.

Літаратурным музеем Максіма Багдановіча на гэты год запланавана безліч разнастайных мерапрыемстваў па ўшанаванні вялікага беларускага паэта: новыя выстаўкі, імпрэзы, публікацыі ў газетах і часопісах. Сярод іх і конкурс – “Лагатып Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”. Так сталася, што на сёння музей не мае свайго лагатыпу – адметнага і непаўторнага, арыгінальнага і стыльнага.

– А так хочацца быць пазнавальнымі, каб і ў нас быў свой сімвал, па якім было б лёгка пазнаць музей у газеце і часопісе, на тэлебачанні, на вуліцах Мінска, – мараць супрацоўнікі музея. – Таму шчыра запрашаем да ўдзелу ў конкурсе “Лагатып Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”. Стварыце зрокава прывабнае імя музею Максіма і пакіньце сваё імя ў гісторыі Беларусі!

На Конкурс прымаюцца работы ў неабмежаванай колькасці, выкананыя ў любой тэхніцы малюнка, а таксама ў выглядзе графічных файлаў на электронных носьбітах, тэрмін – да 30 жніўня 2011 года.

Лаўрэаты Конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і прызамі. Па завяршэнні конкурсу ў верасні 2011 года абяцаем урачыстае віншаванне ўдзельнікаў і выстаўку найлепшых работ.

Работы дасылайце на адрас Літаратурнага музея Максіма Багдановіча: 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а ці ў электронным выглядзе на паштовыя скрынкі [email protected], [email protected]. Пры афармленні абавязкова пазначайце сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, паштовы адрас, e-mail (пры наяўнасці), тэлефон.

Інфармацыя з сайта www.tut.by

museum

museum

Пакінуць адказ